https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


"Свет не стаў больш бяспечным" - Прэзідэнт перасцярог ад самазаспакоенасці пры рэагаванні на знешнія і ўнутраныя выклікі


Упершыню з сярэдзіны мінулага стагоддзя свет знаходзіцца за крок ад узнікнення глабальнага процістаяння з самымі непрадказальнымі наступствамі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 13-га лютага на пасяджэнні Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь.

У якасці галоўнага пытання на гэтым пасяджэнні абмяркоўвалася ваенная бяспека дзяржавы. На такім жа пасяджэнні, якое запланавана правесці на наступным тыдні, будзе абмяркоўвацца тэматыка, звязаная з праваахоўным блокам.

У цэлым на мерапрыемстве разгледжаны ключавыя пытанні нацыянальнай бяспекі, ацэнена работа адпаведных дзяржаўных органаў у мінулым годзе і намечаны задачы на бліжэйшую перспектыву.

Пра абстаноўку ў свеце

"Скажу шчыра, ужо даўно мы не сустракалі новы год з такім трывожным настроем, як гэта было ўчора і сёння. Справа ў тым, што свет не стаў больш бяспечным", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў пашырэнне геаграфіі і маштабаў сутыкненняў інтарэсаў цэнтраў сілы, што, у сваю чаргу, абумоўлівае практычна пастаяннае ўзрастанне нестабільнасці.

"У цэлым за мінулы год не ўдалося пагасіць ні адзін з існуючых узброеных канфліктаў. Больш таго, узніклі новыя ачагі напружанасці, а палітычная канфрантацыя дзяржаў і блокаў атрымлівае заканадаўчае замацаванне ў нацыянальных стратэгіях. Даўно мы гэта ўжо так адкрыта не чулі. Упершыню з сярэдзіны мінулага стагоддзя свет знаходзіца за крок ад узнікнення глабальнага процістаяння з самымі непрадказальнымі наступствамі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць у сувязі са спекуляцыямі некаторых краін на тэму ядзернай зброі, мілітарызацыі Усходне-Еўрапейскага рэгіёна, а таксама беспрэцэдэнтным нарошчваннем ваеннага патэнцыялу краін - суседзяў Беларусі.

"Гэта датычыцца як павелічэння колькасці іх узброеных сіл, так і расходаў на абарону", - адзначыў ён.

Пра сітуацыю ва Украіне і перагаворную пляцоўку

"Па-ранейшаму з трывогай успрымаецца развіццё сітуацыі ў нашага бліжэйшага паўднёвага суседа. Беларусь прадаўжае забяспечваць неабходныя ўмовы для правядзення рэгулярных пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы. У 2017 годзе адбылося амаль трыццаць такіх сустрэч", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Лічу, што, нягледзячы на розныя і даволі нечаканыя заявы (для грамадскасці, можа, нечаканыя, для мяне - цалкам чаканыя заявы), рэальнай альтэрнатывы гэтай перагаворнай пляцоўцы на сённяшні дзень не існуе", - дадаў ён.

Пра саюзніцкія адносіны Беларусі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што разам з няспыннымі ўзброенымі канфліктамі і дэманстрацыяй гонкі ўзбраенняў актыўна выкарыстоўваюцца і іншыя формы міжнароднага націску. У іх ліку разнапланавыя санкцыі, шантаж, прыёмы эканамічнага ўдушэння, інфармацыйныя аперацыі.

У той жа час механізмы падтрымання міжнароднай бяспекі практычна не працуюць. У гэтых умовах асаблівае значэнне набываюць саюзніцкія адносіны Беларусі.

У мінулым годзе краіна старшынствавала ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

"Нам удалося прыняць шэраг мер, накіраваных на развіццё ўзброеных сіл краін АДКБ, умацаванне іх ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, узмацненне пазіцый у свеце, - адзначыў Прэзідэнт. - Павінен вам сказаць, нягледзячы на прымаемыя намі намаганні, мы зыходзілі з магчымага, уносілі на разгляд тыя пытанні, якія магчыма прыняць нават у такім невялікім фармаце па колькасці, як АДКБ. Цяжка ўзгадняюцца пытанні, якія нясуць вялікія матэрыяльныя затраты. Я маю на ўвазе ўзбраенне".

"Калі ўвогуле гаварыць, мы вельмі сур'ёзна ў АДКБ недаацэньваем небяспеку той сітуацыі, якая складваецца. Расія сама па сабе мадэрнізуе ўзброеныя сілы. Мы нешта спрабуем разам з іншымі членамі ўзбройвацца, мадэрнізавацца і гэтак далей. Кожны сам па сабе", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, асноўны цяжар па абароне агульнай прасторы ў выпадку неабходнасці, зразумела, ляжа на Расію.

