Белорусский портал в Казахстане

Кожны пяты клешч у Брэсцкай вобласці заражаны барэліямі



Аб гэтым паведаміла Таццяна Гапонік, рэдактарка аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага абласнога ЦГЭіГЗ.

За тры месяцы гэтага года па дапамогу ў медыцынскія ўстановы вобласці з укусамі кляшчоў звярнуліся 55 чалавек, з іх 27 — дзеці ва ўзросце да 17 гадоў. Для параўнання летась на гэты перыяд лічбы адпаведна выглядалі так — 57 і 36.

Але памяншэнне адноснае і нязначнае, і ні ў якім разе не нагода страчваць пільнасць — папярэджваюць спецыялісты. За тры месяцы было даследавана 10 кляшчоў, якіх знялі з людзей. Заражанасць насякомых барэліямі склала 20 працэнтаў, гэта значыць, што кожны пяты крывасос уяўляе сабой пагрозу для здароўя.

Таму медыкі настойліва заклікаюць захоўваць усе меры перасцярогі, апранацца для прагулак і работы на свежым паветры так, каб цела было максімальна закрытым. Для адпужвання кляшчоў трэба выкарыстоўваць рэпеленты. Пасля наведвання лясоў, паркаў, месцаў адпачынку абавязкова праводзіць агляд і ўзаемаагляд. Ну і варта не забываць пра добраўпарадкаванне тэрыторый двароў, дачных участкаў, кляшчы любяць леташнюю лістоту, сухую траву, рознае смецце.

Святлана Яскевіч
Звязда, 14 красавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/131/69061
Текущая дата: 18.11.2024