https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Шлях да цугцвангу. Чаму Літва трапіла ў пастку?


Літва ў найбліжэйшыя гады набудзе ўзбраенне ў Германіі і ЗША на суму каля двух мільярдаў еўра. Аб гэтым паведаміў партал Delfі.

У Германіі мяркуецца закупіць бронетранспарцёры Boxer, якімі будуць забяспечаны два механізаваныя батальёны, і 10-тонныя вайсковыя грузавікі. Гэты закуп стане другім выпадкам набыцця літоўцамі нямецкай вайсковай тэхнікі. Па кантракце 2016 года было пастаўлена 88 БТР Boxer, абсталяваных пускавымі ўстаноўкамі з супрацьтанкавымі ракетамі Spіke.

У Літве набытым машынам дадзена новае найменне Vіlkas (воўк). У ЗША Вільнюс плануе закупіць баявыя беспілотнікі, якія дазваляюць знішчаць бранятэхніку саперніка на адлегласці 40 кіламетраў, супрацьтанкавыя сістэмы Javelіn, радары, верталёты і бронемашыны.

На фоне значных эканамічных праблем і негатыўных сацыяльных зрухаў такія асігнаванні выглядаюць, мякка кажучы, незразумелымі.

Аднак афіцыйны Вільнюс ігнаруе запыты насельніцтва і рушыць па шляху імклівай мілітарызацыі — па сутнасці, ператварэння краіны ў суцэльную натаўскую базу з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. Чаму Літва трапіла ў пастку, з якой не відаць выйсця?

Пункт незвароту

За 30 гадоў незалежнасці ў Літвы атрымалася шмат: пазбавіцца транзіту, скараціць насельніцтва, амаль цалкам разбурыць уласную эканоміку, заўважыў Baltnews. Яе палітычная сістэма прайшла той дарогай, якую назваць дэмакратычнай немагчыма.

«Любая палітычная партыя, якая прыходзіць да ўлады ў Літве, з абсалютна аднолькавым цынізмам ігнаруе інтарэсы свайго народа. Жыхары краіны даўно перасталі здзіўляцца «ўменням» сваіх палітыкаў, хоць да нядаўняга часу спадзяваліся на тое, што знешнепалітычныя выкрутасы не справакуюць падзенне ўзроўню жыцця», — піша Baltnews.

Літоўскія кансерватары, якія цяпер знаходзяцца ва ўладзе, здолелі дабіцца практычна немагчымага, уступіўшы ў жорсткае эканамічнае супрацьстаянне з Мінскам і Пекінам пры няўхільным пагаршэнні адносін з Масквой.

Сёння доля Літвы ў сукупным ВУП Еўрасаюза мізэрная — 0,25 працэнта. Гэта ўтрая менш за ўнёсак Венгрыі. Параўноўваць з Германіяй увогуле няма сэнсу. Між тым, тры дзесяцігоддзі таму літоўская эканоміка мела добрыя стартавыя магчымасці. Крызіс 1990-х быў у значнай ступені заканамерны з прычыны пераходу з планавай на рыначную сістэму гаспадарання, крызіс 1998—1999 гадоў тлумачыўся апасродкаваным уплывам цяжкасцяў расійскай эканомікі, а крызіс 2008—2009 гадоў — глабальным фінансавым крызісам, нагадаў Baltnews. Бягучы ж эканамічны крызіс, які пачаўся ў 2020-м, увабраў у сябе цэлую сукупнасць фактараў, адлюстраваўшы знешнія негатыўныя ўздзеянні, праявіўшы глыбокія ўнутраныя структурныя супярэчнасці літоўскай эканомікі, і стаў своеасаблівым пунктам незвароту.

З упартасцю самазабойцы

Цяперашні сістэмны крызіс літоўскай эканомікі небяспечны яшчэ і тым, што поўнасцю адмаўляецца ўрадам. Усе 30 гадоў незалежнасці адной з галоўных задач, пастаўленых перад прыбалтыйскімі дзяржавамі, была дэманстрацыя паспяховасці рыначных рэформаў на постсавецкай прасторы. Аднак, як аказалася, прыгожа было толькі на паперы. Статыстычная сістэма ЕС дае дастатковую колькасць шчылін для маніпулявання лічбамі нацыянальнай эканомікі, і Літва гэтымі шчылінамі паспяхова карыстаецца. Адна з іх — сфера транзіту праз Літву, калі транспартныя магутнасці і абарачэнне перавозчыкаў ідуць «у залік» ВУП краіны.

Таксама небяспечным спосабам дэманстрацыі неіснуючага эканамічнага развіцця стала хранічнае падганянне росту ВУП за кошт датацый з фондаў ЕС. Паводле папярэдніх прагнозаў, датацыі ЕС у 2021—2027 гадах створаць дадаткова 1,7 працэнта росту ВУП Літвы.

