Белорусский портал в Казахстане

"Усходняе партнёрства"



У пачатку восені на разгляд краін ЕС будзе прадстаўлены часовы план для структурнага дыялогу з Беларуссю.

У пачатку восені на разгляд краін Еўрасаюза будзе прадстаўлены сумесны часовы план для структурнага дыялогу ЕС з Беларуссю ў сферы палітыкі і эканомікі. Пра гэта паведаміў журналістам еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле пасля перамоў з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым 9 ліпеня ў Мінску.

Паводле слоў Фюле, падчас сённяшніх перамоў у МЗС план абмяркоўваўся "увогуле і цэлым". Дыскусіі паміж Беларуссю і ЕС будуць працягвацца, сказаў еўракамісар. Ён зазначыў, што гэты дакумент не з`яўляецца юрыдычна абавязковым. "Гэта палітычнае пагадненне, якое стане неабходнай базай для развіцця двухбаковых адносін", — заявіў Фюле.

Еўракамісар таксама зазначыў, што ў дакуменце — своеасаблівай "дарожнай карце" — будуць замацаваныя абавязацельствы як Беларусі, гэтак і ЕС. Пры гэтым Фюле заявіў: гэты план "не з`яўляецца абходным шляхам" адсутнай дагаворна-прававой базы для супрацоўніцтва Беларусі з ЕС. "Шлях па яе стварэнні гэты план дазволіць нам прайсці разам", — сказаў ён.

У сваю чаргу Сяргей Мартынаў удакладніў, што тэкст сумеснага прамежкавага плана не абмяркоўваўся падчас сённяшніх перамоў, над ім яшчэ працуе Еўракамісія. Паводле слоў міністра, бакі абмеркавалі "агульныя падыходы". Ён адзначыў актуальнасць задачы пабудовы дагаворна-прававой базы паміж Беларуссю і ЕС. Бакі, удакладніў Мартынаў, "вядуць папярэднія размовы" па паглыбленні аб партнёрстве і супрацоўніцтве. "Відавочна, для гэтага нам трэба прайсці пэўны шлях", — дадаў кіраўнік МЗС.  

На выніковай прэс-канферэнцыі Штэфан Фюле заявіў, што пры складанні прамежкавага плана рэформ паміж ЕС і Беларуссю будзе ўлічана меркаванне не толькі ўлад, але таксама грамадзянскай супольнасці і апазіцыі Беларусі.

"Не памятаю краіны, дзе б погляды ўлад, грамадзянскай супольнасці і апазіцыі поўнасцю супадалі. У Мінску яны разыходзяцца па многіх пытаннях", — падкрэсліў еўракамісар.

Фюле паведаміў, што падчас візіту ў Мінск сустрэўся не толькі з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком МЗС Сяргеем Мартынавым і віцэ-прэм`ерам Андрэем Кабяковым, але і з супрацоўнікамі пасольстваў краін ЕС, а таксама прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі. "Усё гэта неабходна для лепшага разумення сітуацыі тут і абмеркавання нашых прапаноў", — перакананы ён.

Еўракамісар таксама лічыць, што ў рамках палітыкі ЕС можна зрабіць больш па развіцці адносін з Беларуссю, каб рэспубліка магла ў поўнай меры выкарыстоўваць увесь патэнцыял, які даецца ў рамках палітыкі "Усходняе партнёрства".

"Цяпер гэты патэнцыял скарыстаны толькі на 10%, не больш. Веру, што сітуацыя можа змяніцца, калі мы працягнем падтрымку Беларусі на шляху рэформ", — заявіў Фюле.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што развіццё адносін павінна быць заснавана на такіх фундаментальных каштоўнасцях, як дэмакратыя, правы чалавека і вяршэнства закона.

Марына Рахлей, БелаПАН
9 ліпеня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/1423/1344
Текущая дата: 23.12.2024