https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


"Мазгавы штурм" з Прэзідэнтам: як зрабіць беларускую сістэму адукацыі пазнаваемай у свеце


Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 9 жніўня заслухаў даклад аб ходзе прыёмнай кампаніі і падрыхтоўцы сістэмы адукацыі да новага 2016/2017 навучальнага года.

Аднак галоўнай мэтай нарады стала не проста вывучэнне падрабязных справаздач. Кіраўнікі зацікаўленых ведамстваў і члены ўрада разам з Прэзідэнтам правялі своеасаблівы "мазгавы штурм", каб вычленіць усе праблемы, якія ёсць у адукацыі: ад школы да паслядыпломнай падрыхтоўкі спецыялістаў.

Шляхі іх вырашэння, як адзначыў Прэзідэнт, будуць абмяркоўвацца ў самы бліжэйшы час на падагульняючай нарадзе па развіцці беларускай сістэмы адукацыі.

Настаўнік у школе - галоўны чалавек


Аляксандр Лукашэнка на нарадзе падкрэсліў: настаўнік у школе - галоўны чалавек, таму неабходна павышаць статус педагогаў. Аднак ён перш за ўсё залежыць ад самога настаўніка. "Давайце загружаць настаўніка такім чынам, каб сапраўды яго статус быў высокі. Каб у вёсцы і горадзе, асабліва ў вёсцы, настаўнік быў галоўнай дзеючай асобай", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

З іншага боку, адзначыў Прэзідэнт, і дзяржава павінна падставіць сваё плячо педагогам: "Гэта дрэнна, калі ўжо сёння настаўнік у добрых, сярэдніх гаспадарках мае палавіну зарплаты ад механізатара, даяркі. Гэта ненармальна. Таму гэта пытанне карэннае, цэнтральнае. Як бы мы ад яго ні адыходзілі, як бы мы сябе ні заспакойвалі, што настаўнікі не ставяць перад намі нейкіх матэрыяльных пытанняў, мы дакладна павінны разумець, што для кожнага чалавека гэта важны момант. А для настаўнікаў архіважны, паколькі іх сярэдняя заработная плата ніжэйшая, чым па краіне".

Аднак Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што далёкі ад папулізму "проста павысіць зарплату настаўнікам, і кропка". "Я не хачу так ставіць пытанне. Я хачу сказаць па-іншаму: сітуацыя з матэрыяльным забеспячэннем настаўніцтва далей нецярпіма, таму давайце настаўніка нагрузім настолькі, наколькі ён павінен быць загружаны, але будзем плаціць дастойную зарплату. Мы настаўніка не страцім: настаўнікі былі і заўсёды будуць. Але мы вымываем самыя моцныя кадры з сістэмы нашай адукацыі, перш за ўсё школы. Мы страчваем самых лепшых настаўнікаў", - дадаў Прэзідэнт.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў пасля даклада кіраўніку дзяржавы расказаў журналістам, што да эксперымента па апрабацыі галіновай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў падключацца новыя рэгіёны. "Мы пашыраем эксперымент па галіновай сістэме аплаты працы, ён у гэтым годзе будзе распаўсюджаны ўжо на цэлыя рэгіёны і нават вобласць", - сказаў Міхаіл Жураўкоў.

Паводле яго слоў, гэта новаўвядзенне паказала сваю эфектыўнасць. "Тыя школы, якія ўжо некалькі гадоў у эксперыменце, не хочуць вяртацца да старой сістэмы аплаты", - адзначыў міністр. Кіраўнік ведамства растлумачыў, што эксперымент прадугледжвае дыферэнцыраванне аплаты працы ў залежнасці ад нагрузкі педагога. Улічваецца не толькі колькасць вучэбных гадзін, але і наяўнасць у настаўніка гурткоў, факультатываў, аб'ём пазакласнай работы, удзел у падрыхтоўцы школьнікаў да алімпіяд і спаборніцтваў.

Лепшыя рэформы - выпуск якасных падручнікаў

Заслухоўваючы даклады, кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што рэформы ў беларускай сістэме адукацыі не патрэбны. На яго думку, неабходна захаваць тое лепшае, што ёсць, у першую чаргу добрых спецыялістаў. Яшчэ адзін важны складнік - гэта добры падручнік.

