Белорусский портал в Казахстане

Беларускае заканадаўства аб бежанцах з`яўляецца найбольш прагрэсіўным у Еўропе - І.Шуневіч



Беларускае заканадаўства аб бежанцах з`яўляецца найбольш прагрэсіўным не толькі ў Еўропе, але і ў цэлым у свеце.

Такое меркаванне выказаў 24 студзеня журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч пасля падпісання пратакола аб намерах супрацоўніцтва паміж МУС, міжнароднымі арганізацыямі і грамадскімі аб`яднаннямі па пытаннях абароны бежанцаў у нашай краіне.

Ігар Шуневіч адзначыў, што пасля падпісання пратакола адбудзецца імплементацыя агульных прынцыпаў і норм, якія цяпер могуць з`яўляцца ўзорам. "Яны будуць прымяняцца на практыцы ў дзейнасці МУС, Міністэрства аховы здароўя, сістэмы абароны насельніцтва ў адносінах да бежанцаў, асоб без грамадзянства, якія знаходзяцца на нашай тэрыторыі", - сказаў міністр.

Прадстаўнік упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі Шале Сафаві ў сваю чаргу падкрэсліў, што беларускае заканадаўства аб бежанцах можа стаць мадэллю для іншых краін. Паводле яе слоў, Беларусь за кароткі тэрмін значна ўдасканаліла заканадаўчую сістэму адносна бежанцаў. "У прыватнасці, УВКБ ААН вельмі высока цэніць закон аб прадастаўленні дадатковай і часовай абароны асобам, якія шукаюць прыстанішча, і бежанцам. Важна, што гэтыя людзі маюць доступ на тэрыторыю краіны, яны таксама маюць доступ да асноўных форм атрымання адукацыі, медыцынскай абароны, працаўладкавання", - сказала Шале Сафаві.

Кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі Зейнал Гаджыеў звярнуў увагу, што падпісаны дакумент устанаўлівае механізм аказання дапамогі асобам, якім адмоўлена ў прадастаўленні прыстанішча. Пратаколам прадугледжана, што "мы будзем мець свабодны доступ да ўстаноў, дзе будуць знаходзіцца гэтыя мігранты, зможам інфармаваць іх аб магчымасці добраахвотнага вяртання на радзіму і аб тым, якую дапамогу яны будуць у выпадку вяртання атрымліваць".

Пратакол аб намерах супрацоўніцтва па пытаннях абароны бежанцаў у Беларусі быў падпісаны 24 студзеня паміж МУС, УВКБ ААН, прадстаўніцтвам МАМ у Беларусі, Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа і Беларускім рухам медыцынскіх работнікаў.

24 студзеня 2013, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/1002/19117
Текущая дата: 19.11.2024