Белорусский портал в Казахстане

Найлепшым варыянтам для Еўрасаюза было б аб`яднанне з Расіяй



Такому альянсу пазайздросцілі б ЗША і Кітай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв`ю замежным і беларускім СМІ.

"Самы лепшы варыянт для еўрапейцаў - гэта аб`яднацца з Расіяй. Тут рэсурсы, там - высокія тэхналогіі. І гэта быў бы галоўны полюс планеты. Амерыканцы і кітайцы (пры ўсім маім дружалюбным стаўленні да Кітая) зайздросцілі б гэтаму альянсу. І было б тры магутныя кропкі, на якіх бы трымалася наша планета, - ЗША, Кітай і еўрапейскі кантынент разам Расіяй, лічыце, еўразійскі. Магчыма, і чацвёрты полюс утварыўся б вакол Індыі або Індыя і іншыя далучыліся б да гэтых полюсаў. Гэта было б дастойна для планеты", - выказаў меркаванне беларускі лідар.

Прэзідэнт лічыць, што менавіта ў гэтым напрамку сітуацыя будзе развівацца. Хоць амерыканцы гэтага не хочуць і ўсяляк тарпедуюць любыя нармальныя працэсы, у тым ліку і спробы ўсталявання міру ва Украіне, якога хочуць еўрапейцы. Краіны Еўрасаюза ў прыняцці рашэнняў пакуль "бягуць следам за ЗША".

Разам з тым кіраўнік дзяржавы не згодны, што канфлікт ва Украіне можна на глабальным узроўні лічыць канфліктам Масквы і Захаду. На гэтыя працэсы трэба глядзець больш шырока, перакананы беларускі лідар.

"Гэта глабальны канфлікт паміж Амерыкай і Захадам з аднаго боку і Кітаем - з другога (не Расія - Кітай для іх галоўнае), лічыце, паміж Захадам і Усходам (Кітаем і Расіяй, можаце Іран сюды падключыць і гэтак далей), - звярнуў увагу Прэзідэнт. - А найбольш вострая фаза гэтага канфлікту - канфлікт паміж Масквой і Захадам".

"Да амерыканцаў я спрабаваў дастукацца і давесці ім пазіцыю, што яны цяпер ваююць з усім светам, не толькі з Кітаем, Расіяй, але і з Еўропай, сваімі саюзнікамі. Яны паставілі Еўропу ў такую позу, што далей няма куды. Еўропа нездаволена такім становішчам", - звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі.

Ён, у прыватнасці, згадаў пра дзеянні ЗША, накіраваныя на разбурэнне сувязей Еўрасаюза з Расіяй. Напрыклад, падрыў "Паўночнага патоку", па якім прыродны газ пастаўляўся з Расіі ў Еўропу і які знішчылі, каб не засталося ніякіх эканамічных ніцей, якія звязвалі б Расію з Еўропай. Заакіянскія праціўнікі такога цеснага супрацоўніцтва выдатна разумеюць, што на моцным эканамічным падмурку паміж Еўропай і Расіяй можна будаваць і астатнія сувязі - палітычныя, дыпламатычныя, этычныя, а без яго гэта праблематычна.

Яшчэ адзін прыклад - калі ЗША, абараняючы свой рынак, зрабілі найбольш прывабнымі ўмовы для еўрапейскіх кампаній і яны рынуліся туды. "Гэта дружалюбныя крокі?" - рытарычна спытаў беларускі лідар.

І, нарэшце, яшчэ пераканаўчы прыклад - правядзенне Брэксіту ў Вялікабрытаніі. "Навошта адарвалі ад Еўропы? Вы думаеце, што гэта англійскае жаданне было? Гэта крок да разбурэння Еўрапейскага саюза", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Зусім зневажальным для Еўропы было грубае ўмяшанне ЗША ў здзелку паміж Францыяй і Аўстраліяй на дзясяткі мільярдаў долараў па будаўніцтве падводных лодак. "Хто робіць цяпер гэты прадукт для Аўстраліі? Амерыканцы. Яны проста паклікалі аўстралійцаў і французаў і сказалі: гэтага кантракта не будзе, будзе кантракт паміж ЗША і Аўстраліяй. Гэта што? Гэта ўніжэнне ядзернай дзяржавы. Францыя - ядзерная дзяржава. Вось такая палітыка ЗША ў адносінах да Еўропы", - растлумачыў Прэзідэнт.

Сітуацыя з пастаўкамі цяжкага ўзбраення ва Украіну з краін ЕС таксама паказальная, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што спачатку краіны ЕС не збіраліся перадаваць танкі і іншае, але пад націскам ЗША ў рэшце рэшт згадзіліся.

16 лютага 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/143/68433
Текущая дата: 19.11.2024