Беларуска Арына Сабаленка прабілася ў трэці раўнд турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам $2,7 млн.
У 1/16 фіналу другая ракетка планеты перамагла ў трохсэтавым паядынку прадстаўніцу ЗША Эн Лі (191-ы нумар сусветнага рэйтынгу) — 7:5, 2:6, 6:4. У матчы за выхад у чвэрцьфінал Сабаленка сустрэнецца з расіянкай Дар’яй Касаткінай (13).
Экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка, якая займае цяпер 18-е месца ў рэйтынгу WTA, у другім крузе саступіла харвацкай тэнісістцы Доне Векіч (22) — 6:3, 3:6, 4:6. У 1/8 фіналу Векіч згуляе з туніскай тэнісісткай Унс Джабір (5). На старце спаборніцтваў Азаранка перамагла чэшку Барбару Крэйчыкаву (11) — 6:3, 7:5. У 2013 і 2020 гадах Вікторыя Азаранка выйгравала гэты турнір у адзіночным разрадзе, а ў 2010 годзе разам з расіянкай Марыяй Кірыленка стала пераможцай парнага разраду.
Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч (74) прабілася ў асноўную сетку праз кваліфікацыю, але ў 1/32 фіналу пацярпела паражэнне ад кітайскай тэнісісткі Сінвэнь Жэн (24) — 1:6, 4:6.
Турнір у Цынцынаці фінішуе 20 жніўня.
Звязда, 17 жніўня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/102/70576
Текущая дата: 17.11.2024