Белорусский портал в Казахстане

Шэдэўры старадаўняй музыкі прагучаць на фестывалі арганнай музыкі "Званы Сафіі" ў Полацку



Пра гэта паведамілі ў Музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора.

У Полацку з 23 кастрычніка па 27 лістапада будзе праходзіць адна з буйнейшых падзей у галіне музычнага мастацтва Беларусі - XXVII Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі".

Дзякуючы гэтаму міжнароднаму праекту Полацк кожную восень становіцца цэнтрам сусветнага арганнага выканання. Знатакі жывой музыкі з розных куткоў Беларусі і шматлікія госці горада змогуць атрымаць асалоду ад гучання полацкага аргана ў выкананні знакамітых музыкантаў з розных краін.

У першы дзень фестывалю пройдзе канцэрт заслужанай артысткі Беларусі Ксеніі Пагарэлай і ўладальніцы каларатурнага сапрана, лаўрэата міжнародных конкурсаў і фестываляў, расійскай спявачкі Людмілы Трацэўскай.

Цэнтральнай падзеяй па традыцыі стане адкрыццё фестывалю. Арганістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая і камерны аркестр "Еўропа-Цэнтр" пад кіраўніцтвам Раіля Садыкова кожны год радуюць сваіх паклоннікаў новымі яркімі праграмамі. Не стане выключэннем і цяперашні фестываль. 30 кастрычніка ў канцэртнай зале Сафійскага сабора нараўне з шэдэўрамі старадаўняй музыкі прагучыць полацкая прэм`ера сачынення беларускага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага - Сюіта для струннага аркестра Le Grand Cahier.

Расійскі дуэт аргана і голасу - Настасся Быкава і Святлана Белякова - выступіць 6 лістапада. У праграме канцэрта прагучаць творы вялікіх класікаў І.С. Баха, Г.Ф. Гендэля, А. Скарлаці, В.А. Моцарта, Т. Альбіноні.

Музыку французскага рамантызму падораць слухачам вядучыя беларускія салісткі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Кацярына Нікалаева (арган) і Таццяна Кармазінава (флейта) 13 лістапада.

20 лістапада паклоннікі арганнай музыкі пачуюць вялікія такаты Д.Букстэхудэ, Ш.-М. Відора, І.С. Баха, Л. Баэльмана, А. П`яцолы ў выкананні расійскага арганіста, клавесініста, кампазітара Фёдара Строганава.

Завершыцца свята музыкі 27 лістапада праграмай "Два геніі: Вівальдзі і Бах". Лаўрэат расійскай прэміі "Арганіст года - 2021", салістка Цюменскай філармоніі Марыя Блажэвіч выступіць у Полацку ўпершыню.

Полацкі арган даўно пакарыў музыкантаў і слухачоў сваім незвычайным голасам, прыгажосць і глыбіню якога падкрэслівае ўнікальная акустыка Сафійскага сабора, адзначылі арганізатары.

19 кастрычніка 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/171/66819
Текущая дата: 19.11.2024