https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Маніпуляцыі грамадскай свядомасцю праз людзей накшталт Грэты Тунберг у Беларусі не пройдуць


Такое меркаванне ў час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Экалогія: мода або патрэбнасць?" у прэс-цэнтры БЕЛТА заявіла аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Кацярына Рэчыц.

У Беларусі фармуецца новае пакаленне, якое хоча мець дачыненне да прыняцця экалагічных рашэнняў. Аналітык нагадала, што 13 снежня на сустрэчы Прэзідэнта са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх універсітэтаў пытанне аб актуальнасці гарантавання экалагічнай бяспекі было ў ліку першых. Гэта сведчыць аб тым, што маладыя людзі абапіраюцца на зялёны парадак дня. 

"Для моладзі важна ўдзельнічаць у стварэнні гэтай гісторыі. Ім трэба бачыць, што яна сумленная. Маніпуляцыі з Грэтай Тунберг і іншымі такімі асобамі ў Беларусі не пройдуць. Беларусы вельмі глыбокія, свядомыя. Фальш яны бачаць адразу", - сказала Кацярына Рэчыц.

"Свет практычна страчвае розум ад пратэснай актыўнасці. 16-гадовая дзяўчынка ўзнімае да 500 тыс. чалавек на экамарш ("Марш за клімат" адбыўся ў Мадрыдзе 6 снежня.). Экалогія становіцца прадуктам сучаснай масавай культуры. І Беларусь не можа ігнараваць сусветныя трэнды, але яны не будуць развівацца так, як ва ўсім свеце", - дадала яна.

Экалогію аналітык назвала самай зручнай сферай для палітызацыі.

"Практычна любое экалагічнае пытанне на тым ці іншым этапе палітызуецца. Усё залежыць ад таго, наколькі хутка зацікаўленыя палітычныя, грамадскія сілы зразумеюць для сябе выгады, якія яны могуць атрымаць, падхапіўшы экалагічны парадак дня", - растлумачыла эксперт.

Яе пункт гледжання падтрымала кандыдат палітычных навук, дацэнт кафедры паліталогіі БДЭУ Вольга Пасталоўская. Паводле яе слоў, Грэта Тунберг аказалася інструментам інфармацыйна-псіхалагічных націскаў. 

"Экалагічная сфера цяпер з'яўляецца палітычным трэндам. І ў сувязі з гэтым экалогія - інфармацыйна-псіхалагічны ўплыў ў палітычных мэтах і для дасягнення пэўных вынікаў, якія маюць палітычныя наступствы. Вяртаючыся да Грэты Тунберг, трэба сказаць, што, з аднаго боку, гэта актывістка ў галіне экалогіі, але з другога - звычайнае дзіця, на жаль, можа, з дыягназамі. Магчыма, за ёй стаяць пэўныя лабісцкія структуры, якія выступаюць за рэалізацыю Парыжскага пагаднення 2015 года. Таму ў гэтай сітуацыі з палітычнага пункту гледжання дзяўчынка аказалася інструментам такога інфармацыйна-псіхалагічнага націска, якім сёння стала экалагічная сфера", - лічыць Вольга Пасталоўская.

Паводле ж слоў доктара філасофіі і выканаўчага дырэктара асацыяцыі "Аднаўляльная энергетыка" Уладзіміра Нісцюка, тое, што адбылося з Грэтай, - гэта чорны піяр. 

"Пэўныя сілы, эканамічныя, палітычныя, зацікаўлены сёння ў тым, каб з'явілася такое дзіця. Гэта не "зямная цывілізацыя" яе дэлегавала, гэта пэўныя людзі, якія аплачваюць ёй катанне на лодцы па Атлантычным акіяне, якія адстаялі ёй альтэрнатыўную Нобелеўскую прэмію. Гэта зусім не "зямная цывілізацыя", гэта зусім не экалагічныя рухі. Гэта проста зацікаўленыя палітычныя, эканамічныя сілы, якія запусцілі гэту тэму праз дзіця", - заўважыў ён.

"У нас ёсць краіны, якія лічацца першапраходцамі, з'яўляюцца лідарамі ў барацьбе за экалогію, - скандынаўскія краіны. І вядома, ім сёння цікава стаць не проста лідарамі ў вырашэнні гэтых праблем, але і лідарамі ў дзяльбе таго пірага, які можа дастацца пасля рэалізацыі Парыжскага пагаднення. Ідзе размова аб тым, што мільярды долараў давядзецца ўкладваць, каб рэалізаваць экалагічныя праекты. З аднаго боку, гэта правільна, з другога - дзяльба экалагічнага пірага будзе зусім несправядлівай, як гэта было з Кіёцкім пратаколам", - нагадаў эксперт.

