https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Цмок і цюцька. Чаму Літва раззлавала Кітай?


Кітай панізіў дыпламатычныя адносіны з Літвой да ўзроўню паверанага ў справах. Аб гэтым паведаміла ТАСС са спасылкай на МЗС КНР. У заяве ведамства ўдакладняецца, што, нягледзячы на рашучыя пратэсты з боку Кітая, Літва ўхваліла стварэнне так званага «прадстаўніцтва Тайваня ў Літве». «Кітай у сувязі з гэтым выказвае рэзкую незадаволенасць», — дадалі ў МЗС. Адносіны Літвы і Кітая абвастрыліся сёлета ў жніўні, калі літоўскія ўлады далі афіцыйную згоду на адкрыццё прадстаўніцтва Тайваня. Пекін пайшоў на рашучыя меры — адклікаў свайго пасла і звярнуўся да літоўскага боку з просьбай адклікаць свайго прадстаўніка з КНР, што Вільнюс і зрабіў у пачатку верасня. Чаму Літва раззлавала Кітай, чаго чакаць надалей?

Не тым шляхам

Некалькі гадоў таму Літва імкнулася сябраваць з Кітаем. Вільнюс цікавіўся транснацыянальным праектам «Адзін пояс — адзін шлях», які ініцыіраваў старшыня КНР Сі Цзіньпін. Глабальная ініцыятыва ў тым ліку плануе стварэнне транспартнай інфраструктуры для перамяшчэння тавараў паміж Паднябеснай і Заходняй Еўропай. Літва разлічвала атрымаць кітайскія інвестыцыі і загрузіць свае парты на Балтыцы. У лістападзе 2018 года тагачасны прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ наведала Паднябесную. Падчас візіту кіраўнік дзяржавы называла Кітай важнай для Вільнюса краінай, рэкламавала літоўскія прадукты харчавання, а ў Шанхаі асабіста сустрэлася са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, нагадаў іz.ru.

Аднак неўзабаве сітуацыя кардынальна змянілася. Паміж ЗША і Кітаем разгарнулася гандлёвая вайна, і амерыканскі Дзярждэп рэкамендаваў сваім саюзнікам і сатэлітам адмовіцца ад узаемадзеяння з Пекінам. У 2019 годзе дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы ўпершыню ў сваёй справаздачы назваў Кітай пагрозай. Сцвярджалася, што КНР запаўняе рэспубліку шпіёнамі, вярбуе чыноўнікаў, імкнецца атрымаць доступ да засакрэчанай інфармацыі. У сваю чаргу, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа папярэджваў, што магчымыя інвестыцыі Кітая ў будаўніцтва глыбакаводнага порта ў Клайпедзе могуць... нашкодзіць нацыянальнай бяспецы краіны.

Характэрнай для новага тыпу адносін стала кампанія супраць карпарацыі Huaweі. Тая збіралася ўстанавіць у Літве сістэму мабільнай сувязі пятага пакалення (5G). Але літоўскія палітыкі абвінавацілі Huaweі ў сачэнні і шпіянажы. «Ёсць пэўная інфармацыя аб тым, што там існуюць так званыя backdoors, праз якія можна выцягваць даныя з камер, тэлефонаў ці той жа сістэмы 5G», — казаў кіраўнік ДДБ Дарус Яўнішкіс. Пазней рэспубліка афіцыйна адмовіліся ад кітайскага абсталявання. Пры гэтым кіраўнік тэлекамунікацыйнай кампаніі Telіa Lіetuva Дон Стромберг прызнаў, што надзвычай перспектыўнае і выгаднае супрацоўніцтва разарвалі па геапалітычных прычынах.

У 2020 годзе дэпартамент дзяржбяспекі Літвы выпусціў новую справаздачу, у якой абвінаваціў Пекін у імкненні да тэхналагічнай перавагі. Цікава, што дакумент з'явіўся ў разгар пандэміі каранавіруса. Неўзабаве пасля гэтага Кітай адправіў прыбалтыйскай рэспубліцы гуманітарную дапамогу — 20 тысяч масак і 120 тысяч пальчатак. Прыгожы жэст у Вільнюсе, зрэшты, не ацанілі. Восенню мінулага года ў краіне прайшлі парламенцкія выбары, на якіх перамогу атрымалі кансерватары з партыі «Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты». Адразу пасля абвяшчэння вынікаў галасавання ў аб'яднанні паабяцалі абараняць дэмакратыю па ўсім свеце — «ад Беларусі да Тайваня».

