Белорусский портал в Казахстане

129 аўтарскіх распрацовак. Што было прадстаўлена ў гранд-фінале праекта «100 ідэй для Беларусі»



У гэтым годзе ў Мінску будзе праходзіць чарговы фінал, дзе ўсе таленавітыя хлопцы і дзяўчаты з розных краін СНД змогуць прадставіць свой праект.

129 аўтарскіх распрацовак у 10 намінацыях былі прадстаўлены ў гранд-фінале Рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі», які прайшоў у сценах Нацыянальнай бібліятэкі: сярод іх разумная сонечная панель, устройства перапрацоўкі пластыку для 3D-друку, сэнсарныя акуляры для людзей з аслабленым зрокам, нейрасетка для класіфікацыі новаўтварэнняў скуры, новыя супрацьпухлінныя агенты для лячэння раку малочнай залозы, водарастваральныя нанавалакністыя матэрыялы для медыцыны і касметалогіі, матэрыялы для рамонту дарог DakPatch, акустычны вогнетушыцель, аркестр LEGO-робатаў для навучання робататэхніцы, беларускамоўны галасавы памочнік «Ясь», праект «Лялька.бай», фэнтэзійная інтэрактыўная навэла для навучання геаграфіі «Захавальнік стыхій» і многія-многія іншыя. 

Дванаццаты сезон папулярнага моладзевага праекта стартаваў 15 лістапада мінулага года. Для удзелу ў ім было пададзена 1200 заявак. Да рэспубліканскага фіналу адбыліся 66 занальных адборачных тураў, шэсць абласных, Мінскі гарадскі, адборачны тур Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ўпершыню — міжуніверсітэцкі тур, арганізаваны Міністэрствам адукацыі.

Важнай адметнасцю апошняга сезона стала правядзенне комплексу практыка-арыентаванага навучання асновам стварэння, прэзентацыі, прасоўвання і рэалізацыі маладзёжных распрацовак. Па ўсёй краіне адбылося 75 навучальных мерапрыемстваў. 

— Моладзевы праект «100 ідэй для Беларусі» рэалізуецца ў нас у краіне ўжо больш за 10 гадоў і набыў статус нацыянальнага. Я заўсёды з цікавасцю прымаю ўдзел у фінальнай частцы гэтага спаборніцтва і бачу, як з кожным годам ён прырастае новымі імёнамі, новымі навукова-тэхнічнымі, інтэлектуальнымі распрацоўкамі, — падкрэсліў у сваім выступленні падчас урачыстага адкрыцця гранд-фіналу кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. —За ўсе гады правядзення конкурсу на яго было пададзена 17,3 тысячы заявак. І 3,5 тысячы распрацовак укараняюцца сёння ў практычнае жыццё. Кожны этап праекта дазваляе нам убачыць новых таленавітых маладых людзей: школьнікаў, навучэнцаў каледжаў, студэнтаў, маладых даследчыкаў, аспірантаў. Усіх канкурсантаў аб’ядноўваюць розум, талент, дапытлівасць, жаданне паказаць сябе і дабіцца чагосьці ў жыцці — паступіць у ВНУ, укараніць сваю распрацоўку, стаць вынаходнікам і рацыяналізатарам. 

Ігар Сергеенка падкрэсліў, што галоўны індыкатар праекта — яго вынікі: «Сёння нам былі прадэманстраваны праекты, якія перамаглі летась. Напрыклад, маладая вучоная-даследчык з Акадэміі навук Вікторыя Шумская стала пераможцай конкурсу з распрацоўкай новай сістэмы ачысткі азотных угнаенняў ад вуглякіслага газу. Сёння гэты праект рэалізуецца і ўкараняецца на Гродзенскім вытворчым аб’яднанні „Азот“, якое выпускае ўгнаенні. Яшчэ адзін праект належыць студэнту Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Андрэю Капітонаву. Яго распрацоўка — нейрасетка па класіфікацыі рэнтгенаўскіх здымкаў грудной клеткі, якая дазваляе выяўляць бессімптомную пнеўманію, ужо ўкаранёная ў сістэме аховы здароўя. І такіх яркіх прыкладаў, якія сёння рэалізуюцца на практыцы, шмат..»