Ён заклікаў да ўсяго ставіцца спакойна і ўсюды шукаць эканамічную і палітычную падаплёку. "Дзіця сёння выставілі, дзіця пракрычала. Але яе выступленне ў мяне не выклікала ніякіх пазітыўных эмоцый. Мы помнім Саманту Сміт (амерыканская школьніца, якая лістававалася з генеральным сакратаром ЦК КПСС Юрыем Андропавым.), мы помнім шмат такіх піяр-праектаў. Гэта праекты, якія рана ці позна гаснуць, але яны не даюць ніякага эфекту", - падзяліўся меркаваннем Уладзімір Нісцюк.

Доктар юрыдычных навук, прафесар, загадчыца кафедры экалагічнага і аграрнага права юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Тамара Макарава прызналася, што ёй хацелася б бачыць канкрэтныя дзеянні, а не папулізм. 

"Я для сябе вызначыла гэта як "феномен Грэты Тунберг" і назвала гэта экалагічным папулізмам. Справа ў тым, што любы рух, любая дзейнасць развіваюцца паступова. І вось калі гэта дзяўчынка, красамоўнічаючы літаральна ў ААН, крычала "вы пазбавілі мяне будучыні" і "вы пазбавілі мяне дзяцінства" - яна гэтым нівелявала ўсе намаганні, якія на міжнародным і нацыянальным узроўнях былі прыкладзены за ўвесь час. Так, трэба далучаць дзяцей, моладзь да справы аховы навакольнага асяроддзя. Але хочацца ў гэтым бачыць і нейкі пазітыў, нейкую канкрэтыку", - сказала эксперт.

Грэта Тунберг - гэта вобраз, які падтрымліваецца піяр-тэхналогіямі і ўжо становіцца прадуктам масавай культуры пасля дасягнення піка папулярнасці. Такое меркаванне ў час чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" - "Экалогія: мода або патрэбнасць?" у прэс-цэнтры БЕЛТА выказала аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Кацярына Рэчыц.

Аналітык адзначыла, што доўгі час актыўнасць Грэты Тунберг нават выклікала непрыманне ў вялікай часткі аўдыторыі. "Многія разумелі той факт, што гэта пэўны вобраз, які развіваецца з дапамогай піяр-тэхналогій. Ні для каго не сакрэт, што ў дзяўчынкі ёсць прадзюсар, нават, магчыма, прадзюсарская група, якая актыўна ўдзельнічае ў папулярызацыі вобраза Грэты. І вось што мы бачым?

Як толькі папулярнасць гэтага вобраза дарасла да нейкіх максімальна крытычных адзнак - адбылося яго ператрансфармаванне, мы бачым зусім іншую гісторыю. Дзяўчынка становіцца аб'ектам для навуковай міфалагізацыі, прадуктам масавай культуры, сустракаецца са значнымі палітычнымі, культурнымі дзеячамі і гэтак далей", - сказала Кацярына Рэчыц.

"Гэта значыць, як толькі быў дасягнуты максімальны ўзровень піяр-актыўнасці, адбылася ператрансфармацыя. Таму можна сказаць, што ў медыйным плане гэта ўжо дакладна піяр-праект, а не праўдзівая гісторыя", - заўважыла аналітык.

Кацярына Рэчыц дадала, што гэта піяр-гісторыя паўплывала на сапраўдную барацьбу з экалагічнымі праблемамі. Аднак і раней было шмат зроблена захадаў і асобнымі спецыялістамі, і дзяржавамі, і дзяржаўнымі аб'яднаннямі, каб захаваць навакольнае асяроддзе.

"Зразумела, калі б гэтай дзяўчынкі не было, калі б яна не з'явілася ў пэўны момант, то ўсё роўна барацьба са змяненнем клімату або іншымі экалагічнымі праблемамі так ці інакш ажыццяўлялася б. Як гэта было і да, і цяпер гэта робіцца, і будзе прадаўжацца. Але пэўны ўклад яна, вядома, ва ўсю гэту агульную справу ўнесла. Таму што па-новаму прымусіла паглядзець на гэтыя праблемы сусветную супольнасць", - сказала аналітык.

Амерыканскі часопіс Time назваў 16-гадовую шведскую экаактывістку Грэту Тунберг чалавекам года. У 2018 годзе яна пачала праводзіць штотыднёвыя акцыі пратэсту, яе прыклад перанялі многія маладыя людзі па ўсім свеце. Грэта стала арганізоўваць масавыя маніфестацыі моладзі ў Бруселі, Парыжы і іншых гарадах - 20 верасня гэтага года ў глабальнай кліматычнай забастоўцы ўдзельнічалі амаль 4 млн чалавек. 23 верасня Грэта Тунберг на кліматычным саміце ў ААН у Нью-Ёрку асудзіла сусветных лідараў за няздольнасць вырашыць праблему змянення клімату.

На праведзенай у пачатку снежня ў Мадрыдзе канферэнцыі ААН па праблемах змянення клімату (COP 25) Грэта Тунберг зноў раскрытыкавала сусветныя ўрады за іх бяздзейнасць і абыякавасць.

18 снежня 2019, Мінск
БЕЛТА


Кoличество переходов на страницу: 359