https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 


Найти
 
 


Ад "матрыцы задач" да дыктатуры тэхналогіі


Найбольш актуальныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў краіны былі вынесены на нараду ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У ліку ўдзельнікаў - кіраўніцтва ўрада, Нацыянальнага сходу, Адміністрацыі Прэзідэнта, Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта і Камітэта дзяржкантролю, абласцей і горада Мінска, памочнікі кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах.



Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што апошнім часам праведзены маштабныя мерапрыемствы, на якіх разгледжаны стан спраў і пастаўлены першачарговыя задачы для розных сфер эканомікі. Абмеркаваны пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу і будаўніцтва - галіны, якія шмат у чым вызначаюць стан беларускай эканомікі, а таксама яе магчымасці вырашаць сацыяльныя задачы.

Акрамя таго, падпісаны тры дырэктывы - дарожныя карты для АПК, будаўніцтва і ЖКГ. Яны ўстанаўліваюць сістэмныя задачы і неабходныя для іх вырашэння інструменты.

Намечаны шляхі ўдасканалення сістэмы адукацыі і перспектывы беларускай навукі.

"Вызначаны дакладныя этапы паскарэння развіцця рэгіёнаў. Мы дамовіліся на працягу двух гадоў забяспечыць паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё адразу 11 буйных гарадоў. Сёння перад урадам і губернатарамі стаіць задача забяспечыць рэалізацыю ўсіх прынятых рашэнняў, планаў і дырэктыў на месцах. Агульная мэта гэтых праграмных рашэнняў - дасягненне дастойнага ўзроўню і якасці жыцця нашых грамадзян. Фундамент паспяховага развіцця дзяржавы - моцная эканоміка, таму перш за ўсё неабходна развіваць эканоміку рэгіёнаў, ствараць там рабочыя месцы з дастойным узроўнем зарплаты", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Перад губернатарамі Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанні, што перашкаджае безумоўна выконваць пастаўленыя задачы, якія фактары перашкаджаюць развіццю рэгіёнаў, што неабходна зрабіць для іх эфектыўнага і збалансаванага развіцця ў доўгатэрміновай перспектыве, як плануецца скарачаць рэгіянальныя адрозненні ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва.

Пра выкананне планаў

Прэзідэнт канстатаваў, што пераважная большасць абласцей у мінулым годзе не дасягнула планавых лічбаў па валавым рэгіянальным прадукце і прадукцыйнасці працы. Ёсць праблемы і ў частцы выканання заданняў па экспарце тавараў, прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Больш таго, ніхто не знізіў узровень затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі. "Асноўныя паказчыкі эфектыўнасці правалены. У гэтым годзе яшчэ не ўсе губернатары забяспечваюць выкананне тых планаў, якія мы намецілі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Аднак кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важны не столькі аб'ём вытворчасці, колькі яе эфектыўнасць і - канчатковы вынік - прыбытак і рэнтабельнасць.

Пра работу з інвестарамі

Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што пакуль не выбудавана сістэмная работа з інвестарамі. Паводле яго слоў, тут важны індывідуальны падыход без валакіты і бюракратызму.

Асабліва кіраўнік дзяржавы адзначыў работу з кітайскімі партнёрамі. У гэтым плане на рэгіянальным узроўні падпісаны пагадненні з правінцыямі і гарадамі КНР.

"Дзе праекты і інвестыцыі? Нават па існуючых інвестпраектах работа вядзецца няякасна, не выконваюцца тэрміны рэалізацыі, аддача ад іх вельмі нізкая", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў плане інвестыцый засяродзіў увагу на важнасці не колькасных, а якасных паказчыкаў. У першую чаргу патрэбны вытворчасці заўтрашняга дня, новыя тавары і тэхналогіі, запатрабаваная на рынку прадукцыя.

"Інвестыцыі не дзеля інвестыцый. Інвестыцыі павінны быць такія, якія пакідаюць нешта ў краіне. Да нас шмат прыходзіць інвестараў, якія просяць поўнае вызваленне ад падаткаў, сацыяльных абавязацельстваў і іншага. Яшчэ і зарплату плацяць мізэрную, - заўважыў беларускі лідар. - Настаў той перыяд, калі інвестар павінен прыходзіць у краіну і працаваць на агульных умовах. Ільготы толькі тым, у кім мы жыццёва зацікаўлены".

Пра якасць рабочых месцаў

Прэзідэнт канстатаваў, што большасць ствараемых у краіне рабочых месцаў не адносіцца да высокапрадукцыйных і прадугледжвае нізкую кваліфікацыю работнікаў і невысокі ўзровень заработнай платы.