Транспартоўка грузаў — адзін са значных складнікаў эканомікі Літвы. У 2020 годзе ў краіне налічвалася больш за 8,5 тысячы транспартных прадпрыемстваў, колькасць занятых у гэтым сектары эканомікі складала больш за 128 тысяч чалавек. У 2019-м паслугі па транспарціроўцы прынеслі 7 мільярдаў еўра (6,5 % ВУП), ці 3/5 усяго экспарту паслуг. У 2020 годзе экспарт транспартных паслуг, якія прыпадаюць на Расію і Беларусь, паводле афіцыйных звестак, складаў два працэнты ВУП Літвы.

Гэта прытым, што сама па сабе транспартная сістэма Літвы вымушае жадаць лепшага. Цяпер чыгуначная і аўтамабільная інфраструктура краіны не адпавядае ні эканамічным, ні ваенным патрэбам, што зніжае агульную бяспеку рэгіёна. Чыгуначныя сеткі Літвы праходзяць у асноўным па восі «ўсход — захад» у Расію і Беларусь. Перспектыўныя ініцыятывы па паляпшэнні транспартнай інфраструктуры, такія як «Ініцыятыва трох мораў», Raіl Baltіca і Vіa Baltіca, акружаныя скандаламі, увесь час буксуюць з-за недахвату фінансавання, іх рэалізацыя пастаянна пераносіцца на перспектыву.

Рэлакалізацыя беларускага транзіту нафтапрадуктаў і калійных соляў самым адмоўным чынам паўплывае на фінансавыя паказчыкі Клайпедскага порта — аднаго з вядучых прадпрыемстваў-перавозчыкаў Балтыйскага мора.

Асноўным партнёрам Клайпеды ў галіне транспарту і транзіту грузаў наземным шляхам была Беларусь, грузы якой складалі каля траціны ад агульнага аб'ёму, што апрацоўваўся ў порце. Пры гэтым даччыная кампанія Літоўскіх чыгунак LTG Cargo штогод транспартавала прыкладна 10 мільёнаў тон мінеральнага ўгнаення з Беларусі на суму 60 мільёнаў еўра.

Клайпедскаму порту прадказваюць «паўпусты» 2022 год. Кіраўнік Асацыяцыі партовых кампаній Вайдотас Шылейка заявіў, што гавань ужо адчувае наступствы канфлікту з Кітаем і антыбеларускіх санкцый. Кліенты пачалі пераводзіць свой транзіт у парты Латвіі і Польшчы, каб пазбегнуць санкцый з боку Пекіна, ды і ўрад з упартасцю самазабойцы імкнецца поўнасцю перакрыць паток беларускіх угнаенняў. Выратаваць жа Клайпедскі порт у тэорыі могуць новыя кліенты, аднак давесці іх да пагрузачных тэрміналаў будзе вельмі цяжка: усе шляхі ідуць праз Беларусь, а іншых пакуль няма, растлумачыў Вайдотас Шылейка. Таму грузаабарот можа абваліцца не менш чым на 40 працэнтаў. І гэта самы аптымістычны сцэнарый.

Сумны Вялікдзень

У Літве найвышэйшая інфляцыя сярод астатніх членаў ЕС (15,5 % у сакавіку), кампаніі змагаюцца за сваю канкурэнтаздольнасць, паколькі сыравіна з Украіны, Расіі і Беларусі больш не дастаўляецца, а альтэрнатыўная прадукцыя з іншых краін каштуе значна даражэй.

Жыхары Літвы рыхтуюцца да найдаражэйшага Вялікадня за апошнія пяць гадоў, заўважае бельгійскае выданне Modern Dіplomacy.

Прадуктовая інфляцыя дасягнула двухзначных значэнняў, і літоўцы перажываюць, што ім давядзецца выдаткаваць куды больш, каб накрыць традыцыйны стол. Па словах эканамістаў, не толькі яйкі стануць дарагой велікоднай стравай, сланечнікавы алей таксама падаражэў, прычым самыя танныя маркі — практычна ўдвая. У выніку кошт маянэзу ўзрос на траціну. Падаражэнне круп прывяло да росту цэн на хлебабулачную прадукцыю. Свініна на 11 % даражэйшая, чым летась. Чакаецца, што высокая інфляцыя застанецца ўстойлівай на працягу ўсяго года.

Усе дзеянні літоўскіх уладаў нелагічныя і нават небяспечныя для краіны, кастатуе Modern Dіplomacy. У прыватнасці, стала вядома, што краіна плануе выдаткаваць 60 мільёнаў еўра на будаўніцтва сеткі аўтамабільных дарог і чыгунак для ваенных мэт. Літоўскі ўрад мае намер абнавіць іх у найбліжэйшы час, каб палепшыць мабільнасць замежнага ваеннага персаналу. Аб гэтым міністр транспарту і сувязі Марус Скуадзіс заявіў у канцы сакавіка. «Адным з прыярытэтных напрамкаў з'яўляецца стварэнне маршруту Vіa Baltіca з Марыямпале да польскай граніцы», — заўважыў Скуадзіс на цырымоніі адкрыцця моста ў Каўнасе.

