https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Чаму з’яўляюцца новыя віртуальныя валюты?


Крыптавалюта Omіcron, якая з’явілася ў пачатку лістапада, рэзка падаражэла на фоне навін пра новы штам каранавіруса B.1.1.529, якому СААЗ напрыканцы мінулага тыдня прысвоіла аналагічную назву. У мінулую нядзелю Forbes паведаміў пра рост кошту Omіcron на 500 працэнтаў. Да панядзелка гэтая «крыпта» пацяжэла амаль на 1000 %. Бясконцыя фінансавыя піраміды, праекты без ідэй і сэнсу, фанацкія токены і, нарэшце, мільярды долараў, укладзеныя ў мемы, — усё гэта рэальнасць крыптарынку, куды прыходзіць усё больш людзей, заўважыла lenta.ru. Такія фінансавыя навіны эксперты часцей называюць азартнай гульнёй, чым магчымасцю надзейных інвестыцый, аднак ні парады, ні відавочныя рызыкі не могуць утрымаць мільёны людзей ад вялізных страт. Чаму з’яўляюцца новыя крыптавалюты?

Усім і нікому

Інвестараў прыцягвае магчымасць гандлю без пасрэднікаў, перш за ўсё банкаў, а таксама дэцэнтралізаваная сістэма захоўвання даных (блокчэйн), якая даступна ўсім, але не належыць нікому. Акрамя таго, у крыптавалютным свеце пануе ананімнасць — трымальнік лічбавых манет не абавязаны прывязваць асабістыя даныя да свайго кашалька, а пры пераводзе дастаткова ўказаць нумары рахункаў адпраўніка і атрымальніка. Цікавасць да новай плацежнай сістэмы выйшла за межы лакальных ІT-супольнасцяў пасля поспеху біткоіна (BTC). Упершыню здзелка з «біткамі» была праведзена ў маі 2010-га — амерыканец Ласла Ханеч заказаў дастаўку піцы, заплаціўшы 10 тысяч BTC. Тады Ханеч выдаткаваў каля 40–50 долараў, але зараз купля абышлася б яму ў 630 мільёнаў «зялёных», бо з таго часу попыт на лічбавую валюту стабільна павялічваўся.

Неўзабаве ў стваральніка біткоіна з’явіліся паслядоўнікі, якія захацелі паўтарыць поспех біткоіна. Яны бралі за аснову праграмны код BTC, уносілі мінімальныя змены і атрымлівалі новы, хоць і аналагічны, прадукт. Так з’явіліся альткоіны («альтэрнатыўныя коіны», або любыя лічбавыя грошы, акрамя біткоіна). З часам распрацоўшчыкі альткоінаў сталі ставіць перад сабой новыя задачы, імкнучыся пераадолець тэхнічныя абмежаванні, якія мае сістэма біткоіна. Збольшага ім гэта ўдалося. Цяпер майнінг (стварэнне) любых альткоінаў, як правіла, прасцейшы і таннейшы. Транзакцыі праходзяць хутчэй, а ананімнасць забяспечваецца лепш, чым у сетцы BTС. Акрамя таго, у новых крыптавалютах і звязаных з імі плацежных сістэмах пачалі з’яўляцца дадатковыя функцыі.

Напрыклад, другая па капіталізацыі крыптавалюта Ethereum (эфір) дазволіла ствараць дэцэнтралізаваныя дадаткі і смарт-кантракты (калі плацяжы аўтаматычна ажыццяўляюцца з загадзя вызначанымі ўмовамі). Іншая сістэма — ІOTA — забяспечыла абароненую перадачу даных у інтэрнэце рэчаў (абмене інфармацыяй паміж прыладамі).

Мем для Маска

Аднак пакуль устойлівыя «гіганты» накшталт біткоіна і эфіру раслі ў кошце, некаторыя распрацоўшчыкі пачалі карыстацца папулярнасцю, якая захапіла крыптавалютны рынак. З’явіліся гульцы, у чые планы не ўваходзіла стварэнне інавацыйных ІT-праектаў — у «крыпце» яны перш за ўсё бачылі магчымасць хутка зарабіць. Новыя ўдзельнікі рынку пачалі выкарыстоўваць крыптавалюту не ў якасці грошай, а ў якасці віртуальных акцый.

Стваральнікі новых валют разумелі, што іх патэнцыйнымі фундатарамі галоўным чынам з’яўляюцца карыстальнікі інтэрнэту. Таму яны пачалі звязваць свае праекты з мемамі — віральнымі вобразамі або ідэямі.

Некаторыя з «мемных» валют з’яўляюцца не паўнавартаснай «крыптай», а токенамі (манетамі). Выпусціць лічбавую манету можа любы ахвотны, нават не набываючы вылічальнага абсталявання, — паводле даных платформы CoіnMarketCap, колькасць мем-токенаў набліжаецца да сямі тысяч. У адрозненне ад крыптавалют, токены могуць эмітавацца адным чалавекам у неабмежаванай колькасці, і падчас іх стварэння блокчэйн задзейнічаць неабавязкова.

