Белорусский портал в Казахстане

Мінадукацыі Беларусі вызначыла, калі і ў якой форме будуць здаваць экзамены выпускнікі 9-х і 11-х класаў



пра гэта паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Міністэрства адукацыі вызначыла пералік вучэбных прадметаў, віды, формы і тэрміны правядзення падагульняючых іспытаў у 2022/2023 навучальным годзе. Гэта прадугледжана пастановай ведамства ад 23 жніўня 2022 года нумар 278.

Для выпускнікоў 9-х класаў устаноўлены падагульняючыя іспыты ў выглядзе выпускнога экзамену па вучэбных прадметах: «Беларуская мова» і «Руская мова» — пераказ у пісьмовай форме, «Матэматыка» — кантрольная работа ў пісьмовай форме, «Гісторыя Беларусі» — па білетах у вуснай форме. Асноўныя тэрміны правядзення — з 1 па 9 чэрвеня 2023 года, іншыя тэрміны — з 21 па 25 жніўня 2023-га.

Выпускнікі 11-х класаў будуць здаваць падагульняючыя іспыты ў выглядзе цэнтралізаванага экзамену ў пісьмовай форме. Па беларускай або рускай мове (па выбары навучэнца) — у асноўныя тэрміны 14 мая 2023 года, рэзервовы дзень — 23 мая 2023-га, а таксама ў даты правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні, іншыя тэрміны — 21 жніўня 2023-га.

Па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, замежнай мове (англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай, кітайскай), гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі (навейшы час), геаграфіі, грамадазнаўстве (па выбары навучэнца) асноўныя тэрміны — 21 мая 2023 года, рэзервовы дзень — 25 мая 2023-га, а таксама ў даты правядзення цэнтралізаванага тэставання ў рэзервовыя дні, іншыя тэрміны — 23 жніўня 2023-га.

Пасля завяршэння навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі пры асваенні зместу адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі і сярэдняй спецыяльнай адукацыі для навучэнцаў, курсантаў праводзяцца падагульняючыя іспыты ў выглядзе выпускнога экзамену па вучэбных прадметах: «Беларуская мова» або «Руская мова» (па выбары навучэнца) — пераказ у пісьмовай форме, «Матэматыка» — кантрольная работа ў пісьмовай форме.

Таксама вызначаны формы падагульняючых іспытаў для навучэнцаў гімназіі — каледжа мастацтваў пасля завяршэння навучання і выхавання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, парушэннямі зроку, цяжкасцямі ў навучанні, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі і для некаторых іншых катэгорый.

Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

Звязда, 28 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/156/67678
Текущая дата: 19.11.2024