Белорусский портал в Казахстане

Беларускія палярнікі пашыраюць геаграфію даследаванняў у Антарктыцы



231 дзень! Менавіта столькі доўжылася 15-я Беларуская антарктычная экспедыцыя. І гэта новы рэкорд па працягласці знаходжання беларускіх палярнікаў на шостым кантыненце!

З-за складанасцяў з лагістыкай вяртанне даследчыкаў зацягнулася і яны змаглі абняць сваіх родных і блізкіх толькі на мінулым тыдні.

Не парушаючы шматгадовую традыцыю, літаральна праз некалькі дзён пасля іх вяртання на радзіму палярнікаў урачыста сустракалі ў Нацыянальнай акадэміі навук. Вітаючы ўдзельнікаў 15-й БАЭ, старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што яны спрацавалі дакладна, зладжана і рэзультатыўна, паспяхова выканалі ўсе ўскладзеныя на іх абавязацельствы.

«Разам вы — сапраўдная каманда! Сёння ў Антарктыцы забаронена гаспадарчая дзейнасць, але турыстычная — толькі ўзмацняецца. Таму важна паказаць сусветнай супольнасці, што мы з’яўляемся паўнапраўнымі ўдзельнікамі навуковага асваення шостага кантынента, што Беларусь мае ў Антарктыдзе сваю станцыю, якую мы пашыраем і развіваем... Не паспела завяршыцца пятнаццатая экспедыцыя, а мы ўжо пачынаем падрыхтоўку да наступнай, трэба за лета прадумаць навуковую праграму, падрыхтаваць прыборную базу. Гэта ўвогуле ў нас працэс круглагадовы. Мяркую, што па выніках 15-й экспедыцыі трэба падрыхтаваць аналітычныя матэрыялы для кіраўніка нашай дзяржавы», — дадаў кіраўнік НАН.

«Экспедыцыя насамрэч атрымалася насычаная падзеямі. Былі і складанасці, і форс-мажорныя абставіны. Але хлопцы адпрацавалі на ўсе сто, прадэманстраваўшы найвышэйшы прафесіяналізм, арганізаванасць, самадысцыпліну, узаемавыручку і ўзаемаразуменне. Яны самааддана займаліся навукай, забяспечвалі функцыянаванне нашай станцыі, працягвалі нарошчваць і развіваць яе інфраструктуру. Ва ўсіх, акрамя асноўных, былі і дадатковыя абавязкі. Але нікога не трэба было штурхаць у спіну, кожны ведаў сваю справу і рабіў яе прафесійна! — так ацаніў работу сваёй каманды начальнік 15-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў. — Мы таксама ўдзячныя сотням спецыялістаў, якія тут, на Вялікай зямлі, дапамагалі нам, падтрымлівалі нас і верылі ў нас! Без іх проста немагчыма было б забяспечыць эфектыўную дзейнасць...»

У склад апошняй экспедыцыі ўвайшлі 12 чалавек: супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, Інстытута прыродакарыстання, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах), БДУ, Белгідрамета і іншых арганізацый краіны: Уладзімір Несцяровіч — начальнік сезоннай палявой базы «Гара Вячэрняя»; Аляксандр Абатурын — электрамеханік, спецыяліст па УКХ і КХ; Сяргей Люты — вядучы спецыяліст, загадчык вытворчасці харчавання; Павел Растоў — галоўны спецыяліст, механік снегаходнай тэхнікі, слесар, зваршчык; Уладзіслаў Базылевіч — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік — фізік; Павел Шаблыка — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік — геафізік; Мікіта Ізідэраў — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік — метэаролаг; Віталь Лукін — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік — біёлаг; Аляксей Барысавец — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік — азонаметрыст; Кірыл Рабычын — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік — эколаг; Алег Пешкаў — галоўны спецыяліст, урач-хірург. Сем чалавек раней ужо пабывалі на Лядовым кантыненце, а для іншых гэта быў першы антарктычны досвед.

