https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: Старонкі айчыннай гісторыі ператварыліся ў інфармацыйнае поле бою


Прэзідэнт правёў у Палацы Незалежнасці нараду па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі з шырокім колам удзельнікаў.

Нагодай для гэтай тэмы стала аб’яўленне сёлета Годам гістарычнай памяці. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, год пройдзе пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды пра ўсе перыяды жыцця беларускага народа. Патрэбна сістэматызаваць гістарычныя даследаванні, мемарыяльныя комплексы, вызначыць на перспектыву даты, падзеі, асобы, якія трэба ўвекавечыць, унесці карэктывы ў работу па патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі з апорай на факты гераічных подзвігаў беларусаў.

Як працягнуў у сваім выступленні Прэзідэнт, сёння ўся гэтая работа з’яўляецца адным з важнейшых напрамкаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі Беларусі. То-бок трэба надаць самую пільную ўвагу пытанням так званай гістарычнай палітыкі.

«Адзначу, упершыню за гады сваёй незалежнасці мы ставім гэтыя два паняцці — „гісторыя“ і „палітыка“ — побач. Да гэтага часу мы стараліся не палітызаваць гісторыю. Абраны беларускім народам палітычны курс краіны быў накіраваны на захаванне добрых адносін з суседзямі. Мы спынялі любую праяву рэваншызму, нацыяналізму, шавінізму і іншых ідэй, якія дыскрымінуюць гісторыю, культуру, іншыя народы, — заяўляе кіраўнік краіны. — Мы не вялі войнаў памяці ў мэтах умацавання сваёй дзяржаўнасці. Імкнуліся не закрануць нацыянальныя пачуцці тых, з кім калісьці жылі ў адзіных дзяржавах. А падстаў у беларусаў дастаткова».

У той жа час, дадае Прэзідэнт, некаторыя нашы суседзі выбудоўвалі ўласную гістарычную палітыку, фармавалі інстытуты і праграмы пад канкрэтныя палітычныя мэты і палітыкаў.

«Для адных, як я ўжо казаў, Беларусь — гэта плацдарм на Расію. Іншыя пакутуюць фантомнымі болямі — усё шукаюць тут свае гістарычныя землі. І першым, і другім суверэнная Беларусь і беларускі народ не патрэбны», — сцвярджае Прэзідэнт.

Паводле яго, на гэтыя мэты былі кінуты немалыя сродкі. З 90-х пачаўся перыяд ашалелай палітызацыі гісторыі, калі яе перавярнулі з ног на галаву, раскалолі грамадства і краіна была за крок ад страты нацыянальнай дзяржаўнасці.

«Не без дапамогі Сораса, „сарасят“ знутры, які ўзяўся за выданне новых падручнікаў па гісторыі Беларусі. Да 1994-га кіраваныя амерыканцамі „свядомыя“ паспелі шматлікае перапісаць і вывучыць частку дзяцей. Ды і мы з вамі паддаваліся на некаторыя рэчы. Тыя вучні і студэнты, выхаваныя на створаных тады гістарычных фэйках, сёння самі бацькі. Вынік навязанай нам у тыя гады рамантызацыі і выпячвання некаторых перыядаў у гісторыі беларускага народа мы бачым зараз», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначае, што ў прадстаўленні часткі нашай адукаванай моладзі Напалеон, які паабяцаў аднавіць Рэч Паспалітую, быў «вызваліцелем», а партрэтаў літоўскай і польскай шляхты па ўсёй краіне было больш, чым герояў Вялікай Айчыннай вайны ці сучаснай гісторыі. Плён такога «патрыятычнага» выхавання, кажа кіраўнік краіны, назіралі ў 2020-м. 

