Белорусский портал в Казахстане

Лагер для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і іх сем’яў будзе працаваць у Гродне



Інтэграцыйны лагер для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, будзе працаваць у Гродне.

Унікальны праект дзясяты раз рэалізуе цэнтр для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі Гродзенскай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Лагер будзе працаваць у маляўнічым месцы паблізу абласнога цэнтра, дзе створана даступнае асяроддзе для людзей з інваліднасцю, з 4 па 10 чэрвеня.

«Мы запрасілі тыя сем’і, якія асабліва маюць патрэбу ў падтрымцы, — распавяла кіраўнік Цэнтра для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ГДА БЧК Інэса Ларыёнава. — Сярод удзельнікаў — шматдзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама тыя, дзе выхоўваюцца некалькі дзяцей-інвалідаў. Амаль палова з іх прыедзе з раёнаў вобласці».

На працягу тыдня пройдуць розныя трэнінгі, у тым ліку па псіхасацыяльных падтрымцы, абілітацыі, заняткі ёгай, плаваннем, забаўляльныя гульні, конкурсы, канцэрты.

Дапамагаць бацькам у доглядзе за дзецьмі будуць валанцёры і супрацоўнікі Чырвонага Крыжа.

Фінансавую падтрымку ў арганізацыі інтэграцыйнага лагера ўзяло на сябе ААТ «Малочны Свет».

Плануецца, што ў лагеры адпачнуць больш за 50 чалавек.

Звязда, 26 траўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/123/69541
Текущая дата: 18.11.2024