Белорусский портал в Казахстане

Беларуска Ірына Шымановіч выйшла ў 2-і круг кваліфікацыі «Ралан Гарос»



На парыжскіх кортах «Ралан Гарос» працягваюцца кваліфікацыйныя паядынкі адкрытага чэмпіянату Францыі.

Сёння ў другім раўндзе жаночых спаборніцтваў беларуская тэнісістка Ірына Шымановіч (211-ы нумар сусветнага рэйтынгу) перамагла францужанку Марго Руўруа (278) на двух тай-брэйках — 7:6 (7:0), 7:6 (7:4). У першым крузе беларуска абгуляла прадстаўніцу кітайскага Тайбэя Джаану Гарланд — 6:4, 6:0, а ў паядынку за магчымасць трапіць у асноўную сетку яе саперніцай будзе японская тэнісістка Маі Хантама (189).

Яшчэ адна беларуска Крысціна Дзмітрук (216) сёння сустрэнецца са швейцаркай Сімонай Вальтэр (127). На старце Дзмітрук упэўнена перайграла французскую тэнісістку Дафні Мпетшы Перыкар — 6:1, 6:3.

Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова саступіла ў першым раўндзе бразільянцы Лаўры Пігосі — 1:6, 3:6, а ў мужчынскім турніры Ягор Герасімаў саступіў французу Ларану Лаколі — 3: 6, 5: 7.

Каб прабіцца ў асноўную сетку, трэба пераадолець тры кваліфікацыйныя бар’еры. Без удзелу ў кваліфікацыі ў адкрытым чэмпіянаце Францыі выступяць Арына Сабаленка (2), Вікторыя Азаранка (18), Аляксандра Сасновіч (50) і Ілья Івашка (86). Асноўны этап другога ў сезоне турніру серыі «Вялікага шлема» пройдзе з 28 мая па 11 чэрвеня.

Звязда, 24 траўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/123/69531
Текущая дата: 18.11.2024