Белорусский портал в Казахстане

Беларускія кандыдаты ў касманаўты прыбылі ў цэнтр падрыхтоўкі ў Зорным гарадку



Беларускія кандыдаты ў касманаўты прыбылі ў Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў ім. Ю.А.Гагарына (Зорны гарадок, Маскоўская вобласць), які ўваходзіць у дзяржкарпарацыю «Раскосмас», для падрыхтоўкі да запланаванага касмічнага палёту на Міжнародную касмічную станцыю (МКС).

Асноўны ўдзельнік касмічнага палёту Марына Васілеўская і дублёр Анастасія Лянкова адабраныя з шасці беларускіх кандыдатаў, якія прайшлі медыцынскае абследаванне ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў у снежні мінулага года. Заўтра Беларускія кандыдаты будуць прадстаўлены кіраўніцтву і супрацоўнікам цэнтра і пачнуць падрыхтоўку да касмічнага палёту ў складзе асноўнага і дублюючага экіпажаў 21-й экспедыцыі на МКС.

Марына Васілеўская ўключана ў асноўны экіпаж экспедыцыі разам з касманаўтам «Раскосмаса» выхадцам Беларусі Алегам Навіцкім (камандзірам) і астранаўтам NASA Трэйсі Дайсан. Анастасія Лянкова — у дублюючы экіпаж разам з касманаўтам «Раскосмаса» Іванам Вагнерам (камандзірам) і астранаўтам NASA Доналдам Пецітам.

Падрыхтоўка зойме каля васьмі месяцаў і будзе ўключаць вывучэнне сістэм пілатуемага карабля «Саюз МС» і расійскага сегмента МКС, трэніроўкі па адпрацоўцы дзеянняў экіпажа ў розных сітуацыях, уключаючы дзеянні пры няштатнай пасадцы спушчальнага апарата касмічнага карабля ў розных кліматагеаграфічных зонах і іншыя трэніроўкі ў адпаведнасці з праграмай падрыхтоўкі да касмічнага палёту.

Чакаецца, што працягласць знаходжання беларускага касманаўта на борце МКС складзе 12 сутак, на працягу якіх трэба будзе выканаць навуковую праграму касмічнага палёту, распрацаваную Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і дзяржкарпарацыяй «Раскосмас» з удзелам Расійскай акадэміі навук.

Звязда, 23 ліпеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/113/70166
Текущая дата: 18.11.2024