"Але сур'ёзнага разумення ў кіраўніцтва Расіі сёння аб тым, што трэба на найбольш небяспечных напрамках нашай агульнай сумеснай абароны ўмацоўваць нацыянальныя ўзброеныя сілы - Беларусі, Казахстана, Арменіі, іншых краін, - няма. І гэта вельмі балюча можа адгукнуцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Я не ў тым плане, што мы хочам або чарговы раз, як у іх прынята гаварыць, патрабуем нейкіх грошай на нейкія мерапрыемствы. Але трэба разумець, што, дапусцім, Беларусь з'яўляецца асноўным фарпостам, у тым ліку і Расійскай Федэрацыі, на заходнім напрамку, - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. - А тут сёння найбольш небяспечны напрамак. Хоць і канцэнтрацыя негатыўных з'яў у Афганістане не можа заспакойваць нас і на паўднёвым напрамку".

"Таму ў гэтых адносінах нам вельмі сур'ёзна, прынамсі, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, трэба падумаць і прымаць рашэнне. Нам трэба самым сур'ёзным чынам не проста мадэрнізаваць нашы ўзброеныя сілы, а трэба ўдасканальваць і больш актыўна прыстасоўваць да магчымых баявых дзеянняў. Магчымых. Зыходзячы з вопыту вядзення войнаў і канфліктаў у сучасны час", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сувязі з гэтым асаблівае значэнне мае стратэгічнае партнёрства з Расіяй.

"Нягледзячы на розныя домыслы, інфармацыйную шуміху, роўна і спакойна праведзена сумеснае стратэгічнае вучэнне "Захад-2017". Цяпер сумесна выпрацоўваюцца меры па зняцці перашкод у пагранічнай і мытнай сферы, у галіне візавай палітыкі і іншыя", - сказаў Прэзідэнт.

Пра ваенную бяспеку Беларусі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія некалькі гадоў была праведзена істотная работа па падтрыманні беларускіх злучэнняў і воінскіх часцей у боегатовым стане. У армію пастаўляюцца найноўшыя распрацоўкі айчыннага і сусветнага ваенпрама, арганізуецца інтэнсіўная баявая падрыхтоўка.

"Вядома, усё гэта каштуе вялікіх грошай. Ураду трэба ўважліва суадносіць неабходнае і магчымае. Аднак і перабояў у фінансаванні Узброеных Сіл быць не павінна, асабліва адносна ўзбраення і аснашчэння. Пры гэтым задачай Мінабароны з'яўляецца набыццё самага неабходнага, размеркаванне сродкаў з максімальнай эфектыўнасцю і недапушчэнне "размазвання" грошай", - даручыў беларускі лідар.

Ён папярэдзіў міністра абароны, што ўсё, што ёсць у арміі, пачынаючы ад стралковай зброі, бранятэхнікі і заканчваючы лятальнымі апаратамі і ракетамі, павінна быць у ідэальным стане.

"Вы павінны быць сапраўднымі гаспадарамі і берагчы гэту маёмасць. Гэта сёння нятанна каштуе", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"І хачу вас перасцерагчы ад таго, каб рэфармаванне Узброеных Сіл вылівалася ў бясконцы працэс, які падмяняе сабой рэальнае развіццё і ўмацаванне арміі. Думаю, што праводзімая цяпер праверка Узброеных Сіл дасць магчымасць ацаніць рэальны стан іх баявой гатоўнасці", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, прыняты даволі строгія, але своечасовыя меры па развіцці беларускага ваенна-прамысловага комплексу. Да гэтага часу ў Беларусі ўдалося стварыць крэатыўны кластар у асобе генеральных канструктараў і спецыялістаў ваенных вытворчасцей.

"Папярэджваю, каб гэта была не проста заява. Мы гэта пытанне вывучым, наколькі крэатыўны гэты кластар", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што высокаэфектыўныя віды ўзбраенняў запатрабаваны не толькі ў Беларусі, але і на знешніх рынках.

"Удалося рушыць наперад у новых для іх краіны галінах: ракетабудаванні, стварэнні сучасных зенітна-ракетных комплексаў, браніраванай тэхнікі. Аднак наперадзе яшчэ нямала трэба будзе зрабіць. Новыя пакаленні ўзбраенняў, беспілотныя комплексы, радыёэлектронныя сродкі, робататэхніка - гэта няпоўны пералік таго, над чым мы працуем і давядзецца нам яшчэ працаваць. Патрабуецца і больш актыўнае ўкараненне ў вытворчы цыкл найноўшых распрацовак, скарачэнне тэрмінаў іх давядзення да серыйнага выпуску", - заявіў Прэзідэнт.

