Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў сістэме адукацыі правесці работу над памылкамі



Такі вынік праведзенай у кіраўніка дзяржавы нарады аб гатоўнасці сістэмы адукацыі да новага навучальнага года.

Прэзідэнта ў першую чаргу цікавілі не агульныя лічбы, як той жа працэнт гатоўнасці школ і іншыя паказчыкі, а шырокі спектр праблемных пытанняў, якія датычацца сферы адукацыі. Менавіта таму першапачаткова прапанаваны кіраўніку дзяржавы традыцыйны даклад міністра і профільнага віцэ-прэм`ера па фармаце вырас да нарады. На мерапрыемства спецыяльна былі запрошаны кіраўнікі Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю, каб пачуць ацэнкі кантралюючых органаў.

У выніку нарада прайшла ў вельмі крытычным ключы. Аляксандр Лукашэнка фактычна не прыняў справаздачы ні міністра, ні віцэ-прэм`ера. Размова не ідзе аб тым, што ў айчыннай сістэме адукацыі ўсё дрэнна. Наадварот, планамерная работа па шэрагу напрамкаў вядзецца, і гэта ўсе адзначаюць, але нават адзінкавыя недаходпы і хібы ў гэтай сферы для Прэзідэнта недапушчальныя. Не гаворачы ўжо аб праблемных пытаннях, якія маюць сістэмны характар.

Як стала вядома, кіраўнік дзяржавы даручыў адклікаць з водпуску прэм`ер-міністра: праз тыдзень пад кіраўніцтвам кіраўніка ўрада павінна адбыцца шырокая нарада. Аляксандр Лукашэнка даручыў кантралюючым органам там яшчэ больш падрабязна далажыць інфармацыю, каб правесці дэталёвы разбор з выпрацоўкай плана дзеянняў, як аператыўна ўстараніць усе недахопы. А ўжо ў пачатку верасня адбудзецца новая справаздача Прэзідэнту.

Дарожная і пажарная бяспека: навесці парадак

У ліку праблемных момантаў, на якія ўказаў генеральны пракурор Андрэй Швед, - пытанні бяспекі, уключаючы пажарную. Не ва ўсіх установах адукацыі ў гэтым пытанні наведзены поўны парадак. Ёсць прэтэнзіі і да работы па прафілактыцы ДТЗ.

"У шэрагу выпадкаў намі выяўлена негатоўнасць або няпоўная гатоўнасць школ да новага навучальнага года з пункту гледжання мер па дарожнай бяспецы дзяцей на прылеглых тэрыторыях. У некаторых выпадках мы выявілі, што пажарныя выхады завалены хламам, вогнетушыцелі і іншыя сродкі проціпажарнай бяспекі не ў парадку. Дзеці павінны знаходзіцца ў бяспечных умовах, - звярнуў увагу Андрэй Швед. - Акрамя таго, намі прапанаваны меры па ўзмацненні абароны правоў дзяцей ад насільных дзеянняў".

Асобную ўвагу Генпракуратура ўдзяліла і выкананню заканадаўства непаўналетнімі. Тут таксама ёсць нямала пытанняў, над якімі давядзецца працаваць.

Падтрымка дзяцей-сірот: прадугледзець дадатковыя меры
Дастаткова крытычна на нарадзе падышлі да пытання забеспячэння дзяцей-сірот. Гэта тая катэгорыя, якая найбольш неабароненая, і ёй трэба ўдзяляць больш увагі, тым больш што ў дзяржаве ёсць для гэтага ўсе магчымасці, упэўнена Генеральная пракуратура. Дарэчы, сёння 88 працэнтаў дзяцей-сірот пражываюць у дамах сямейнага тыпу, астатнія - у інтэрнатах. Задача ад Прэзідэнта - дайсці да кожнага, у тым ліку ў аддаленых раёнах.