НАТА падвоіла ваенную прысутнасць у краінах Прыбалтыкі, заявіў міністр абароны Арвідас Анушаўскас. Дадатковае разгортванне вайскоўцаў будзе каштаваць нямала. Літоўцам давядзецца ў два разы больш плаціць не толькі за энергію, але і за натаўскіх салдат. 24 сакавіка на саміце НАТА прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа заклікаў саюзнікаў умацоўваць усходнюю граніцу. Паводле яго слоў, «Літва гатовая размясціць у сябе яшчэ большую колькасць ваеннага кантынгенту і прадаставіць усю неабходную інфраструктуру і дапамогу на тэрыторыі дзяржавы». Як заўважыла Modern Dіplomacy, наўрад ці літоўцы будуць у захапленні ад перспектывы забяспечваць замежных вайскоўцаў, калі самі перажываюць сур'ёзныя фінансавыя цяжкасці.

Дзяржава, якая знікае

Больш за 20 працэнтаў жыхароў Літвы не можа сабе дазволіць купіць мяса ці рыбу (або паўнавартасныя вегетарыянскія заменнікі таких прадуктаў). Гэта адзін з найгоршых паказчыкаў у Еўропе. Дадзеныя звесткі апублікавала статыстычная служба Еўрапейскага саюза, паведаміў партал Delfі. Дырэктар Нацыянальнай сеткі арганізацый па зніжэнні галечы Айстэ Адамавічэне сказала: людзі, якія не могуць купіць мяса, не могуць дазволіць сабе і аплаціць рахункі. «Што да галечы, то ў Літве гэта заўсёды было праблемай, — адзначыла яна. — Каля 20 працэнтаў жыхароў сутыкаецца з галечай, якая абумоўленая невялікімі даходамі. У Літве маленькія не толькі розныя дапамогі, пенсіі, але і зарплаты. Ледзьве канцы з канцамі зводзяць 8 працэнтаў людзей, якія працуюць», — сказала Айстэ Адамавічэне.

Сярод адзінокіх бацькоў 40 працэнтаў сутыкаецца з галечай. У групе рызыкі таксама шматдзетныя сем'і, інваліды, пенсіянеры.

«Спосабы зніжэння галечы, якія прымяняюцца дзяржавай, недастатковыя. Жыццё людзей не проста не паляпшаецца, але часта нават пагаршаецца», — заўважыла Айстэ Адамавічэне. У Літве ў паловы жыхароў няма фінансавай «падушкі», якая б дазволіла ім перажыць складаны час, таму рост цэн можа стаць праблемай і для жыхароў з сярэднім дастаткам, адзначыла эксперт.

З-за імклівага росту тарыфаў непад'ёмнымі сталі камунальныя рахункі. У постсавецкі час Літва цалкам страціла канкурэнтаздольнасць у энергетыцы і з краіны-донара ператварылася ў краіну, якая цалкам залежыць ад еўрапейскіх пастаўшчыкоў энерганосьбітаў.

Нагадаем, што пасля распаду Савецкага Саюза права на былую дзяржаўную ўласнасць перайшло да асобных рэспублік, якія сталі незалежнымі. У Літве ўсе найбольш значныя аб'екты энергетычнай інфраструктуры перайшлі да ўрада, які, у сваю чаргу, заснаваў публічныя кампаніі для кіравання гэтай маёмасцю. Менавіта так была створана кампанія Lіetuvos energіja, якая пачала кіраваць усёй электраэнергетыкай, у тым ліку Ігналінскай атамнай электрастанцыяй. Якую, аднак, Літва закрыла, ператварыўшыся з прадаўца электрычнай энергіі ў пакупніка.

Тры дзесяцігоддзі «рэформаў» пад патранажам Еўрасаюза, палітычным уплывам і з ваеннай прысутнасцю ЗША прывялі Літву да сітуацыі, блізкай да цугцвангу, адзначыў Baltnews. Самым наглядным іх вынікам можна лічыць катастрафічную дэпапуляцыю (мінус 24 працэнты з 1990-га да 2020 года). Ніякія лічбы, якія дэманструюць эканамічны рост, не могуць кампенсаваць знікненне самой дзяржавы. А Літва імкліва набліжаецца да такога знікнення. Згодна з прагнозам Еўрастата, насельніцтва краіны працягне змяншацца і да 2070 года складзе ўсяго 1,8 мільёна чалавек.

«На фоне страты фінансавай падтрымкі з боку ЕС, наступстваў каранавіруса, пагаршэння адносін з Кітаем адзінай магчымасцю для Літвы спыніць дэпапуляцыю і захаваць рост эканомікі з'яўляецца паляпшэнне адносін з Саюзнай дзяржавай Расіі і Беларусі, а таксама разварот ад паўночнаатлантычнага вектара развіцця да еўразійскага», — заўважыў Baltnews. Вільнюс, на жаль, такіх высноў для сябе не зрабіў. І выбраў цугцванг.

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 13 красавіка 2022

Кoличество переходов на страницу: 205