У кут за паводзіны

Нядзіўна, што сёлета канфлікты працягнуліся. У лютым Вільнюс адмовіўся купляць сканеры для надгляду багажу ў аэрапортах ад кітайскай кампаніі Nuctech. Тая прапанавала самыя выгадныя ўмовы і выйграла тэндар, але ўрадавая камісія заблакіравала здзелку. «Літва вырашыла не быць часткай тэхнасферы, якая ствараецца і кантралюецца Кітаем», — заявіў кіраўнік парламенцкага камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынас Кашчунас.

Увесну гэтага года літоўскія парламентарыі ўзнялі ўйгурскае пытанне. Вільнюс сам адчайна напрошваўся і нават правакаваў абвастрэнне. У маі Літва гучна выйшла з кітайскага блока 17+1. Гэты фармат зарадзіўся ў 2012 годзе як пляцоўка для супрацоўніцтва Кітая з краінамі Усходняй Еўропы для рэалізацыі праекта «Новага шаўковага шляху». І не проста выйшла, а заклікала іншыя краіны ЕС рушыць услед гэтаму ж прыкладу. «Такой рэчы, як «17+1», больш не існуе, паколькі там адсутнічае Літва», — цытавала ў канцы мая выданне Polіtіco словы відавочна задаволенага сабой кіраўніка МЗС Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса.

Гісторыя з адкрыццём прадстаўніцтва Тайваня стала чарговай чырвонай рысай, якую перайшла Літва ў адносінах з Кітаем. Эксперты лічаць, што Паднябесная відавочна не пакіне без увагі дэмарш Літвы. «Вільнюс доўгія гады спрабаваў сфарміраваць максімальна антыкітайскую пазіцыю сярод усіх членаў ЕС па уйгурскім, тыбецкім і іншых пытаннях. Мабыць, Літва мае на мэце стаць у вачах Вашынгтона ўмоўным цэнтрам супраціву Расіі і Кітаю ва Усходняй Еўропе», — заўважыў spbvedomostі.ru кітаязнаўца Мікалай Вавілаў.

Як лічыць намеснік дырэктара Інстытута Далёкага Усходу РАН Андрэй Астроўскі, «было б нядрэнна аб наступствах падумаць». «Рэакцыя Кітая прадказальная, — заўважыў ён. — КНР заўсёды вельмі цвёрда рэагуе на любыя дзеянні, якія ствараюць пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.

А рашэнне адкрыць прадстаўніцтва Тайваня з'яўляецца менавіта такім крокам». Па словах эксперта, у літоўскім МЗС павінны былі гэта разумець і пралічыць наступствы. Тым больш што іх суседзі-латышы ўжо зрабілі такое глупства — у 1992 годзе адкрылі ў сябе прадстаўніцтва Тайваня. Кітай адрэагаваў гэтак жа імкліва і жорстка, як і зараз. «Характэрна, што тады праз два гады тайваньскае прадстаўніцтва латышы закрылі, прычым з прабачэннямі перад Кітаем. І падстаў меркаваць, што рэакцыя Пекіна на дзеянні Вільнюса сёння будзе іншая, няма», — заўважыў аналітык.

Эксперты сцвярджаюць, што Літва стала адным з ініцыятараў абвастрэння адносін ЕС з КНР. «Вільнюс імкнецца цесна ўзаемадзейнічаць з Вашынгтонам, выступае ў ролі правадніка амерыканскай палітыкі ў рэгіёне. Зразумела, што Пекін зможа абысціся без прыбалтыйскай рэспублікі, эканамічна Літва зацікаўлена ў супрацоўніцтве значна больш», — адзначыў іz.ru Мікалай Вавілаў.

