Удзельнікі II Гульняў краін СНД 5 жніўня разыграюць першыя камплекты ўзнагарод.
Чэмпіёны і прызёры Гульняў вызначацца ў турніры па цяжкай атлетыцы ў Гродне. Будзе разыграна чатыры камплекты медалёў - тры ў жанчын і адзін у мужчын. Адзначым, што ў спаборніцтвах штангістаў выступіць нямала вопытных спартсменаў. Сярод іх і алімпійскі чэмпіён Пекіна-2008 беларус Андрэй Арамнаў, які плануе змагацца за перамогу ў вагавой катэгорыі 109 кг.
Таксама сёння ў Гомелі будуць вядомы пераможцы ў спаборніцтвах па дзюдо. Як расказаў дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды Руслан Шарапаў, сёння вызначацца лепшыя ў васьмі вагавых катэгорыях: па чатыры ў юнакоў і дзяўчат. У спаборніцтвах прымаюць удзел дзюдаісты 2006-2008 гадоў нараджэння.
У Салігорску за ўзнагароды будуць змагацца прадстаўнікі грэка-рымскага стылю. У турніры па грэка-рымскай, вольнай і жаночай барацьбе выступяць спартсмены ва ўзросце да 23 гадоў з 11 дзяржаў.
У мінскім Палацы мастацкай гімнастыкі грацыі разыграюць тры камплекты медалёў: у індывідуальным мнагабор`і, камандным турніры і групавых практыкаваннях. Галоўнымі фаварытамі асабістага турніру з`яўляюцца бронзавы прызёр такійскай Алімпіяды беларуска Аліна Гарнасько і расіянкі Арына Аверына, Лала Крамарэнка і Ганна Папова.
Акрамя таго, сёння ў Мінску пройдуць папярэднія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы (стадыён "Дынама") і пляжным футболе (САК "Алімпійскі"). Спаборніцтвы па пляжным футболе стануць аднымі з самых цікавых, бо ў іх выступяць трохразовыя чэмпіёны свету расіяне, канкурэнцыю якім плануюць скласці беларусы. Наша каманда, якая нядаўна трэці раз запар прабілася ў фінальную стадыю чэмпіянату планеты, будзе змагацца за перамогу на турніры Гульняў, адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі пляжнага футбола Міхаіл Ботнікаў. У Брэсце стартуе гандбольны турнір, у Маладзечне спаборнічаюць майстры пляжнага валейбола.
II Гульні краін СНД праходзяць у Беларусі з 4 па 14 жніўня па 20 відах спорту. У іх прымаюць удзел больш за 2,2 тыс. атлетаў, якія прадстаўляюць больш за 20 дзяржаў. Урачыстыя цырымоніі адкрыцця (5 жніўня) і закрыцця (13 жніўня) пройдуць у "Мінск-Арэне".
5 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА
5 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/107/70360
Текущая дата: 18.11.2024