https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Новы рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Вячаслаў Даніловіч: Гісторыя і ідэалогія — два бакі аднаго медаля


Размова з новым рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце аб узаемасувязі мінулага і сучаснасці, ідэальных грамадзянах і кіруючай эліце

Вячаслава Даніловіча, кандыдата гістарычных навук, нашы чытачы добра ведаюць: ні адзін круглы стол на тэму гісторыі ў «Звяздзе» не праходзіў без удзелу кіраўніка профільнага інстытута Акадэміі навук. Нядаўна Вячаслаў Віктаравіч атрымаў новую пасаду — рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. З кіраўніком «кузні» кіруючых кадраў краіны мы гутарылі, як ні падасца камусьці дзіўным, зноў большай часткай пра гісторыю і неабходнасць яе вывучэння. І пра «бягучы момант», канешне, і пра ідэалогію. Сумясцілі, насуперак стэрэатыпам, сумяшчальнае. Менавіта так, бо ўсё, пра што вялася гутарка, вельмі моцна паміж сабой узаемазвязана. Іншае пытанне — ці многія з нас гэтую ўзаемасувязь разумеюць...

— Вячаслаў Віктаравіч, за яшчэ зусім нядоўгі час на новай пасадзе вы паспелі зразумець, у чым прынцыповая розніца — кіраваць акадэмічным інстытутам і ВНУ?

— Несумненна, розніца ёсць, бо Інстытут гісторыі — гэта сапраўды акадэмічная ўстанова, якая займаецца навуковай работай, а Акадэмія кіравання — найперш вышэйшая навучальная ўстанова, першасная задача якой — падрыхтоўка кіруючых кадраў і перападрыхтоўка тых спецыялістаў, якія ўжо працуюць кіраўнікамі. Вельмі адказны ўчастак для нашага грамадства і дзяржавы, асабліва цяпер. Хоць і роля акадэмічнага інстытута гісторыі якраз сёння вельмі важная, тут работа менавіта з людзьмі, якія, у сваю чаргу, будуць працаваць з іншымі людзьмі, таму адказнасць вельмі вялікая. Дарэчы, у Акадэміі кіравання навуковая работа таксама вядзецца — ёсць уласны даследчыцкі інстытут тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання. Так што фронт работы тут значна шырэйшы, чым у Інстытуце гісторыі, але буду старацца справіцца. Тым больш кіраўніком краіны пастаўлена задача ўзмацніць ідэалагічны складнік навучання...

— Увогуле, Акадэмія кіравання вылучаецца сярод іншых навучальных устаноў не толькі тым, што яна ад пачатку кузня кіраўніцкіх кадраў, але яшчэ і тым, што кадры тут «куюцца» (маю на ўвазе студэнтаў, якія паступілі адразу пасля школы), і «падкоўваюцца» (гэта пра спецыялістаў з усёй краіны, якія паступаюць сюды, каб атрымаць дадатковыя веды менавіта датычныя кіравання). Атрымліваецца, да выкладчыкаў Акадэміі патрабаванні таксама асаблівыя? Бо адна справа выкладаць 18—20-гадовым студэнтам, і зусім іншая — людзям з ужо сфарміраваным светапоглядам, з назапашаным прафесійным і жыццёвым вопытам...

— Вы маеце рацыю. У Інстытуце дзяржаўнай службы, дзе акурат і навучаюцца кіраўнікі з месцаў, павінны выкладаць найлепшыя прафесіяналы, прычым я глыбока перакананы, што сюды трэба прыцягваць і найлепшыя прафесарска-выкладчыцкія кадры з усёй нашай краіны — каб яны маглі прыехаць і прачытаць курс па сваім прадмеце. Да таго ж, тут з лекцыямі выступаюць дзеючыя кіраўнікі — міністры, намеснікі міністраў, якія могуць растлумачыць слухачам не толькі тэорыю, але і практыку, менавіта зыходзячы з уласнага досведу.

— Цалкам лагічна, што ў інстытутах Акадэміі даволі грунтоўна вывучаецца такі прадмет, як ідэалогія беларускай дзяржавы. На ваш по=гляд як гісторыка, а цяпер і як рэктара, наколькі важна ў кантэксце менавіта ідэалогіі дэталёвае вывучэнне гісторыі — сусветнай і ўласнай краіны?