Пры гэтым, як лічыць прафесар МДІМА Кірыл Коктыш, у цяперашнім канфлікце Літвы і КНР Вільнюсу не варта разлічваць на дапамогу Бруселя. «Прыбалтыйскія краіны занадта ўжо трапятліва прыслухоўваюцца да Вашынгтона, Літва не з'яўляецца выключэннем і нават па сваёй «чуласці» ідзе на першым месцы. Усе яны ва ўсім арыентуюцца на ЗША, і гэта насцярожвае Еўрасаюз. Любыя цяжкасці, якія ў іх узнікаюць, насамрэч на руку Бруселю, таму што гэта можа падарваць уплыў па-праамерыканску настроеных палітычных эліт і прывядзе да ўзмацнення ўплыву Бруселя на ўсходнееўрапейскіх членаў ЕС. Таму яны, канешне, могуць дапамагчы, а могуць і не дапамагаць. Атрымліваецца, што сваімі паводзінамі Літва сама загнала сябе ў кут», — заключае аналітык.

Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута Еўропы РАН Мікалай Мяжэвіч кажа, што рацыянальнаму тлумачэнню літоўская знешняя палітыка не паддаецца. «ВУП рэспублікі ў разы меншы за ВУП аднаго Шанхая. Паводзіны Літвы не ўпісваюць у тэорыю міжнародных адносін. Але трэба разумець, што літоўскія ўлады дзейнічаюць не ў сваіх інтарэсах, а ў інтарэсах ЗША. Калі памятаць пра гэта, то ўсё ўстае на свае месцы», — падкрэсліў эксперт.

Шмат рычагоў

Яшчэ ў жніўні, калі пачала разгортвацца гісторыя з адкрыццём прадстаўніцтва Тайваня, кітайская Chіna Raіlway Contaіner Transport Corp. праінфармавала кліентаў у Літве аб тым, што прамыя грузавыя цягнікі з Паднябеснай у балтыйскую рэспубліку адмяняюцца. Гэта зрабілі «ў сувязі з напружанай палітычнай сітуацыяй паміж краінамі». Прэзідэнт Літоўскай канфедэрацыі прамыслоўцаў Відмантас Янулявічус заўважыў літоўскаму парталу 15mіn, што гэта балючае рашэнне, бо літоўскі бізнес перажывае адразу некалькі ўдараў, у тым ліку санкцыі супраць Беларусі і пошук новых пастаўшчыкоў сыравіны.

Таксама высветлілася, што спыняюцца не толькі кітайскія цягнікі ў Літву — экспарцёры краіны скардзяцца, што Кітаю аказалася больш не патрэбная літоўская прадукцыя — мэбля, малочная прадукцыя, збожжа... Дырэктар мэблевага прадпрыемства Medvіta Арунас Залецкіс распавёў парталу Delfі, што 99 працэнтаў продажаў кампаніі — у Кітай. Зараз продажы застопарыліся, і прадпрымальнік плануе ўвогуле вывесці свой бізнес з Літвы: «Кітайцы нідзе не хочуць бачыць літоўскую кампанію».

Не хавае свайго расчаравання і кіраўнік аднаго з найбуйнейшых у краіне прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака «Vіlkyskіu pіenіne» Гінтарас Берташус: раней урад Літвы заахвочваў паездкі ў Кітай, арганізоўваў бізнес-місіі, а зараз усё наадварот. Кіраўнік кампаніі сцвярджае, што продажы на гэтым рынку спыніліся, вытворчасць падае. Нават літоўскія збожжавыя больш не ходзяць па «Шаўковым шляху». «Нашы партнёры ў Кітаі проста шукаюць прычыны для разрыву гандлёвых адносін», — прызнае прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі перапрацоўшчыкаў і гандляроў збожжам і кіраўнік кампаніі Agrokoncerno grudaі Караліс
Шымас.

Эксперты справядліва ўказваюць на тое, што ў Літве ўжо цяпер ледзь не ўсё закручана вакол «Зроблена ў Кітаі», а Пекін можа знайсці спосабы паўплываць не толькі на прамыя гандлёвыя плыні паміж краінамі, але і задушыць літоўскую эканоміку акруговымі шляхамі. «Кітай — вялізная краіна. Праз некалькі гадоў па намінальным унутраным валавым прадукце ён можа стаць найбуйнейшай эканомікай свету. Па парытэце пакупніцкай здольнасці ён ужо з'яўляецца сусветным лідарам. У яго шмат рычагоў уплыву на розныя краіны, у тым ліку і на ЕС, з якім у Пекіна вельмі моцныя гандлёвыя сувязі», — сказаў тэлеканалу Lіetuvos rytas літоўскі палітолаг Лінас Каяла.