«15-я экспедыцыя мае шэраг адрозненняў ад папярэдніх. Я маю на ўвазе шматлікія навуковыя праекты, якія былі рэалізаваны, апрабацыю найноўшых прыборных комплексаў, распрацаваных у арганізацыях пераважна Нацыянальнай акадэміі навук: яны ўпершыню прайшлі абкатку ў Антарктыцы, але могуць выкарыстоўвацца і ў менш суровых умовах. Напрыклад, паспяхова прайшла выпрабаванні мабільная метэастанцыя, якая першапачаткова праектавалася для выкарыстання ў палявых умовах, на аддаленых маршрутах, — адзначыў Аляксей Гайдашоў.

Адно з галоўных дасягненняў, якое абавязкова ўвойдзе ў гісторыю, — унутрыкантынентальны навуковы паход, ён быў упершыню здзейснены беларускімі даследчыкамі: аддаленне ад палявога лагера склала 188 кіламетраў, а плошча, ахопленая навуковымі даследаваннямі, — 202 квадратныя кіламетры. У складзе паходнай групы было сем чалавек. Яны адправіліся ў дарогу на трох транспартных сродках з прычапнымі ўстройствамі — снегаходзе LYNX, снегабалотаходзе «Бабёр» і шматфункцыянальным Polar-300. Транспарт быў абсталяваны сістэмамі GPS-навігацыі, сродкамі спадарожнікавай і УКХ-сувязі.

«Для абывацеляў гэта быццам бы невялікія лічбы, хтосьці пераадольвае такія адлегласці па дарозе на дачу. Але я растлумачу: да гэтага часу 14 гадоў мы фактычна займаліся даследаваннем дастаткова тэрытарыяльна абмежаванага прыбярэжнага раёна Антарктыкі. Агульная яго плошча складала ад 25 да 30 квадратных кіламетраў. За мінулыя гады быў праведзены неабходны комплекс даследаванняў, і па многіх напрамках навукі ўсё ўжо было зразумела, таму патрабавалася пашырэнне геаграфіі даследаванняў, — падкрэсліў Аляксей Гайдашоў. — Тым больш гэтая лічба сур’ёзная з улікам спецыфікі прыродных і рэльефных умоў Антарктыкі. Нам давялося пераадолець некалькі ледніковых далін з расколінамі, праводзіліся папярэдняя паветраная і наземная разведкі, перш чым група рухалася наперад, па ходу адбіраліся навуковыя паверхневыя пробы снегу, лёду, замяраліся розныя параметры прыроднага асяроддзя. Агульная працягласць паходу з падрыхтоўкай, выхадам на маршрут і вяртаннем заняла трое сутак без сну і адпачынку».

Палярнікі выконвалі фота- і відэаздымку, вялі электронны запіс апорных пунктаў GPS-трэка даследчага маршруту. Праз кожныя два кіламетры дарогі апорныя пункты маршруту замацоўваліся на мясцовасці рэпернымі маркёрамі з дзяржаўнай сімволікай Беларусі.

Ім удалося дасягнуць намечанага канцавога пункта маршруту — горнага масіву DSF, які размешчаны ў глыбіні кантынента ў каардынатах найвышэйшага пункта (1451 м) над узроўнем мора.

Там былі праведзены рэкагнасцыровачныя работы і топагеадэзічная прывязка мясцовасці з выкарыстаннем прыбораў і прыборных комплексаў, распрацаваных у навуковых арганізацыях НАН Беларусі. На піку горнага масіву быў узняты Дзяржаўны сцяг Беларусі.

«Мы здзейснілі проста гіганцкі крок наперад у плане пашырэння геаграфіі нашых даследаванняў, — адзначыў Аляксей Гайдашоў. — Паверце, што нямногія нацыянальныя экспедыцыі, якія працуюць ужо дзясяткі гадоў у Антарктыцы, практыкуюць навуковыя паходы. Гэта звязана з пэўнымі праблемамі ў лагістыцы, неабходнасцю займацца пытаннямі забеспячэння бяспекі ўдзельнікаў такіх паходаў, транспартнымі пытаннямі і гэтак далей. А мы тое здзейснілі! У працэсе наступных экспедыцый плануем працягнуць практыку ўнутрыкантынентальных навуковых паходаў, намі ўжо распрацаваны маршруты палярных даследаванняў у Антарктыдзе на найбліжэйшыя гады. У перспектыве плошча навуковых даследаванняў можа пашырыцца да тысячы кіламетраў».