Пра навядзенне парадку ў арміі

Кіраўнік дзяржавы папрасіў міністра абароны праінфармаваць Савет бяспекі, якія меры прымаюцца для навядзення парадку ў арміі, павышэння матывацыі і паляпшэння ўмоў службы.

"Вельмі дрэнна, што ў Міністэрстве абароны аказаліся ўпушчаны пытанні работы з асабовым складам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Можа, не так аб'ёмна, як я толькі што сказаў, але такія факты мы ведаем. Выпадкі нестатутных узаемаадносін, іншыя парушэнні - гэта тыя з'явы, пра якія мы, здавалася б, павінны былі даўно забыць".

"Чым займаецца ідэалагічная і выхаваўчая вертыкаль у ваенным ведамстве? Як відаць, адпаведныя кіраўнікі закрыліся паперамі, фармалізмам і даўно ўстарэлымі формамі работы", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Органам пракуратуры ён адрасаваў пытанне, чаму сістэма разгортваецца толькі пасля надзвычайных здарэнняў. "Як будзе ў далейшым забяспечвацца захаванне законнасці ў воінскіх калектывах? Думаю, нашай Генеральнай пракуратуры і пракуратуры наогул пара ўжо ад эпізадычных заяў у СМІ пераходзіць да больш сістэмнай работы", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён запатрабаваў ад ваеннага ведамства неадкладна ўзмацніць ідэалагічную работу, у тым ліку інфармацыйную.

"Пакуль гэта ў вас не атрымліваецца. Адзначу, што і асвятленне вучэнняў "Захад-2017" у СМІ спачатку было арганізавана нездавальняюча", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра забеспячэнне правапарадку і абароны грамадзян

"Гэта ўсё тое, у імя чаго мы сёння жывём, у імя чаго існуе наогул наша ўлада. У краіне ўдаецца многае зрабіць для бяспекі людзей. Абароне грамадства і кожнага чалавека ў Беларусі заўсёды надаецца першараднае значэнне. Мы па праву ганарымся тым, што Беларусь - адносна спакойная і бяспечная краіна. Але заспакойвацца нельга", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, сёння выразна прасочваюцца тэндэнцыі зніжэння злачыннасці. За апошнія дзесяць з невялікім гадоў удвая знізіўся ўзровень крыміналізацыі грамадства. Зменшылася колькасць пацярпелых з-за злачынных замахаў, а таксама колькасць дарожна-транспартных здарэнняў. У тры разы менш садзіцца за руль нецвярозых вадзіцеляў, скарачаецца колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап'янення.

"Хоць з гэтым злом давядзецца яшчэ доўга і сур'ёзна змагацца", - сказаў Прэзідэнт. Акрамя таго, няўхільна павышаецца раскрывальнасць злачынстваў. Усё радзей у аператыўных зводках фігуруюць падлеткі. Палепшылася абстаноўка на вуліцах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Даволі эфектыўна працуе сістэма па выяўленні і спыненні карупцыі, асабліва ў дзейнасці органаў дзяржбяспекі.

"Аднак абстаноўка яшчэ вельмі далёкая ад спрыяльнай. Нягледзячы на прыведзеныя мною лічбы, у год учыняецца больш за 86 тыс. злачынстваў і амаль 3 тыс. ДТЗ. Штогод ад гэтага гіне тысяча чалавек. Гэта вельмі шмат! Прычым у мінулым годзе, нягледзячы на зніжэнне колькасці ДТЗ, колькасць загінулых на дарогах практычна не змянілася, а дзяцей - павялічылася", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Пра аўтарытэт міліцыі

Ён звярнуў увагу, што па-ранейшаму аварыі на дарогах здараюцца з удзелам супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

"Аб якім аўтарытэце міліцыі можна тады гаварыць? Пытанне адно да міністра - калі будзе наведзены парадак?" - сказаў Прэзідэнт.

"Парадак ва ўсім! Каб вы мне не пісалі, што там некаторыя "круцякі" ў нас з'явіліся. Гэта ж не дзеці простых людзей. А самі крутыя і іх дзеткі сёння на квадрацыклы, снегаходы і пайшлі па азімых, па палях, на што я звяртаў увагу, а вы мне адпіскі пішаце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў строга прыцягваць да адказнасці за такія факты, аж да канфіскацыі транспартных сродкаў. "Вось і ўсё вырашэнне пытання, - сказаў ён. - Я хачу, каб гэту маю заяву грамадства пачула".