Камар у катле

Літва — вельмі маленькая і слабая краіна, навошта яна ўтварае хаос, здзіўляецца адна з найбуйнейшых і ўплывовых у КНР газета «Хуаньцю шыбаа» (выданне спецыялізуецца на асвятленні міжнародных падзей, агульны тыраж — каля 2 мільёнаў асобнікаў. Партал «Хуаньцюван» — адзін з самых наведвальных у Паднябеснай: штодзённая аўдыторыя дасягае больш за 100 мільёнаў чалавек) у сваім рэдакцыйным артыкуле, нагадваючы, што Пекін абвясціў аб паніжэнні дыпламатычных адносін з Вільнюсам.

«Выкладаючы прычыны дыпламатычнага паніжэння, Кітай выкарыстоўваў вельмі стандартныя фармулёўкі», — адзначае выданне. Пры гэтым яно папярэджвае, што дзяржаўныя паводзіны і дыпламатычная мова КНР сведчаць аб тым, што ён проста «трымае сябе ў рамках дазволенага». «Навошта Літве пераходзіць дарогу Кітаю? Насельніцтва гэтай краіны меншае за колькасць людзей, якія пражываюць у раёне Чааян Пекіна. Літва — гэта нават не моська, якая брэша на слана (ці звяглівая і надакучлівая цюцька насуперак дракона.), яна — не больш чым блыха», — абураецца «Хуаньцю шыбаа».

Як падкрэслівае газета, «нават калі Кітай разарве дыпламатычныя адносіны з такой маленькай несумленнай краінай, дазволіўшы ёй устанавіць дыпламатычныя адносіны з Тайванем, гэта будзе не больш чым дабаўленне яшчэ аднаго камара ў кацёл кітайскай дыпламатыі». У артыкуле «Хуаньцю шыбаа» таксама звяртаецца ўвага на тое, што «парламенты Злучаных Штатаў і заходніх краін пачалі дастаўляць усё больш праблем Пекіну, «з'явіліся такія ашуканцы, як Літва, якія патрабуюць кампенсацыю за нанесеную імі ж шкоду».

«Рашэнне праблемы наконт таго, як справіцца з недастатковай стратэгічнай мудрасцю Літвы, цалкам знаходзіцца ў руках Пекіна», — рэзюмуе выданне. EADaіly дадае, што чытачы «Хуаньцю шыбаа» прапанавалі падзяліць Літву паміж Расіяй і Беларуссю, адрэагаваўшы такім чынам на дыпламатычныя супярэчнасці паміж афіцыйнымі Пекінам і Вільняй.

Нагадаем, што раней у лістападзе старшыня КНР Сі Цзіньпін падчас анлайн-сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам перасцярог Штаты ад гульняў з незалежнасцю Тайваня. Байдэн паабяцаў не падтрымліваць незалежнасць Тайваня і не ствараць саюзаў супраць Кітая.

Тым часам кіруючая кааліцыя Германіі заявіла, што выступае за дыялог з Кітаем. Пра гэта гаворыцца ў тэксце кааліцыйнага пагаднення, якое заключылі сацыял-дэмакраты, лібералы і «зялёныя» — партыі, якія прадстаўляюць наступны ўрад ФРГ. «Мы імкнёмся да супрацоўніцтва з Кітаем усюды, дзе гэта магчыма», — адзначаецца ў пагадненні.

На гэтым фоне дзеянні літоўскіх улад выглядаюць проста вар'яцтвам. Што дазваляе, напрыклад, лідару парламенцкай апазіцыі Рамунасу Карбаўскісу сцвярджаць: «У нас самы безнадзейны ўрад у гісторыі Літвы. Імпатэнты цягнуць краіну ў прорву». Не паспрачаешся.

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 28 лістапада 2021

Кoличество переходов на страницу: 171