Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі разгорнута 920 пунктаў назірання за станам расліннага свету



Пра важнасць маніторынгу расліннага свету на прэс-канферэнцыі "30 гадоў назіранняў за прыроднымі экасістэмамі: вынікі і перспектывы" расказаў загадчык лабараторыі праблем экалогіі лесу і дэндрахраналогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі Аляксандр Пугачэўскі.

Загадчык лабараторыі падкрэсліў, што першае пяцігоддзе развіцця нацыянальнай сістэмы маніторынгу было прысвечана распрацоўцы структуры, праграмы, методыкі і рэгламентаў назірання за прыроднымі экасістэмамі. У гэты час паўнацэнна функцыянавалі сістэмы, звязаныя з назіраннямі за атмасферай, глебай, падземнымі водамі. Маніторынг расліннага і жывёльнага свету, комплексныя маніторынгі экасістэм на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях атрымалі развіццё крыху пазней.

"Маніторынг расліннага свету цяпер разгорнуты на нацыянальнай сетцы агульным аб`ёмам 920 пунктаў назірання. Мы кантралюем стан лугавой і лугава-балотнай расліннасці, воднай расліннасці, папуляцый ахоўных відаў раслін і грыбоў, інвазіўных (шкоднасных) раслін, ахоўных драўняных насаджэнняў, а таксама зялёных насаджэнняў на землях населеных пунктаў. Нягледзячы на тое, што гісторыя развіцця сістэмы назірання ўжо даволі доўгая па часе, сама сетка пакуль разгорнута не цалкам", - лічыць супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча.

Перш за ўсё гэта адносіцца да маніторынгу зялёных насаджэнняў на тэрыторыі населеных пунктаў. Маніторынгам ахоплена толькі пяць гарадоў рэспублікі. Стан ахоўных драўняных насаджэнняў кантралюе толькі 43 працэнты праектнай магутнасці сеткі. Маніторынг за інвазіўнымі відамі раслін разгорнуты на 30 працэнтах. Паводле слоў Аляксандра Пугачэўскага, стратэгія барацьбы з чужароднымі шкоднаснымі арганізмамі стала рэалізоўвацца ў нашай краіне нядаўна, чым і тлумачыцца слабая распаўсюджанасць назіранняў за гэтымі раслінамі. Сетка назірання за рэсурсаўтваральнымі відамі раслін і грыбоў сфармавана на 56 працэнтаў.

27 ліпеня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/111/70236
Текущая дата: 18.11.2024