Таму і ў гэтым пытанні кіраўнік дзяржавы робіць акцэнт на якасці - стварэнні экспартна арыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, што, у сваю чаргу, паўплывае на даходы работнікаў.

У гэтым жа рэчышчы актуалізавана задача па стварэнні ў раёнах і гарадах умоў і стымулаў для прыцягнення працоўных рэсурсаў пад патрэбнасць эканомікі рэгіёнаў.

Пра зарплаты

Аляксандр Лукашэнка не пакінуў убаку і тэму зарплат. Пакуль патрабаванні кіраўніка дзяржавы па забеспячэнні росту зарплаты не выконваюцца ў поўным аб'ёме. Больш таго, ёсць факты нясвоечасовых выплат, за што раней пайшлі спагнанні на ўзроўні кіраўніцтва рэгіёнаў.

"Вы ведаеце, што тэма занятасці і своечасовай выплаты зарплат - пад маім асаблівым кантролем. І сваіх жорсткіх установак у гэтым пытанні мяняць я не маю намеру", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пра будаўнічы комплекс

У будаўнічым комплексе, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, не забяспечваецца апераджальнае развіццё інжынернай і транспартнай інфраструктуры, а таксама стварэнне аб'ектаў сацыяльнай сферы. Напрыклад, у Бараўлянах у дзіцячых дашкольных установах сёння дэфіцыт месцаў.

"Па-ранейшаму адзначаюцца факты самавольнага будаўніцтва, аб якіх мясцовая ўлада, здаецца, даведваецца толькі са сродкаў масавай інфармацыі, - заўважыў Прэзідэнт. - Наогул жа я сумняваюся, што гэта самая мясцовая ўлада аб гэтым не ведала да таго, як у СМІ гэта прагучала. Але вы самі выбіраеце свой шлях. Глядзіце".

Пра сельскую гаспадарку

Ад сферы сельскай гаспадаркі, як і па іншых напрамках, Аляксандр Лукашэнка патрабуе самай строгай дыктатуры тэхналогіі і вытворчай дысцыпліны, выканання рэгламентаў і нарматываў. "Ніхто нікога ўгаворваць больш не будзе", - падкрэсліў ён.

"Правалаў у гэтым годзе быць не павінна. І хопіць усе свае пралікі спісваць на надвор'е. У нас дастаткова сіл і сродкаў для таго, каб пасеяць у любое надвор'е. Гаспадаркі павінны быць забяспечаны тэхнікай, палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі і насеннем", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на ролю ўрада ў пытанні мабілізацыі сродкаў. Перад кіраўніцтвам урада пастаўлена задача на працягу тыдня вырашыць усе пытанні, якія ад яго залежаць, у плане забеспячэння пасяўной кампаніі.

"Але больш за ўсё мяне непакоіць і насцярожвае тое, што месцамі пры правядзенні палявых работ няма элементарнага парадку. Рэгіёны вельмі дрэнна падрыхтаваны да гэтай кампаніі. Бачыце, вясна рана прыйшла, не разварушыліся", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў аб сітуацыі, якая выявілася ў час яго нядаўняй рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць: "У некаторых гаспадарках у перыяд асноўных работ трактароў і камбайнаў пад плотам не менш, чым у полі. Як гэта выглядае ў жыцці, вы таксама бачылі ў "Купалаўскім", і як захоўваецца вельмі дарагая тэхніка".

Пра азеляненне і навядзенне парадку

"Безгаспадарчасць ваша недапушчальна. Бягучы год - год навядзення парадку, каб наша Беларусь уся была ў кветках і зеляніне. Краіна павінна быць прыгожай", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён, напрыклад, нагадаў аб задачах па высадцы насаджэнняў уздоўж дарог. "Гэта ж практычна. Менш трэба будзе абкошваць прыдарожныя палосы. Але воз і цяпер там. Запатрабую з кожнага памочніка па абласцях і горадзе Мінску", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Пастаўлены задачы і па азеляненні як буйных, так і малых населеных пунктаў з прыцягненнем да гэтых работ мясцовых жыхароў.

"Гэта (падтрыманне парадку.) наша візітная картка. І вам трэба навесці парадак раз і назаўсёды. Тады людзі будуць разумець, які парадак павінен быць і як яго падтрымліваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пра вынікі

Нарада прадаўжалася амаль дзве з паловай гадзіны. Былі падрабязна абмеркаваны розныя пытанні ў сферы рэгіянальнага развіцця, а кіраўніком дзяржавы дадзены даручэнні. Пастаўлены канкрэтныя задачы і вызначаны шляхі вырашэння тых ці іншых праблемных момантаў.

