Белорусский портал в Казахстане

Парадак дня Саўміна Саюзнай дзяржавы налічвае больш за 30 пытанняў



На чарговым пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе 15 кастрычніка ў Маскве, плануецца разгледзець больш як 30 пытанняў. Пра гэта паведаміў Аляксандру Лукашэнку прэм`ер-міністр Сяргей Сідорскі.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, у цэнтры ўвагі будзе знаходзіцца выкананне бюджэту Саюзнай дзяржавы ў 2010 годзе, бюджэт наступнага года, пытанні развіцця гандлёва-эканамічных адносін за 9 месяцаў 2010 года, знешнегандлёвых адносін з Расійскай Федэрацыяй. У посткрызісны год Беларусь і Расія дэманструюць нядрэнныя тэмпы росту аб`ёму тавараабароту, што дае падставы разлічваць на добрыя вынікі гандлю за год. Як адзначыў Сяргей Сідорскі, на Саўміне плануецца таксама "вызначыць тыя нішы, дзе абедзве краіны могуць яшчэ дадаць у гандлі".

На пасяджэнні Саўміна будуць абмеркаваны і пытанні ваенна-палітычнага супрацоўніцтва, у прыватнасці, тыя, што тычацца аховы сумеснай мяжы, выхаду на рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых на мінулым пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета ў Маскве па сумесных СПА і групоўках войскаў, што забяспечваюць ахову і баяздольнасць Саюзнай дзяржавы.

Акрамя таго, на разгляд удзельнікаў пасяджэння вынесены пытанні інавацыйнага супрацоўніцтва. Плануецца зацвердзіць шэраг мерапрыемстваў на 2011—2015 гады па развіцці мікра-, біятэхналогій і іншых кірункаў.

Будуць абмеркаваныя таксама пытанні забеспячэння роўных правоў грамадзян дзвюх краін.

У другой палове дня запланавана рабочая сустрэча прэм`ер-міністраў Беларусі, Казахстана і Расіі, якая будзе прысвечана абмеркаванню пытанняў Мытнага саюза. Эксперты і віцэ-прэм`еры трох краін дэталёва прапрацавалі некаторыя кірункі, пакінуўшы на разгляд прэм`ер-міністраў спрэчныя моманты ў энергетыцы і чыгуначных перавозках грузаў.

Сяргей Сідорскі паведаміў прэзідэнту, што будуць прынятыя ўсе меры, каб у лістападзе-снежні выйсці на "афармленне гатовых дакументаў па Адзінай эканамічнай прасторы".

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 14 кастрычніка 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/1401/2311
Текущая дата: 25.12.2024