Белорусский портал в Казахстане

З вясны Лукашэнка "пачне варушыць ахову здароўя"



Падчас наведвання 28 студзеня ў Мінску Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў медработнікам павышэнне зарплат.

"Так, мы зарплату павысім, аптымізуемся, лішняе выключым, але і патрабаванне будзе", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што"як з настаўнікаў, так і з ўрачоў будзе жалезнае патрабаванне". "Хопіць ужо плакацца, што ў нас ўрачы жабракі, бедныя, такія-сякія. Пара ўрачам даваць вынік. Усе атрымліваюць аднолькавую адукацыю, усе ў аднолькавых умовах, але Смеяновічы (Арнольд Смеяновіч, вядомы беларускі хірург. — БелаПАН.) не ўсюды з`яўляюцца", — канстатаваў Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што ўжо з вясны "пачне варушыць ахову здароўя". Паводле слоў Лукашэнкі, зарплаты медыкам могуць быць павышаны ў тым ліку за кошт экспарту медпаслуг. "Але гэта не павінна быць на шкоду насельніцтву Беларусі", — дадаў ён.

Лукашэнка таксама звярнуў асаблівую ўвагу на падрыхтоўку кадраў. Кожны высакакласны спецыяліст, паводле яго слоў, павінен пакінуць пасля сябе не менш як трох вучняў, якія валодаюць такімі ж ведамі.

"Для нас найважнейшая задача — гэта школа. Мы столькі грошай уклалі ў такія цэнтры, па ўсёй краіне іх адкрылі. Амаль паўтары сотні тысяч чалавек з 70 краін свету прыязджаюць сюды лячыцца — гэта ж пра нешта сведчыць. Таму трэба ствараць школы і не спачываць на лаўрах. Тут створаны ўсе ўмовы, каб практыкаваць і развіваць навуку. Трэба збіраць па крупінках спецыялістаў і ствараць вельмі эфектыўную, моцную, навукаёмістую, з добрымі кадрамі школу", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама закрануў дэмаграфічную праблему, заявіўшы, што да 2015 года Беларусь павінна дамагчыся натуральнага прыросту насельніцтва. Гэта застаецца найважнейшай задачай усёй медыцынскай галіны, заявіў кіраўнік дзяржавы.

Міністр аховы здароўя Васіль Жарко ў сувязі з гэтым адзначыў, што ў 2012 годзе ўпершыню за 20 гадоў адбылося найменшае змяншэнне насельніцтва. Летась, паводле яго слоў, у Беларусі нарадзілася на 6 тысяч чалавек больш, тады як памерла — на 9 тысяч менш.

Міністр таксама заявіў, што да 2015 года будзе ў цэлым завершана мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя.

У той жа час, паводле яго слоў, застаецца актуальнай праблема ложка-месц для Мінска. У гэтай сувязі ў сталіцы плануецца будаўніцтва яшчэ адной клінікі.

БелаПАН
Мінск, 28 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/1001/19166
Текущая дата: 19.11.2024