Як адзначыў начальнік экспедыцыі, метэаралагічныя і кліматычныя ўмовы апошняга сезона былі ўмерана халоднымі: «Гэта вялікі плюс для нас. Не было багатага снегараставання і, адпаведна, бурных ледніковых патокаў, якія складаюць небяспеку, не было абледзянелых схілаў, па якіх складана паднімацца, і не выпадала вялікай колькасці снегу, таму снежныя заносы, цяжкасці пры перасоўваннях, небяспека схаваных пад снегам расколін у сезоне былі мінімізаваныя».

Непасрэдна на Лядовым кантыненце беларускія палярнікі прабылі паўгода. Затое ім удалося апрабаваць абсталяванне, тэхніку і інфраструктуру станцыі ў найскладанейшых зімовых умовах (іх эвакуіравалі толькі 1 мая). Гэта стала дадатковым выпрабаваннем перад правядзеннем круглагадовай камандзіроўкі, якая можа ажыццявіцца ўжо ў найбліжэйшай перспектыве. Але пакуль аднадушнага меркавання наконт мэтазгоднасці такіх экспедыцый няма.

«Дадзенае рашэнне павінна прымацца кіраўніцтвам краіны і Нацыянальнай акадэміі навук, — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў. — З нашага боку магу запэўніць, што Беларуская палярная станцыя ў плане гатоўнасці сістэм яе жыццезабеспячэння цалкам падрыхтаваная. Высокапрафесійнымі кадрамі мы таксама забяспечаны. За мінулыя гады стварылі сур’ёзны кадравы рэзерв. На кожную пасаду ў экспедыцыі ў нас прэтэндуе па тры-чатыры чалавекі».

Трэба паясніць, што зімоўка — асаблівы выпадак. Восем месяцаў у годзе аказаць дапамогу ў Антарктыцы ніхто не зможа. Караблі і самалёты могуць трапіць туды толькі ў кастрычніку-лістападзе і ў сакавіку-красавіку. На працягу сезоннай экспедыцыі ў выпадку нейкіх форс-мажорных абставін можна вырашыць пытанне эвакуацыі хворага, даставіць запчасткі, калі нешта выйшла са строю. Але калі пачынаюцца зімовачныя мерапрыемствы, разлічваць можна толькі на тое, што прывезлі, і на людзей, якія побач. На зімовы перыяд патрабуецца фіксаваны састаў, кампактны, мінімальна неабходны з пункту гледжання эфектыўнасці выконваемых работ і бяспекі. Гэта тэхнічныя спецыялісты па жыццезабеспячэнні і навуковыя супрацоўнікі для выканання круглагадовых навуковых праграм.

— Трэба выпрацаваць аптымальнае рашэнне для краіны, — лічыць старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. — Давайце думаць, а што гэта дасць нашай краіне і наколькі істотная будзе розніца ў выніках сезоннай і круглагадовай экспедыцыі? Плюс усё ж такі не кожны рашыцца адправіцца ў палярную экспедыцыю на цэлы год... Тут важнае не толькі жаданне, але і здароўе, і псіхалагічная сумяшчальнасць членаў экспедыцыі.

Акадэмік Уладзімір Логінаў, які быў ідэйным натхняльнікам і ініцыятарам беларускіх антарктычных праграм, таксама асцярожна выказаўся наконт круглагадовых экспедыцый: «Лічу, што экспедыцыя з гадавой цыклічнасцю патрэбная толькі тады, калі ёсць навуковыя задачы, якія патрабуюць вырашэння ў гадавым цыкле даследаванняў. Да таго ж такія экспедыцыі могуць дазволіць сабе, як правіла, толькі вельмі заможныя краіны, — заўважыў ён. — А вось над чым трэба папрацаваць, дык гэта над абагульненнем таго, што было зроблена на працягу пятнаццаці беларускіх экспедыцый. Патрабуецца сур’ёзная сістэматызацыя навуковых вынікаў, і ўсё павінна быць выкладзена на паперы...»

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 21 чэрвеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/118/69851
Текущая дата: 18.11.2024