Калі мем-токены атрымліваюць вядомасць і даражэюць, то пераважна дзякуючы прасоўванні ў сетцы або рэкламе знакамітасцяў, а не з-за фінансавай эфектыўнасці. Гэтыя праекты недаўгавечныя: як толькі манета даражэе, інвестары прадаюць яе, атрымліваючы прыбытак. З-за адсутнасці якой-небудзь карысці для фінансавага свету мем-токены наўрад ці будуць існаваць ужо праз некалькі гадоў, мяркуюць эксперты.

Самай вядомай і нават адносна ўстойлівай мемнай манетай стаў Dogecoіn. Ён быў створаны дзеля жарту на аснове папулярнага мема з сабакам пароды сіба-іну ў 2013 годзе. На дадзены момант адна манета каштуе 0,215 долара, а рыначная капіталізацыя праекта перавысіла 34,9 мільярда долараў. Усё дзякуючы таму, што токен прыцягнуў увагу заснавальніка Tesla Ілона Маска: мільярдэр рэгулярна піша пра яго ў Twіtter, а аднойчы нават назваў Dogecoіn сваёй любімай крыптавалютай (у гэты дзень курс токена ўзляцеў амаль на чвэрць).

Публікацыі Маска сёлета з лютага да красавіка павысілі кошт альткоіна на 1330 працэнтаў. Пазней бізнесмен лаканічна растлумачыў, чым яму спадабаўся Dogecoіn: у яго «ёсць мемы і сабакі, а ў іншых праектаў гэтага няма».

На хвалі папулярнасці «доге» пачалі з’яўляцца іншыя манеты з выявай сіба-іну. У рэйтынгу мем-токенаў на сайце CoіnMarketCap у першую трыццатку цяпер уваходзяць дзевяць аналагаў Dogecoіn. Самым паспяховым з іх на дадзены момант з’яўляецца токен Shіba Іnu, які падаражэў у кастрычніку, калі Маск завёў шчанюка гэтай пароды і апублікаваў яго фатаграфію ў Twіtter. Днямі Shіba Іnu перамясціўся на 11-ы радок у рэйтынгу на сайце CoіnGecko, а агульны кошт усіх манет складае 22,4 мільярда долараў.

Некаторы час з «доге» канкурыравала ў кошце манета з выявай папулярнай мемнай жабы — Pepe Cash. Токен дасягнуў піка кошту ў 0,157 долара 13 студзеня 2018-га, калі Dogecoіn каштаваў 0,136 долара. Праект Pepe Cash страціў папулярнасць — кошт упаў на 77,6 працэнта, зараз манета гандлюецца на ўзроўні 0,036 долара, займаючы 754-е месца ў рэйтынгу CoіnMarketCap.

Месца ў раі

Укладанні ў мемную валюту вельмі рызыкоўныя і больш падобныя на азартную гульню, чым на сапраўднае інвеставанне. Дырэктар крыптаабменніка Alfacash Мікіта Сошнікаў заўважыў lenta.ru, што цікавасць да такіх токенаў нарастае ў перыяды зацішша ў сектары больш буйных і стабільных крыптавалют, калі трэйдары жадаюць весці больш актыўны гандаль і атрымліваць больш хуткі прыбытак.

«Мемныя крыптавалюты даюць магчымасць атрымаць асалоду ад рызыкоўнага трэйдзінгу, такое задавальненне шмат у чым падобнае на азартныя гульні або амерыканскія горкі, і, безумоўна, гэта забаўка на аматара», — растлумачыў ён.

Сузаснавальнік платформы ENCRY, якая спецыялізуецца на дэцэнтралізаваных фінансах, Раман Някрасаў згодны з тым, што менавіта коштавыя «арэлі» мемных манет прыцягваюць трэйдараў. На яго думку, спекуляцыя на іх з’яўляецца «вельмі азартнай і займальнай гульнёй», якая дае шанц прымножыць свае актывы. Разам з тым Някрасаў адзначыў, што інвеставаць усе свае зберажэнні ў такія крыптаактывы не варта. З такімі токенам варта быць асцярожным, паколькі перспектывы іх развіцця амаль немагчыма прадбачыць.

«Крыптавалюты-мемы — гэта выдатная дэманстрацыя таго, што актыў каштоўны выключна па прычыне каштоўнасці ў вачах удзельнікаў рынку», — заўважыў эксперт. Як патлумачыў CEO швейцарскай фінансавай кампаніі Newcent Уладзімір Смятанін, ажыятаж з нагоды любога мем-токена могуць выклікаць самыя непрадказальныя і невідавочныя фактары, напрыклад, выказванні медыйных персон.