Адной з галоўных тэм стала сітуацыя ў сельскай гаспадарцы, у прыватнасці, ход пасяўной кампаніі. Аб ім падрабязна далажылі кіраўнікі рэгіёнаў. Абмеркаваны пытанні забяспечанасці палівам, мінеральнымі ўгнаеннямі, фінансавання. Тут адказнасць на ўрадзе, якому неабходна аператыўна вырашаць праблемы, што ўзнікаюць, ва ўзаемадзеянні з губернатарамі.

У цэлым было адзначана, што на ўзроўні ўрада ўсе неабходныя ў маштабах краіны рашэнні па забеспячэнні якаснага правядзення веснавых палявых работ прыняты ўжо, аднак Прэзідэнт патрабуе і строгага кантролю выканання пастаўленых задач.

Чарговы раз гучала тэма навядзення парадку, падтрымання дысцыпліны, дакладнага прытрымлівання ўсіх тэхналагічных працэсаў на вытворчасці. Пакуль жа размовы і абяцанні на розных узроўнях часам пераважаюць над практычнай работай у гэтым напрамку.

Абмяркоўвалася і праблематыка стварэння новых рабочых месцаў, узроўню заработнай платы і забеспячэння своечасовасці яе выплаты. У тым ліку размова ішла аб стратных арганізацыях, іх далейшым функцыянаванні і знаходжанні шляхоў па вывядзенні іх на ўстойлівую работу. Пры гэтым падкрэслена недапушчальнасць прыпісак і ашуканства.

Галоўная мэта, якую ставіць Аляксандр Лукашэнка перад органамі ўлады, - згладзіць разрывы ва ўзроўні і якасці жыцця па ўсёй краіне.

У цэлым патрабаванні кіраўніка дзяржавы простыя і зразумелыя: тое, за што адказная ўлада на розных узроўнях, павінна быць зроблена, але значная частка адказнасці ляжыць і на саміх работніках, кіраўніках нізавога звяна. Паколькі падтрыманне вытворчай дысцыпліны і парадку садзейнічае паляпшэнню фінансава-эканамічных паказчыкаў прадпрыемстваў, што ўплывае непасрэдна на якасць і ўзровень жыцця.

Асобна Прэзідэнт звярнуў увагу на перспектывы развіцця прадпрыемстваў, пошук і ўкараненне новых напрамкаў работы. Разам з рэалізацыяй задач па імпартазамяшчэнні гэта павінна садзейнічаць эканамічнаму развіццю і стварэнню новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў.

Падрабязнасцямі нарады з журналістамі падзяліліся і некаторыя яе ўдзельнікі. Напрыклад, старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка апісаў гэту нараду як зрэз выканання пастаўленых раней задач. "Была звернута ўвага на тое, што мы не зрабілі і што не атрымліваецца. Вядома, прыязджаючы на месца, мы робім усё, каб выканаць пастаўленыя задачы, - сказаў ён. - Пытанні заўсёды ёсць, але яны вырашаюцца на месцах, вырашаюцца спецыялістамі, сумесна з урадам. Невырашальных, глабальных пытанняў проста няма".

"Асаблівасць гэтага года - ранняя вясна. Вельмі сухое надвор'е. Таму трэба паспець своечасова ўсё зрабіць. Сяўба ранніх яравых збожжавых ужо напалову завершана. Разам з тым адчуваецца няхватка па асобных пазіцыях. Абмеркавалі на нарадзе ў тым ліку пытанні забеспячэння палівам, знойдзены рашэнні. Думаю, гэта ўсё пасадзейнічае, каб у аптымальныя тэрміны правесці сяўбу", - расказаў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў.

Паводле яго слоў, Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў аб тым, каб разам з традыцыйнымі культурамі ў сельскай гаспадарцы знаходзілі месца і новыя напрамкі. "Ёсць неабходнасць вырабляць нешта новае. Тым больш клімат мяняецца. І вінаград, і кавуны... Як бы хто скептычна ні ставіўся, але ў нас сёння ёсць прыклады, калі сапраўды вырошчваюць добрыя прадукты", - сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама. У гэтым напрамку ў вобласці ў тым ліку паспяхова супрацоўнічаюць з замежнымі кампаніямі, прыватнымі інвестарамі.

2 красавіка 2019, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Кoличество переходов на страницу: 95