— Увогуле гісторыя і ідэалогія — гэта па сутнасці два бакі аднаго медаля. Займацца тым, што называецца ідэалогіяй, не ведаючы гісторыі сваёй краіны, усіх яе этапаў, не ведаючы, што адбывалася ў сусветнай гісторыі і як выглядала твая краіна ў той час, не аналізуючы прычын і наступстваў тых ці іншых гістарычных падзей і з'яў, мне здаецца, увогуле немагчыма. Прынамсі, якасна — немагчыма. А падзеі, якія адбываюцца сёння ў краіне, яскрава сведчаць пра тое, што ідэалагічную работу трэба якасна ўдасканальваць. Не магу сказаць, што справа толькі ў веданні гісторыі, але гэта адзін з самых важных момантаў. А вывучаць яе, культываваць павагу да сваёй краіны, яе мінулага, трэба на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад дзіцячага садка. Павінна быць выбудавана сістэма, каб моладзь, якая падрастае, стаяла менавіта на беларускіх нацыянальна-дзяржаўных пазіцыях, а не паддавалася ўплыву звонку.

— Гэта доўгі працэс. А што рабіць цяпер?

— У Акадэміі мы рыхтуемся да таго, каб ідэалагічным работнікам, кіраўнікам з усёй краіны прапанаваць кароткатэрміновыя курсы па рабоце з прэсай, па якаснай прэзентацыі таго, што зроблена, па ўменні працаваць з негатыўна настроенымі людзьмі. Мяркуем, што гэтыя курсы будуць карысныя менавіта зараз людзям, якія знаходзяцца на вастрыі — па сутнасці, гэта пэўнае павышэнне кваліфікацыі. Сёння вельмі важна ўмець камунікаваць з людзьмі, пераконваць іх. Трэба выкарыстоўваць усе сучасныя сродкі, якімі карыстаюцца апаненты ўлады — напрыклад, мы ствараем Telegram-канал Акадэміі кіравання. Хутчэй за ўсё, ён будзе называцца «Дзённік кіраўніка». У ім мы мяркуем падаваць нашу інфармацыю, наша бачанне падзей на мове моладзі.

Але, паўтаруся, адначасова трэба ствараць сістэму па выхаванні свядомых адукаваных грамадзян краіны, якія будуць дбаць пра яе ўмацаванне і незалежнасць.

— Пакуль мы выхаваем такіх ідэальных грамадзян...

— Але калі мы не пачнём іх выхоўваць, сённяшняя сітуацыя будзе ў краіне паўтарацца пастаянна.

— Мне здаецца, менавіта недахоп глыбокага ведання гісторыі Беларусі (а дзесьці і адсутнасць разумення неабходнасці яе ведаць) і стаў адной з прычын падзелу нашага грамадства ў сучасных палітычных варунках. Ці спявалі б на прыступках філармоніі «Магутны Божа», калі б ведалі біяграфію аўтаркі слоў гэтай песні? Ці ўсё-ткі лепш спелі б Купалаву «Малітву»? Ці спяшаліся б іх апаненты называць «фашысцкім сімвалам» разам з сапраўды вельмі спрэчным бела-чырвона-белым сцягам герб «Пагоня», калі б ведалі, якую даўнюю гісторыю ён мае, колькі перамог атрымалі пад ім нашы продкі, баронячы сваю зямлю... Прычым, што дзіўна для мяне асабіста, — інфармацыя пра ўсё гэта не закрытая, варта толькі пацікавіцца. Але — не цікавяцца. Гэта «хвароба» менавіта нашага часу, ці такое ўжо ў нас было?

