Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве абароны.
ЗША імкнуцца павысіць градус напружанасці для рэалізацыі сваіх геапалітычных мэт. Гэта стала адной з асноўных тэм, якія абмеркавалі падчас круглага стала, арганізаванага для прадстаўнікоў Мінскай асацыяцыі ваенных аташэ ў Цэнтральным доме афіцэраў пад кіраўніцтвам начальніка Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Валерыя Равенкі.
На мерапрыемстве была даведзена актуальная інфармацыя аб дзейнасці Узброеных Сіл Беларусі, а таксама абмяркоўваліся пытанні міжнароднага парадку дня. У рамках асвятлення бягучай ваенна-палітычнай абстаноўкі быў зроблены акцэнт на тым, што высокая ступень яе абвастрэння ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне абумоўлена многімі фактарамі. Гэта дэструктыўная палітыка ЗША, якія праз сваіх партнёраў імкнуцца павысіць градус напружанасці ў рэгіёне для рэалізацыі ўласных геапалітычных мэт; масіўнае інфармацыйнае ўздзеянне на Рэспубліку Беларусь і РФ (у тым ліку вялікая колькасць фэйкаў з боку Украіны са спробамі дэстабілізацыі сітуацыі і парушэння спакою ў беларускім грамадстве); насычэнне Украіны ўзбраеннямі і негатыўныя наступствы гэтага як для краін, якія выдзяляюць зброю, так і для Беларусі; непразрыстасць вучэння "Абаронца Еўропы - 2022" для Беларусі; фактычны крах сістэмы выканання дагавораў у сферы кантролю над узбраеннямі, што патрабуе пераасэнсавання ўсёй будучай сістэмы пабудовы бяспекі; мілітарызацыя Польшчы і краін Балтыі.
На падставе сказанага было агучана меркаванне, што ў бліжэйшы час ваенна-палітычная абстаноўка ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне захавае існуючы крызісны характар і прадоўжыць развівацца ва ўмовах комплекснага ўзмацнення націску на Беларусь і Расію.
"Пры гэтым было асабліва адзначана, што Беларусь заўсёды выступала з заклікамі да выбудоўвання раўнапраўных і ўзаемавыгадных адносін з усімі дзяржавамі рэгіёна і свету", - дадалі ў ведамстве.
Закранаючы асноўныя мерапрыемствы, якія праводзяцца цяпер ва Узброеных Сілах, палкоўнік Валерый Равенка праінфармаваў, што ў воінскіх часцях і падраздзяленнях УС выконваюцца планавыя мерапрыемствы падрыхтоўкі да другога паўгоддзя навучальнага года. Пры гэтым значная ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы да ўдзелу ў конкурсах у рамках "АрМГ-2022".
Прадстаўнікам ваенна-дыпламатычнага корпуса быў прадэманстраваны распрацаваны ў Дэпартаменце МВС новы інфармацыйны бюлетэнь, у якім на рэгулярнай аснове будуць адлюстроўвацца асноўныя падзеі, што адбываюцца ва Узброеных Сілах, і які будзе даводзіцца да ведама замежных ваенных дыпламатаў у электронным выглядзе.
Круглы стол прайшоў у канструктыўным і плённым ключы. Практыка правядзення такіх мерапрыемстваў будзе прадоўжана з мэтай далейшага ўмацавання міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/197/65276
Текущая дата: 20.11.2024