Пра злачыннасць у быце і наркаманію

"Выклікае трывогу рост дамашняга насілля, злачыннасці ў быце, у адносінах да непаўналетніх, у тым ліку з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт. Трэба разабрацца ў эфектыўнасці работы МУС у гэтай сферы", - даручыў Прэзідэнт.

"Мы не можам дапусціць, каб нейкі бандзюган здзекаваўся з дзяцей у сям'і і з жанчыны. Не можам. Гэтаму павінен быць пакладзены канец! Рабіце што хочаце. Гэта ж нікуды не варта, што дзеці баяцца дамоў ісці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае пытанне - забеспячэнне абароны правоў і спакою кожнага чалавека".

Акрамя гэтага, прадоўжыў ён, праваахоўнікі бадзёра рапартуюць, што не за гарамі перамога над наркаманіяй.

"Аднак на граніцы затрымліваюцца тоны наркотыкаў, пры гэтым пераважная колькасць крымінальных спраў узбуджаецца за дзясятыя і сотыя долі грамаў. Прыцягваюць да адказнасці за ўсялякую дробязь, а чаму не ловяць буйных наркагандляроў?" - паставіў пытанне беларускі лідар.

Ён дадаў, што з году ў год павялічваецца колькасць загінулых ад атручэння сурагатамі алкаголю.

"Хацеў бы пачуць, якія меры прымаюццца для папярэджання і спынення трапляння фальсіфікаванага алкаголю на ўнутраны рынак?" - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

"Ад генеральнага пракурора і міністра ўнутраных спраў чакаю на наступным пасяджэнні Савета бяспекі канкрэтных прапаноў па эфектыўным вырашэнні ўскладзеных на вашы ведамствы задач у гэтым годзе. Спакойна жыць я вам у гэтым годзе нікому не дам. Калі толькі самазаспакоімся, а ў нас намеры такія ёсць, будзем пажынаць сумныя плады гэтага", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Пра ўмовы работы бізнесу

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў дзяржаве намечаны і рэалізуецца комплекс прававых мер па падтрымцы бізнесу, у тым ліку па зніжэнні мер адказнасці, якія засталіся ў Крымінальным кодэксе яшчэ з мінулага стагоддзя, а таксама ўстараненні ўстарэлых і нікому не патрэбных грувасткіх дазвольных працэдур.

"Гэту работу трэба паслядоўна і сістэмна прадаўжаць", - даручыў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся ў генпракурора, як выконваецца даручэнне аб спагнанні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці беларускім суб'ектам гаспадарання з-за мяжы.

"І мне тут не патрэбны агульныя разважанні. Патрэбны канкрэтныя даныя, што зроблена ў гэтым напрамку, якія вынікі", - паставіў задачу Прэзідэнт.

Пра бяспеку і абарону людзей

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь цяпер не ўзрушваюць буйныя аварыі, і даволі хутка пераадольваюцца наступствы непагоды. На пажарах гіне практычна ў тры разы менш людзей, чым дзесяць гадоў таму, у тым ліку дзяцей - менш у 15 разоў. Больш як удвая скарацілася колькасць загінулых на вытворчасці, а тых, хто знаходзіўся пры гэтым у нецвярозым стане, - у чатыры разы.

"Аднак і пяцьсот чалавек у год, якія загінулі на пажарах, - гэта недапушчальная для нас лічба. На дарогах тысяча, і на пажарах пяцьсот...", - канстатаваў беларускі лідар.

"З цяперашнім небывалым пашырэннем спектра магчымых тэхнічных рызык, нечаканымі кліматычнымі "сюрпрызамі" ўзрастаюць і патрабаванні да папярэджання надзвычайных сітуацый", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пра будаўніцтва БелАЭС

"Важнейшым пытаннем у дзейнасці МНС на сучасным этапе застаецца кантроль за бяспечным будаўніцтвам і эксплуатацыяй Беларускай АЭС. У тым ліку забеспячэнне інфармацыйнага суправаджэння нацыянальнага ядзернага праекта", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што ў інфармацыйнай прасторы па гэтай тэме прысутнічае значная доля хлусні і негатыву, запатрабаваўшы ад адказных службовых асоб актыўных дзеянняў па карэкціроўцы сітуацыі.

"Лічу, што Адміністрацыі Прэзідэнта і Дзяржсакратарыяту час адвучыцца і адвучыць ведамствы сядзець і чакаць нейкіх каманд аб штодзённым і эфектыўным інфармацыйным суправаджэнні дзяржаўнай палітыкі ва ўсіх сферах. Мы аб гэтым гаварылі пры назначэнні кіраўнікоў важнейшых СМІ", - падкрэсліў Прэзідэнт.

БЕЛТА
Мінск, 13 лютага 2018

Кoличество переходов на страницу: 664