— Я адкажу адразу так: гэта не толькі наша «хвароба», яна характэрная і для іншых краін і народаў. Кожнае грамадства праходзіць пэўныя этапы, калі пад уплывам знешніх ці ўнутраных сіл губляецца гістарычная сувязь, мяняецца гістарычнае самаўяўленне. Прыкладаў таму ў гісторыі хапае. І толькі тады грамадства пераадольвала гэты своеасаблівы крызіс, калі пачыналі выхоўвацца жаданне ведаць гісторыю свайго народа — усіх без выключэння яе этапаў — і павага да яе. А ў гэтым на вядучыя пазіцыі павінна выходзіць акадэмічная навука — з фактамі, дакументамі, доказамі. Мы павінны ведаць пра ўсе падзеі, якія адбываліся на нашай тэрыторыі, як станоўчыя, так і адмоўныя. Гаварыць пра гэта нармальна, спакойна, але менавіта з пункту гледжання не некага там, а беларусаў, беларускага народа. Што тая ці іншая падзея або асоба ў гісторыі значыла менавіта для беларусаў, дабро або ліха яна нам прынесла. (Напрыклад, Рыжскі мір для беларусаў — гэта вялікая трагедыя падзелу народа, а для тых жа палякаў — вялікі поспех, бо амаль удалося аднавіць Рэч Паспалітую ў колішніх яе межах). Кожны народ мае права на сваю трактоўку гісторыі, і нам трэба навучыцца рабіць гэта менавіта з пазіцыі беларусаў. Не трэба прыўкрашваць або дэманізаваць гісторыю, трэба падаваць усё так, як было на самай справе, імкнуцца стварыць аб'ектыўную карціну мінулага. Менавіта такую задачу ставяць гісторыкам на самым высокім узроўні.

— Ці можа на сённяшні дзень менавіта гістарычная навука з яе аб'ектыўнай ацэнкай і дакументальнымі сведчаннямі паспрыяць кансалідацыі нашага грамадства?

— Я думаю, што можа. Але тут важная, паўтаруся, менавіта аб'ектыўная падача — без замоўчвання аднаго і без выпячвання другога... Іншая справа, што ёсць людзі, якія з вялікай цяжкасцю і неахвотай пазбаўляюцца ад укладзеных у галаву стэрэатыпаў. Але, напэўна, калі і можна іх пераканаць, дык толькі неаспрэчнымі дакументальнымі фактамі. У гэтым кантэксце вельмі важна, што навейшыя напрацоўкі акадэмічных гісторыкаў, адлюстроўваюцца ў падручніках па гісторыі, якія перыядычна абнаўляюцца. Напрыклад, у новай рэдакцыі падручнікаў будзе прапісана, што славяне жылі на тэрыторыі Беларусі з ІV стагоддзя — гэта вынік апошніх грунтоўных знаходак і даследаванняў нашых археолагаў.

— Я памятаю, калі «Звязда» агучыла дакументы, знойдзеныя Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук, якія сведчылі, што ініцыятарам замены «тарашкевіцы» на «наркамаўку» ў беларускім правапісе быў сам Браніслаў Тарашкевіч, нам тэлефанавалі і пісалі абураныя чытачы: маўляў, такога не можа быць. Але пасля апублікавання матэрыялаў мовазнаўчай канферэнцыі 1926 года многія скептыкі адкінулі сумненні...

— Важна ў нашым грамадстве развіваць культуру дыскусіі, дыялогу, якія павінны грунтавацца на фактах, на аргументах. Калі хтосьці трактуе іх па-іншаму, трэба выслухаць і прывесці нейкія свае контраргументы. А такі дыялог стане магчымы, калі — я зноў гэта паўтару — любоў, павага і цікавасць да сваёй радзімы і да сваёй гісторыі будзе выхоўвацца з маленства, і працэс гэты павінен быць пастаянны.

— Пару гадоў таму «Звязда» разам з Інстытутам гісторыі НАН вяла праект «Нараджэнне эліты» — пра першых дзяржаўных дзеячаў БССР, менавіта пра кіруючыя кадры маладой рэспублікі, якія разам з прадстаўнікамі творчай і навуковай інтэлігенцыі ў 20-я гады мінулага стагоддзя зрабілі проста непад'ёмную працу. Народ, у якога, паводле перапісу 1897 года, было менш за 15 працэнтаў пісьменных, у 1929-м ужо меў сваю Акадэмію навук, прагрэсіўны ўклад сельскай гаспадаркі, развітую прамысловасць... У чым, на ваш погляд, роля і місія сучаснай кіруючай эліты Беларусі?

— На мой погляд, яны надзвычай адказныя. Яшчэ біблейскія прарокі ў свой час гаварылі пра прагматычных следапытаў, якія вядуць за сабой народ праз хаос і сумятню, сеюць зерне новага шляху. У нашых сучасных умовах такімі следапытамі, а не толькі добрымі прафесіяналамі ў сваёй справе, павінны быць менавіта кіруючыя кадры нашай краіны.

Аўтар: Алена Ляўковіч
Звязда, 7 кастрычніка 2020

Кoличество переходов на страницу: 239