Белорусский портал в Казахстане

Польскія пагранічныя ўлады раздзялілі некалькі чэчэнскіх сем`яў, якія выязджалі ў ЕС з тэрыторыі Беларусі



Як паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, вечарам 27 верасня на "зялёнай" мяжы з Літвой былі затрыманыя двое дарослых мужчын з двума падлеткамі 2000 і 2001 гадоў нараджэння. Усе — выхадцы з Чэчні.

Як сказалі затрыманыя, некалькімі днямі раней яны са сваімі жонкамі і 8-ю непаўналетнімі дзецьмі на цягніку афіцыйна накіраваліся ў Польшчу, каб атрымаць прыстанішча. Аднак польскімі службамі фактычна было прынята рашэнне аб раздзяленні сем`яў. Спасылаючыся на тое, што забаронена пускаць у краіну мужчын і дзяцей старэйшых за 10 гадоў, бацькоў сямействаў і старэйшых сыноў папросту "павярнулі". Іх жонкі з маленькімі дзецьмі засталіся ў Польшчы. Таму мужчыны вырашылі незаконна перасячы мяжу, каб ўз`яднацца з сем`ямі, але ўжо ў літоўскім напрамку.

Праводзіцца далейшы разбор.

У Дзяржпагранкамітэце таксама паведамілі, што ў мінулыя суткі дзевяць асоб, як мяркуецца, каўказскай нацыянальнасці, разгрупаваліся па розных напрамках дзяржаўнай мяжы з прыбалтыйскімі краінамі. Дарожку слядоў, што вяла ў Латвію, пагранічны нарад выявіў раніцай. Аператыўна былі праінфармаваныя латвійскія памежнікі.

Праз паўтары гадзіны яны перадалі, што дзякуючы гэтаму паведамленню за 4 км ад лініі мяжы ўдалося затрымаць пецярых парушальнікаў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 28 верасня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/1055/16624
Текущая дата: 20.11.2024