Белорусский портал в Казахстане

Беларусь выстаяла ў складаны перыяд 2020 года, здолеўшы захаваць мір і парадак у дзяржаве, аднак расслабляцца пакуль рана



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод тым, хто быў на вастрыі ў вельмі няпростыя для краіны часы, ў Палацы Незалежнасці.

За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, значныя заслугі ў воінскай службе і высокі прафесіяналізм кіраўніком дзяржавы ўзнагароджаны тры дзясяткі ваеннаслужачых і прадстаўнікоў сілавых структур: Міністэрства абароны, МУС, Дзяржпагранкамітэта, Камітэта дзяржбяспекі, Службы бяспекі Прэзідэнта.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, гэтыя людзі былі на вастрыі ў вельмі няпростыя для краіны часы. Высокія ўзнагароды сёння ж атрымалі і шэраг грамадзянскіх асоб, якія праявілі рашучасць і мужнасць у складаных умовах пры забеспячэнні бяспекі і навядзенні парадку ў краіне ў жніўні і восенню 2020 года.

«Усё далей углыб гісторыі сыходзяць падзеі тых незабыўных для нас з вамі, памятных, можна сказаць, дзён 2020 года. Мы ўсё больш і больш задаемся пытаннем: дык што гэта было насамрэч? Ацэнка тым падзеям дадзена. І не мэта мая сёння паўтарацца «Скажу толькі адно. Як і чалавек ад нараджэння, так і любы народ піша сваю гісторыю. І праз некаторы час, азіраючыся назад, са шкадаваннем або гонарам канстатуем факты свайго жыцця, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У кагосьці былі старонкі не вельмі. Нехта ганарыцца пражытымі гадамі. Дакладна так і наш беларускі народ, увогуле народы ў гісторыі даюць ацэнкі пражытаму».

Прэзідэнт канстатаваў, што з гэтага пункту гледжання нічога добрага 2020 у сувязі з гэтымі падзеямі не дадаў. «Але беларускі народ справіўся. Мы з вамі справіліся і выстаялі. Гэта дастойна таго. І калі ацаніць, што гэта былі цяжкія дні, цяжкія жнівень і верасень, але мы выстаялі, гэтай старонкай з гэтага пункту гледжання мы можам ганарыцца», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да ўдзельнікаў цырымоніі: «Перш за ўсё хачу падзякаваць нашым людзям. І перш за ўсё вам. Усе практычна вы тут людзі ваенныя. Мы выстаялі перш за ўсё дзякуючы мужнасці, стойкасці — вашым гэтым добрым і добрым якасцям. Мы тады не думалі ні аб подзвігах, ні аб учынках. Мы проста разумелі, што павінны зрабіць сваю працу. Абараніць сваю краіну, абараніць мір і спакой нашых грамадзян, для чаго мы — органы ўлады, вайскоўцы і побач з намі людзі стаяць — прызначаны».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што выключна ўдзячны гэтым людзям. Ён расказаў, што пасля тых падзей даручыў адзначыць заслугі ўсіх хлопцаў, якія да смерці стаялі на вуліцы, былі траўміраваны, у тым ліку вельмі сур’ёзна, але не адступілі.

«Усіх знайсці, няхай гэта будуць тысячы-тысячы людзей, і ўзнагародзіць. Але, можа, мы кагосьці прапусцілі, не заўважылі. Усякае бывае, жыццё зараз складанае. Іх трэба знайсці — усіх тых, хто быў з намі на барыкадах, хто стаяў у тыя жнівеньскія, вераснёўскія дні, абараняючы наша мірнае жыццё. Нават калі яны сёння ўбіраюць хлеб на камбайнах, звольніўшыся з шэрагаў Узброеных Сіл. Мы гэта зробім», — сказаў Прэзідэнт.

Ён зазначыў, што, як заўсёды бывае, тых, хто побач, часам не заўважаеш, здаецца, што так і павінна быць. «Так і павінна быць. Тыя, хто побач, тыя ідуць, не аглядаючыся, выконваючы загад. Думаю, настаў час вярнуць даўгі», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Цяпер мы ўжо ўсвядомілі, што было б з намі. Мы тады зрабілі практычна немагчымае. На нас трэніраваліся. Але гэта была трэніроўка, гэта была прэлюдыя да тых падзей, якія адбываюцца зараз у свеце і ў прыватнасці ва Украіне. Мы выстаялі, таму сёння жывём у мірнай краіне», — падкрэсліў беларускі лідар.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: расслабляцца яшчэ вельмі рана, усё толькі пачынаецца: «Там была рэпетыцыя, трэніроўка, як я сказаў, прэлюдыя да асноўных падзей. Усё толькі пачынаецца. Нам не да расслаблення».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на складанае становішча ў рэгіёне і свеце, у тым ліку вакол Беларусі. «Польшча і краіны Прыбалтыкі ператварыліся, як бачыце, у палігоны для рэгулярных вучэнняў натаўскіх войскаў. Раней нейтральныя Швецыя і Фінляндыя (ім-то чаго неймецца, сядзелі б ціхенька і маўчалі) імкнуцца ў тэрміновым парадку ўступіць у Паўночнаатлантычны альянс, лічыце — уступілі фактычна», — Сказаў ён.

Пры гэтым, адзначыў Прэзідэнт, не спыняецца масіраваная гібрыдная агрэсія супраць беларускай дзяржавы. «З боку так званай беглай нават не апазіцыі, а тых мяцежнікаў, якія хутка збеглі за межы нашай краіны. Па сваёй сутнасці гэтыя людзі з’яўляюцца адным з краевугольных камянёў палітыкі Вашынгтона і Бруселя на нашым напрамку і не толькі. І наш абавязак перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі — зрабіць з гэтага высновы і ўсімі магчымымі сродкамі захаваць краіну, — заявіў беларускі лідар. — І мы яе захаваем, чаго б нам гэта ні каштавала. У гэтым не толькі мая, але і ваша задача. Людзі вельмі вераць у нас і ведаюць, што мы заўсёды прыйдзем на дапамогу. Забяспечым спакойнае і мірнае жыццё нашых людзей, абаронім краіну ад знешніх і таксама ўнутраных пагроз».

Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, Прэзідэнт падзякаваў ім за бездакорную службу і надзейнасць, пажадаў новых дасягненняў у службе і на рабоце, моцнага здароўя ім, а таксама іх родным, блізкім.

Звязда, 24 жніўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/181/66218
Текущая дата: 20.11.2024