"Хопіць гэтых рэформ у адукацыі - трэба ўдасканальваць тое, што ёсць. Трэба даць нармальныя падручнікі, перш за ўсё, падручнікі гісторыі ў школы, каб дзеці разумелі, што адбывалася ўчора ў нашай краіне. Погляд у мінулае - гэта погляд у будучыню. Не мне вас вучыць. А мы пачынаем займацца не тымі пытаннямі, якія сёння надзённыя, злабадзённыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У прыватнасці, Прэзідэнт звярнуў увагу, што трэба акуратна ставіцца да Балонскага працэсу. Неабдуманыя рашэнні ў гэтым напрамку проста разбураць старую сістэму адукацыі, а на яе месцы нічога не з'явіцца.

"Нас ужо заходнікі папярэджваюць: вы адзіныя ў былым сацыялістычным лагеры, не гаворачы аб Савецкім Саюзе, засталіся, хто не разбурыў сістэму адукацыі, і яна дае вам эфект, не паламайце яе. Асабліва нас папярэджваюць нашы заходнія суседзі - усходне-еўрапейскія дзяржавы, якія мелі такую сістэму адукацыі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што беларуская сістэма адукацыі павінна стаць пазнаваемай у свеце.

Закрыцця школ не пазбегнуць, але дзейнічаць трэба выверана

Было ўзнята пытанне і аб закрыцці школ. Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў далажыў, што ў бягучым годзе ў рамках аптымізацыі закрыта 65 школ і рэарганізавана яшчэ 83.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што закрыццё школ - гэта не толькі матэрыяльна-тэхнічнае пытанне, але і ідэалагічнае. Паколькі, фактычна, школа - гэта цэнтр вёскі, а пасля закрыцця навучальнай установы населены пункт пакідае і жыццё.

Паводле слоў Прэзідэнта, ад гэтага працэсу нікуды не дзецца, аднак падыходзіць да яго неабходна вельмі асцярожна і выверана. Таму кіраўнік дзяржавы даручыў яшчэ раз вывучыць гэта пытанне, праверыць, наколькі правільна былі прыняты рашэнні аб закрыцці школ і як будзе арганізавана навучанне дзяцей, пераведзеных у іншыя ўстановы.

Замест рэпетытара - профільны клас у школе

На нарадзе ў Прэзідэнта гучалі розныя меркаванні аб профільных класах у школах. Аднак было прынята рашэнне, што такую практыку трэба падтрымліваць. Паглыбленае вывучэнне прадметаў у школах дасць магчымасць сем'ям сэканоміць на рэпетытарах.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб профілі ствараліся ў залежнасці ад інтарэсу вучняў да прадмета, а не для таго, каб аб'яднаць моцных дзяцей у адным класе, а больш слабых вучняў пакінуць у іншым.

Намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава, размаўляючы з журналістамі, адзначыла, што абітурыенты, якія навучаліся ў профільных класах, на цэнтралізаваным тэсціраванні паказваюць вынікі не горшыя, чым у ліцэістаў і гімназістаў.

"Сёння не толькі ліцэі і гімназіі, але і профільныя класы даюць магчымасць атрымаць даволі высокі ўзровень ведаў, не звяртаючыся да паслуг рэпетытарства", - сказала яна.

Гатоўнасць да школы нумар 1. Стварыць роўныя ўмовы для вучняў

Яшчэ адным важным пытаннем у сістэме адукацыі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, з'яўляецца падрыхтоўка вучняў да школы.

"Заўтра дзеці пойдуць у школу. Маё патрабаванне адно, яно ідзе ад грамадства: усе дзеці павінны быць у роўных умовах і павінны пайсці ў школу "аднолькава". Яны павінны быць апрануты, як усе.

Ёсць бяднейшыя слаі насельніцтва, ёсць сярэднія, багатыя і гэтак далей, але дзеці ў гэтым не вінаватыя. Яны павінны быць апрануты і падрыхтаваны: партфелі, рукзакі і іншае, што неабходна, ад пластыліну і алоўкаў да адзення, - усё павінна быць аднолькава. Дзе браць грошы, я ўжо дзесяць разоў аб гэтым гаварыў у папярэднія гады", - сказаў Прэзідэнт.

БЕЛТА, 10 жніўня 2016

Кoличество переходов на страницу: 872