Генпракуратура прапануе перагледзець патрабаванні заканадаўства і вызначыць дадатковую падтрымку гэтай катэгорыі навучэнцаў. "Напрыклад, па медыцынскіх паказчыках. Калі дзіцяці патрэбны акуляры, каб дзяржава ў тым ліку і гэтым забяспечвала такіх дзяцей. Таму што іх трэба абараняць, а абараніць іх можа толькі дзяржава", - падкрэсліў Андрэй Швед.

Падручнікі: стварыць маніторынгавую групу

Яшчэ адна праблемная сфера - падручнікі. Нягледзячы на шматгадовую ўвагу гэтаму пытанню і работу, якую праводзіць Міністэрства адукацыі, праблемы застаюцца. Як расказаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, на нядаўнюю прамую лінію паступіў літаральна шквал званкоў ад грамадзян з нараканнямі наконт гэтага. "З пункту гледжання прастаты, адэкватнасці падаваемай інфармацыі. Кіраўніком дзяржавы даручана яшчэ раз перагледзець усе падручнікі і ўжо да нечага прыходзіць", - адзначыў кіраўнік КДК.

На нарадзе нават разбіралі прэтэнзіі на канкрэтных прыкладах, зачытваючы цытаты з заданняў з падручнікаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў пад эгідай Генеральнай пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю стварыць маніторынгавую групу менавіта па тэме падручнікаў. У групу ўвойдуць вучоныя, спецыялісты, філолагі.

Школьныя базары: завышэнне цэн будзе спыняцца

Васіль Герасімаў расказаў і пра негатыўныя факты ў рабоце школьных базараў, калі некаторыя прыватнікі больш як у два разы завышаюць цэны на тавары. На жаль, такія выпадкі не адзінкавыя. Але сітуацыя маніторыцца, і да нядобрасумленных гандляроў прымаюцца неабходныя меры.

"Гэтыя факты будуць жорстка спыняцца, як гэта рабілася дагэтуль, - папярэдзіў старшыня КДК. - Цэны ў нас устаноўлены, ніхто не мае права завышаць. Апошні выпадак быў - завышэнне ў 2,6 раза. Зразумела, што мы такія факты спыняем і гандаль забараняем. І гэта будзе рабіцца паўсюдна".

Падвоз навучэнцаў: зрухі ёсць, але недахопы застаюцца

Сярод асноўных крытычных тэм гучала і ўзнятая яшчэ ў пачатку нарады тэма падвозу. "На жаль, быў шэраг недахопаў. Зрухі ў гэтым пытанні, безумоўна, ёсць. Аднак усе меры дагэтуль не прыняты, і мы абазначылі шляхі вырашэння гэтага пытання", - адзначыў Васіль Герасімаў.

Аб арганізацыі харчавання: навесці базавы парадак

Шмат гаварылася і адносна арганізацыі харчавання ў школах, фактах крадзяжу. Міністр адукацыі Андрэй Іванец нагадаў, што нядаўна ў Беларусі правялі пілотны праект з апрабацыяй новых тэхналогій прыгатавання ежы і прынцыпаў арганізацыі школьнага харчавання. "Распрацавана больш як 350 новых тэхналагічных страў, праходзць даволі сур`ёзнае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў", - дадаў ён.

Эксперыменты і навацыі ў гэтай сферы - гэта ўсё добра, адзначыў Прэзідэнт. Але кіраўнік дзяржавы патрабуе ў першую чаргу навесці базавы парадак. Паводле яго слоў, гэта пытанне павінна быць вырашана раз і назаўсёды, каб да яго больш не вярталіся.

Увесь працэс па падрыхтоўцы навучальных устаноў і ў цэлым сістэмы адукацыі да новага навучальнага года на строгі кантроль даручана ўзяць Адміністрацыі Прэзідэнта: з выездам у школы і іншыя ўстановы адукацыі для ацэнкі рэальнай сітуацыі на месцах.

18 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/102/70662
Текущая дата: 17.11.2024