https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Пакістан як беларускі партнёр


Прэзідэнт Беларусі 4—6 кастрычніка здзяйсняе афіцыйны візіт у Ісламскую Рэспубліку Пакістан. Працягласць візіту адпавядае нядаўняму візіту ў Кітай. Наколькі сур'ёзныя чаканні мы можам мець для Беларусі ад яго правядзення?
________________________________________

Перш за ўсё, важна мець на ўвазе, што празмерных чаканняў быць не павінна. Калі Кітай знаходзіцца на першым месцы ў свеце па памеры эканомікі, то ў Пакістана толькі 25 месца.

Сусед краіны ў рэйтынгу па памеры эканомікі — Польшча, што таксама з'яўляецца пэўным арыенцірам для вызначэння патэнцыялу супрацоўніцтва. Але з геаграфічнага пункту гледжання мы не можам мець тавараабарот з Пакістанам, роўны польскаму (1848 мільёнаў долараў за 2015 год) з-за таго, што Польшча мяжуе з Беларуссю, а Пакістан размешчаны ў Паўднёвай Азіі за тысячы кіламетраў. Пры гэтым камунікацыі не самыя выгодныя для нас — марскі шлях для ажыццяўлення тавараабароту з'яўляецца нязручным, а сухапутны вельмі дорага абыходзіцца, істотна абмяжоўваючы спектр беларускіх тавараў, якія выгадна будзе туды пастаўляць з улікам выдаткаў на перавозку. Падобныя праблемы ў развіцці гандлю з Беларуссю і ў Пакістана, у сілу чаго тавараабарот з гэтай краінай склаў па выніках мінулага года толькі крыху больш за 56 мільёнаў долараў.

Падобная сітуацыя і па інвестыцыйным патэнцыяле. Калі Кітай за апошнія дзесяць гадоў у дзесяць разоў павялічыў аб'ём інвестыцый за свае межы, стаўшы трэцім найбуйнейшым інвестарам на планеце, то Пакістан практычна невядомы як сур'ёзны гулец на рынку замежных інвестыцый. Таму мы не можам чакаць патэнцыйных інвестыцыйных пагадненняў для беларускай эканомікі на мільярды долараў, што ўжо стала звыклым па выніках візітаў кіраўніка дзяржавы ў Кітай.

У плане тэхналагічных магчымасцяў сітуацыя яшчэ больш адрозніваецца. У адносінах з Кітаем Беларусь у асноўным чакае паступлення сучасных кітайскіх тэхналогій на вытворчасці, якія ствараюцца ў Беларусі. Зваротны паток таксама ёсць, але магчымасці дзвюх краін несупастаўныя.

Улічваючы, што ў Кітай за апошнія дзесяцігоддзі ўкаранёны дзясяткі тысяч сучасных заходніх тэхналогій, а інжынерны корпус, які імкліва расце, вынаходзіць ужо новыя тэхналогіі на кітайскай зямлі на базе заходніх, Кітаю ёсць што прапанаваць Беларусі.

У адносінах з Пакістанам сітуацыя адваротная. Пакістан не з'яўляецца цэнтрам прыцягнення замежных сучасных тэхналогій і буйным тэхналагічным цэнтрам. Тут ужо гаворка ідзе пра магчымасці для Беларусі прапанаваць свае тэхналогіі для ўкаранення ў пакістанскую эканоміку.

Гэта важна для беларускай эканомікі, паколькі ў большасці такіх выпадкаў гаворка ідзе пра зборачныя цэхі, у якіх з беларускіх камплектуючых могуць збірацца гатовыя вырабы для пакістанскай эканомікі. На пакістанскім рынку ўжо з мінулага года можна купіць сабраныя ў краіне беларускія трактары. У будучыні такія магчымасці могуць быць цікавыя для Мінскага аўтамабільнага завода і Амкадора, якія ўжо робяць крокі па асваенні пакістанскага рынку. Яшчэ да візіту беларускага Прэзідэнта ў Мінску 22 верасня адбылася сустрэча з урадавай дэлегацыяй правінцыі Пенджаб, на якой прадстаўнікі гэтых прадпрыемстваў абмяркоўвалі з пакістанскім бокам падобныя перспектывы.

Якія фактары дазваляюць разлічваць на пазітыў у развіцці адносін, нягледзячы на шэраг названых негатыўных аспектаў? Галоўным фактарам выступае непадробная ўзаемная цікавасць у развіцці ўсё больш прадуктыўнага супрацоўніцтва.

Так, 7—8 верасня ў Брэсце прайшло ўжо трэцяе па ліку пасяджэнне сумеснай беларуска-пакістанскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, вынікі якога прадэманстравалі існуючыя магчымасці.

У прыватнасці, пакістанскі бок прапанаваў сур'ёзна працаваць над арганізацыяй прамых авіязносін з Беларуссю і новых лагістычных маршрутаў для кантэйнерных перавозак паміж дзвюма краінамі. Улічваючы, што першае пасяджэнне сумеснай беларуска-пакістанскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве адбылося толькі 7 жніўня 2015 года, відавочная дэманстрацыя волі бакоў да інтэнсіўнага нарошчвання кантактаў.

У наяўнасці і імклівы рост палітычнай кааперацыі. Гэта ўжо другі візіт беларускага Прэзідэнта ў Пакістан за два гады, што само па сабе гаворыць пра многае.

У цэлым, нягледзячы на існуючыя абмежаванні ў развіцці адносін, Пакістан з'яўляецца адным з тых буйных рынкаў, якія знаходзяцца далёка ад еўрапейскага рэгіёна і зведваюць зараз сур'ёзныя праблемы.

Нізкія тэмпы развіцця Еўрасаюза, падзенне расійскай і ўкраінскай эканомік, якое зацягнулася, прымушаюць беларускіх экспарцёраў шукаць новыя магчымасці на раней нязвыклых маршрутах. І Паўднёвая Азія ў цэлым, а Пакістан у прыватнасці, не могуць быць упушчаны пры такім раскладзе.

Сяргей Кізіма 
доктар палітычных навук
Звязда, 5 кастрычніка 2016

Кoличество переходов на страницу: 884