«Дзяржава вельмі вялікую ўвагу надае развіццю моладзевай палітыкі ў нашай краіне, каб моладзь актыўна ўдзельнічала ў грамадска-палітычных мерапрыемствах, у сацыяльна-эканамічным развіцці, дэманстравала свае інтэлектуальныя магчымасці, — падзяліўся сваім меркаваннем пасля азнаямлення з экспазіцыяй намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. — Галоўнае, каб гэта ўсё служыла на карысць Беларусі. Прыняты шэраг праграмных дакументаў, якія падтрымліваюць моладзь. Таксама дзейнічае падпраграма па моладзевай палітыцы. Функцыянуюць фонды па падтрымцы таленавітай моладзі, выдзяляюцца адпаведныя гранты для развіцця і ўкаранення распрацовак. У цэлым для маладых людзей створаны ўсе ўмовы для таго, каб яны маглі атрымаць якасную адукацыю і прафесійна рэалізавацца менавіта ў нашай краіне. У нашай моладзі светлыя, цікавыя, перспектыўныя ідэі...»

Віцэ-прэм’ер адзначыў вельмі цікавыя і нестандартныя рашэнні, убачаныя ў фінале «100 ідэй. «Дарэчы, многія хлопцы і дзяўчаты ўжо па некалькі разоў прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Гэты праект функцыянуе па рашэнні кіраўніка дзяржавы з 2021 года. І толькі летась каля 840 нашых школьнікаў дзявятых —адзінаццатых класаў паспяхова прайшлі ў ім навучанне і сёння дэманструюць тут многія цікавыя рэчы. Мы бяром на заметку гэтыя праекты, яны будуць падтрымлівацца і рэалізоўвацца, а мы будзем і надалей падтрымліваць рабят у іх памкненнях, — паабяцаў Ігар Петрышэнка. 

«Вельмі прыемна, што ў гэтым годзе прадстаўлена шмат інавацыйных праектаў у адукацыйнай сферы, — падзяліўся сваім меркаваннем ад убачанага міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Напрыклад, мы бачылі новыя інавацыйныя тэхналогіі для работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія ўжо выкарыстоўваюцца ў нашых установах адукацыі. Яны дапамагаюць інтэгравацца такім дзеткам у звычайны адукацыйны працэс. Гэта вельмі важна для іх сацыялізацыі, каб кожны з іх атрымаў пуцёўку ў жыццё». Ён падкрэсліў, што конкурс «100 ідэй для Беларусі» мае вялікую гісторыю. Ён быў запушчаны ў 2011 годзе і выйшаў ужо на міжнародны ўзровень. З перыядычнасцю раз на два гады праходзіць конкурс «100 ідэй для СНД». 

Па словах міністра адукацыі, пераможцы конкурсу «100 ідэй для Беларусі» атрымаюць пуцёўку на рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў і прымуць удзел у намінацыі «Найлепшы маладзёжны інавацыйны праект». «Гэта вельмі важна, таму што там прадугледжваецца значнае фінансаванне для распрацоўкі бізнес-плана. Фактычна гэта афармленне ідэі ў канкрэтны, гатовы бізнес-праект, які павінен быць у далейшым укаранёны ў рэальны сектар эканомікі, — расказаў міністр. — Таксама немалаважны аспект, што ўсе пераможцы змогуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спецыяльны фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай і таленавітай моладзі. Гэта фактычна новаўвядзенне гэтага года. Яно стане вельмі добрым матыватарам для нашай моладзі яшчэ больш актыўна ўдзельнічаць у конкурсе».

Першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў звярнуў увагу на тое, што ў 12-м сезоне «100 ідэй для Беларусі» прадстаўлена вялікая колькасць сацыяльна значных праектаў, аўтарамі якіх з’яўляюцца школьнікі. Лідар Саюза моладзі заўважыў, што ён перажывае дакладна такія ж эмоцыі, як і дзесяць гадоў таму, калі сам прымаў удзел у фінале «100 ідэй». Перамога ў гэтым конкурсе стала для яго добрай стартавай пляцоўкай у жыцці. Звяртаючыся да канкурсантаў ён адзначыў: «Вы ўсе знаходзіцеся яшчэ толькі ў пачатку вельмі важнага шляху. Сёння вы дэманструеце і свой асабісты патэнцыял, і патэнцыял сваёй краіны. Я лічу, што тут сабраныя не проста „100 ідэй для Беларусі“, а сканцэнтраваны інтэлектуальны патэнцыял нашай дзяржавы...»

Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 28 лютага 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/139/68594
Текущая дата: 18.11.2024