На прасторах СoіnMarketCap можна выявіць мноства манет, створаных дзеля жарту. Напрыклад, Jesus Coіn, за куплю якога распрацоўшчыкі абяцалі месца ў раі. Каманда нават вяла перагаворы з некалькімі хрысціянскімі цэрквамі розных напрамкаў, каб атрымаць магчымасць адпускаць грахі за куплю манет. На сайце было пазначана, што стваральнікам токена з’яўляецца Ісус Хрыстос, яго даверанай асобай — Іуда, а рэкламай займаецца апостал Пётр. У 2018-м праекту ўдалося дасягнуць капіталізацыі ў 1,57 мільёна долараў, аднак да цяперашняга часу ён ужо спыніў існаванне.

Сёлета быў анансаваны «самы бескарысны токен» — Useless Token. Яго стваральнікі прама заяўляюць аб адсутнасці якой-небудзь карысці ў сваім прадукце, але абяцаюць узбагаціць кліентаў за кошт удалага маркетынгу.

«Першы гіпердэфляцыйны токен. Гэты токен настолькі бескарысны, што мы трацім усю выручку, каб выкупіць яго назад, а пазней проста знішчыць», — адзначаецца на сайце праекта. Хвалячыся сваімі дасягненнямі, распрацоўшчыкі паказалі на сайце, што маюць 0 задаволеных кліентаў і 0 узнагарод, а таксама маюць некалькі дзён вопыту, бо «даведаліся, як стварыць вэб-сайт і токен, прагледзеўшы відэа індыйскіх ютубераў».

Гульня ў «кальмара»

Не ўсе стваральнікі альткоінаў згодны дзяліцца прыбыткам з інвестарамі. На рынку пачалі развівацца так званыя скам-праекты, дзе асноўнымі фундатарамі выступаюць самі арганізатары. У сеткавым бізнесе слова «скам» ужываюць да прадпрыемстваў, якія затрымліваюць ці зусім перастаюць рабіць выплаты, парушаюць умовы супрацоўніцтва і абавязкі перад партнёрамі, кліентамі і фундатарамі. У рускамоўнай супольнасці «скамам» часцей за ўсё называюць інвестыцыйныя хайп-праекты (якія выкарыстоўваюць агрэсіўны маркетынг) і фінансавыя піраміды. Такія кампаніі імкліва развіваюцца і закрываюцца на працягу года, адразу пасля таго, як атрымаюць дастаткова грошай ад інвестараў. Усе падобныя праекты аб’ядноўвае адно: іх заснавальнікі — ашуканцы, якія «выпампоўваюць» максімальна магчымы аб’ём сродкаў са сваіх кліентаў, а пасля знікаюць. За крыптавалютамі, якія развіваюць па такой стратэгіі, замацавалася назва «шыткоіны» (ад спалучэння слоў shіt і coіn).

У індустрыі лічбавых грошай скамеры звычайна карыстаюцца схемай pump & dump («напампаваць і скінуць»). Яе сэнс заключаецца ў тым, каб прыцягнуць увагу спажыўцоў з дапамогай ілжывых абяцанняў і актыўнай рэкламы, штучна завысіць курс валюты, а пасля прадаць токены на піку кошту і закрыць праект, пакінуўшы ні з чым пакупнікоў. Крыптамахляры актыўна выкарыстоўваюць падтрымку знакамітасцяў. Прасоўваннем токенаў часцей за ўсё займаюцца блогеры і стрымеры з вялікай аўдыторыяй. Яны раяць прыгледзецца да пэўных праектаў ці наўпрост заклікаюць інвеставаць у іх. Некаторыя блогеры дзеляцца рэальным досведам гандлю токенамі, але часцей за ўсё яны атрымліваюць узнагароду за згадванне лічбавых валют.

Перадпродаж крыптавалюты Squіd («кальмар»), створанай па матывах серыяла Netflіx «Гульня ў кальмара», пачаўся 20 кастрычніка. Як паведамілі стваральнікі, токены разышліся за адну секунду. На біржы PancakeSwap, дзе ў асноўным вяліся таргі, за адну манету яшчэ 26 кастрычніка давалі 0,012 долара, 28 кастрычніка курс перавысіў адзнаку 2 долара і працягнуў рост у наступныя дні. 1 лістапада кошт Squіd узляцеў да 2861 долара, а ўжо праз 10 хвілін пасля піка абрынуўся да нуля. Паспрыяла ашуканцам і жаданне буйных медыя атрымаць трафік на таннай сенсацыі: адпаведныя тэксты з’явіліся на аўтарытэтных BBC, Busіness Іnsіder, Fortune, CNBC і Yahoo News. Мяркуецца, што стваральнікі «кальмара» зарабілі на афёры больш за 3,3 мільёна долараў.

Былы брокер Джордан Белфорт, які стаў прататыпам галоўнага героя фільма «Воўк з Уол-Стрыт», раскрытыкаваў мемныя крыптавалюты і назваў іх бескарыснымі. У інтэрв’ю The Sun ён заўважыў, што цяпер на рынку з’яўляецца ўсё больш лічбавых актываў, галоўная мэта якіх — разлучыць інвестараў з іх грашыма. Як бачым, прынада дзейнічае.

Аўтар: Захар Бурак
Звязда, 4 снежня 2021

Кoличество переходов на страницу: 233