Белорусский портал в Казахстане

Міжнародная абстаноўка застаецца беспрэцэдэнтна напружанай, абвастрыліся ўсе выклікі і пагрозы



Аб гэтым гаворыцца ў прывітанні, якое Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам XI Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"За мінулае дзесяцігоддзе такія сустрэчы і стасункі ў фармаце шматбаковага дыялогу па прыярытэтных напрамках забеспячэння глабальнай і рэгіянальнай бяспекі сталі вельмі запатрабаваныя і актуальныя. Яны даюць магчымасць абмяняцца прафесійнымі думкамі, комплексна ацаніць дынаміку ва ўсіх рэгіёнах зямнога шара, зверыць парадак дня па ключавых праблемах захавання міру, - адзначыў Прэзідэнт. - Бягучая міжнародная абстаноўка застаецца беспрэцэдэнтна напружанай. Абвастрыліся практычна ўсе вядомыя выклікі і пагрозы. Дыскрэдытавана міжнароднае права ў сферы кантролю над узбраеннямі. Нарастаюць рызыкі прымянення зброі масавага знішчэння, уключаючы правакацыі з выкарыстаннем ядзерных і біялагічных сродкаў паражэння".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што інфармацыйныя войны, кіберзлачынствы сталі магутным фактарам эканамічнай і нацыянальнай нестабільнасці для ўсіх без выключэння дзяржаў.

Сёння новым відам зброі, які падрывае сістэму міжнародных гандлёва-эканамічных сувязей, выступаюць розныя абмежавальныя меры і санкцыі, якія з інструмента прымушэння да міру і бяспекі ператварыліся ў комплексную пагрозу глабальнага маштабу.

"На гэтым фоне, застаючыся паслядоўным прыхільнікам забеспячэння міру і бяспекі, выконваючы раней узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, Рэспубліка Беларусь разам з партнёрамі, а таксама ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі прыкладае максімум намаганняў для ўмацавання ўзаемадзеяння ў барацьбе з транснацыянальнымі выклікамі і пагрозамі рознага характару. Размяшчаючы тактычную ядзерную зброю на беларускай тэрыторыі, мы адэкватна рэагуем на паскораную мілітарызацыю Усходняй Еўропы і рост ваеннай актыўнасці ЗША і НАТА. Разам з тым гэта не адмяняе мірныя ініцыятывы, якія вылучаюцца беларускім бокам у інтарэсах перазапуску дыялогу па пытаннях еўрапейскай і глабальнай бяспекі на роўных умовах на карысць усёй планеты - нашага агульнага дому", - падкрэсліў беларускі лідар.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што чарговая сустрэча ў Маскве паслужыць цеснаму ўмацаванню супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і народамі, стане значным этапам на шляху пабудовы новай сістэмы міжнароднай бяспекі.

15 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/103/70533
Текущая дата: 17.11.2024