«Але няма ліха без дабра. Дзякуючы гэтым падзеям, цяпер усе ведаюць сапраўдную гісторыю сімвала акупацыі роднай зямлі і здрады беларускага народа. Многія, хто развешваў у сябе на вокнах бчб-анучы, сёння гэтага саромеюцца. Разумеюць, хто імі кіраваў. Але дрэнна тое, што ў дадзеным выпадку нам прыйшлося рэагаваць на падзеі. Мы мусілі былі апярэдзіць гэтыя падзеі», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Па словах Прэзідэнта, неабходна прызнаць, што «старонкі айчыннай гісторыі ператварыліся ў інфармацыйнае поле бою», і здарылася гэта не зараз. 

«Гістарычная палітыка з’яўляецца стратэгіяй самазахавання ва ўмовах глабальнага перадзелу сфер уплыву ў свеце. Гэта фактар нацыянальнай бяспекі. Я хачу, каб вы, навуковыя дзеячы, палітолагі, эксперты, мяне правільна зразумелі. Сваю гісторыю мы перапісваць не будзем. Прынамсі, пры дзеючым Прэзідэнце. Але і не будзем больш замоўчваць факты. Нават калі яны кранаюць нечыя амбіцыі ці нацыянальныя пачуцці. Як у выпадку са злачынствамі беларускіх, а таксама польскіх, літоўскіх, украінскіх калабарацыяністаў у гады Вялікай Айчыннай вайны», — сцвярджае Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, недапушчальна выключна крытычна глядзець на савецкую спадчыну, замоўчваючы дасягненні і перамогі эпохі. Як мінімум несправядліва акультурваць іншыя гістарычныя перыяды, не надаючы значэння фактам знявагі і дыскрымінацыі беларусаў.

«І калі сёння літоўцы і палякі адмаўляюць уклад беларускага народа ў развіццё такіх гістарычных форм дзяржаўнасці на нашай зямлі, як ВКЛ і Рэч Паспалітая, то што нам перашкаджае даць гэтым перыядам адэкватную ацэнку. Давайце ў падручніках па гісторыі, у замкавых і музейных экспазіцыях так і назавём, напрыклад, перыяд Рэчы Паспалітай акупацыяй беларускай зямлі палякамі», — выказвае думку Прэзідэнт.

І абгрунтоўвае яе тым, што для нашых продкаў у той перыяд родная мова, культура, вера былі пад забаронай, зневажалася чалавечая годнасць, але народ выжыў і захаваў сваю самабытнасць.

Выказаўся Аляксандр Лукашэнка наконт значэння ВКЛ, назваўшы яго нашай дзяржавай, якую нельга аддаць літоўцам толькі з-за назвы.

«Сучасныя літоўцы фактычна прыватызавалі спадчыну гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Але што там было літоўскага? Мова наша, на ёй жа напісана і Канстытуцыя — Статут. Пануючая вера — праваслаўе. Тэрыторыі — беларускія, украінскія і часткова рускія землі. Народ на 80 працэнтаў — наш. Славяне. А гэта асноўныя атрыбуты дзяржаўнасці», — заяўляе Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, абарона слаўнага шматвяковага летапісу беларускага народа — гэтае пытанне нашай нацыянальнай годнасці і нам ёсць, чым ганарыцца.

«Чаго толькі вартая гісторыя Полацкага і Тураўскага княстваў, якая неяк згубілася на фоне гістарыяграфічнай, навуковай і культурнай цікавасці да іншых старажытных эпох. Але давайце не будзем забываць, што як нацыя мы канчаткова сфармаваліся менавіта за савецкім часам. Менавіта тады пачалася гісторыя беларускай дзяржавы. І сёння мы працягваем яе пісаць. Нам трэба перайсці на новы этап, як гавораць эксперты, пачаць вызначаць і фармаваць сэнсы ў галіне нацыянальна-гістарычнага развіцця беларускага народа і дзяржавы», — падкрэслівае кіраўнік краіны.

