Белорусский портал в Казахстане

Рада Эўропы: Беларусь як ніколі блізкая да адмены сьмяротнага пакараньня



Рада Эўропы лічыць, што момант, калі Беларусь можа прыняць рашэньне аб адмене сьмяротнага пакараньня, як ніколі блізкі, заявіў у чацьвер у Менску генэральны дырэктар па правах чалавека і прававых пытаньнях Рады Эўропы Філіп Баайя.

"Рада Эўропы верыць, што момант, калі Беларусь зможа далучыцца да эўрапейскіх краінаў у частцы адмены сьмяротнага пакараньня, бліжэй, чым калі-небудзь ", — сказаў Ф. Баайя, выступаючы ў Менску на пасяджэньні "круглага стала" па праблематыцы сьмяротнага пакараньня, перадае "Інтэрфакс".

Ён дадаў, што на дасягненьне гэтай мэты "павінны быць накіраваныя ўсе высілкі ".

Прадстаўнік Рады Эўропы заўважыў, што ў Беларусі ёсьць два асноўныя аргумэнты, якія перашкаджаюць адмене сьмяротнага пакараньня.

"Першы — тое, што грамадзкая думка рашуча падтрымлівае захаваньне сьмяротнага пакараньня, другі — адмену сьмяротнага пакараньня можна ажыцьцявіць праз рэфэрэндум ", — растлумачыў ён, выказаўшы гатоўнасьць абмяркоўваць зь беларускім бокам гэтыя аргумэнты.

Ф. Боайя адзначыў, што адмена сьмяротнага пакараньня зьяўляецца асноўнай мэтай Рады Эўропы. "Натуральна, такое рашэньне запатрабуе моцнай палітычнай волі, адвагі і сьмеласьці палітычных лідэраў, якія будуць яго прымаць ", — сказаў ён.

Паводле Ф. Баайя, рашэньне аб адмене сьмяротнага пакараньня зьяўляецца тым выпадкам, калі палітычныя лідэры павінны весьці за сабой грамадзкае меркаваньне.

Генэральны дырэктар па правах чалавека і прававых пытаньнях Рады Эўропы заявіў аб тым, што Рада Эўропы вітае стварэньне ў Беларусі спэцыяльнай парлямэнцкай працоўнай групы па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня. "Ёсьць адчувальныя прыкметы, якія сьведчаць, што Беларусь гатовая стаць на шлях адмены сьмяротнага пакараньня. Упэўнены, што гэта рашэньне ўмацуе стасункі Беларусі і Рады Эўропы і створыць клімат кансалідацыі паміж імі ", — адзначыў Ф. Баайя.

23 верасня 2010
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/1406/2020
Текущая дата: 24.12.2024