Гэта, па яго меркаванні, дапаможа папярэджваць новыя выклікі і пагрозы ў сферы нацыянальнай памяці. Таму трэба вызначыць стратэгію і тактыку дзейнасці ў гэтай галіне, інакш зноў паўторацца чорныя дні гісторыі, калі былі вымушаны жыць пад ярмом чужых гаспадароў на сваёй зямлі, сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Задача — не дапусціць развіцця ідэй, якія могуць падарваць краіну ў будучыні. Для гэтага ў нас ёсць усё — і час, і неабходныя рэсурсы. Таму спакойна, без хістанняў нам трэба гэтыя пытанні адпрацаваць і канцэптуальна вызначыцца ў падыходах, пракласці моцны мост паміж мінулым і будучыняй Рэспублікі Беларусь. У нас павінна быць выпрацавана дакладная канцэпцыя ацэнкі падзей і ролі асоб у гісторыі. У гісторыі беларускай дзяржавы», — заявіў Прэзідэнт.

Па прэзідэнцкім даручэнні Адміністрацыяй Прэзідэнта сумесна з Нацыянальным сходам, прадстаўнікамі гістарычнай грамадскасці, іншымі зацікаўленымі распрацавала адпаведныя прапановы.

Але Аляксандр Лукашэнка просіць не ствараць дадатковых структур і спецыялістаў для рэалізацыі задач. Ён хоча бачыць актыўную ролю ў справе рэалізацыі гістарычнай палітыкі Акадэміі навук, універсітэтаў, канкрэтных асоб.

«Я бачу не толькі Гігіна з яго выдатнымі разважаннямі ў грамадстве, але і яго шматлікіх калег, што гатовыя працаваць. Давайце мы лепш ім грошы заплацім, чым будзем пладзіць сотні апаратаў, адміністрацый, што будуць займацца гістарычнай памяццю. Ды не будуць яны займацца, яны будуць вам толькі перашкаджаць. Мяне насцярожылі прапановы нешта стварыць, і тады мы гістарычную памяць адродзім», — мяркуе Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны заклікае гісторыкаў, сацыёлагаў пісаць навуковыя работы па тэме, размаўляць з калектывамі, студэнцкай супольнасцю, школьнікамі, каб работа па рэалізацыі гістарычнай палітыкі «не была замутнёная ў чыноўніцкім беспарадку».

«Калі мы не гатовыя гэтым заняцца, лепш увогуле не ўлазіць у гэтую глабальную праблему. Мы яе спахабім, а потым да яе вярнуцца будзе вельмі складана», — рэзюмаваў свае словы Аляксандр Лукашэнка.

Каментар у тэму

Ігар Сергеенка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі расказаў пра рашэнні, прынятыя на нарадзе па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі. Ён адзначыў вялікую цікавасць грамадскасці да гісторыі краіны, але дадаў: і з боку апанентаў улады прымаюцца спробы наносіць удары па чуллівых пытаннях гісторыі.

«Каб сёння супрацьстаяць фальсіфікацыі, спробам сказіць гісторыю, для гэтага прапануюцца навацыі, якія не ламаюць створанага. Сёння абмяркоўваліся пытанні, як забяспечыць далейшую каардынацыю дзеянняў у гэтым кірунку, як увязаць усе структуры, перагледзець падыходы. Самае галоўнае: як часам складаныя гістарычныя тэмы даносіць простай мовай розным колам насельніцтва», — сказаў Ігар Сергеенка.

Таксама па яго словах, абмяркоўвалі стварэнне Савета па гістарычнай палітыцы. Разглядаецца, на базе якой структуры ажыццявіць каардынацыю яго дзейнасці. Па словах кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, верагодна гэта будзе Акадэмія навук.

«Ты я ж спецыялісты, але больш каардынацыі будзе ў навуковай, даследчай рабоце, каардынацыі пры падрыхтоўцы спецыялістаў для школ, ВНУ, падрыхтоўкі дысертацыйных тэм», — заўважыў Ігар Сергеенка.

Ён дадаў, што размова ішла і пра неабходнасць уносіць карэктывы ў вучэбныя праграмы па гісторыі для школьнікаў і студэнтаў, пра выданне новага падручніка па гісторыі беларускай дзяржаўнасці для студэнтаў ВНУ.

Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 6 студзеня 2022

Кoличество переходов на страницу: 163