Гэты дзень з`яўляецца дзвесце васемнаццатым па Грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 148 дзён.
Якія падзеі адбыліся 5 жніўня і чым адзначаны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 5 жніўня
У 1262 годзе войскі Міндоўга і Шварна нанеслі паражэнне мазавецкаму рыцарству пад Длугасёдламі.
У 1392 годзе Ягайла і Вітаўт заключылі Востраўскае пагадненне, паводле якога Вітаўту перадавалася ўлада ў Вялікім Княстве Літоўскім.
У 1506 годзе адбылася бітва пад Клецкам, у якой Міхал Глінскі на чале войска ВКЛ разбіў войска крымскага хана.
У 1772 годзе Расія, Прусія і Аўстра-Венгрыя падпісалі ў Санкт-Пецярбургу дакумент, які замацаваў першы падзел Рэчы Паспалітай.
Хто нарадзіўся 5 жніўня
1461 год: Аляксандар Ягелончык, вялікі князь літоўскі і кароль польскі.
1924 год: Аркадзь Жураўскі, беларускі мовазнавец.
1947 год: Віталь Скалабан, беларускі гісторык, літаратуразнавец.
1958 год: Уладзімір Макей, беларускі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, былы міністр замежных спраў Беларусі.
Таксама ў гэты дзень нарадзіліся французскі гуманіст Жазеф Скалігер, нарвежскі матэматык Нільс Абель, рускі мастак Ілья Рэпін і амерыканскі астранаўт Ніл Армстранг.
5 жніўня ў народным календары
У гэты дзень успамінаюць апосталаў Пуда і Трафіма. Яны былі з ліку 70-ці апосталаў, якіх Хрыстос паслаў перад сабой з Евангельскім благавешчаннем, і прынялі пакутніцкую смерць у Рыме адначасова са святымі апосталамі Паўлам і Арыстархам.
Іх у народзе называлі "бяссоннікі", бо трэба было шмат працаваць. Казалі: "Добраму гаспадару й дзень малы здаецца", "Трэба жыць – не драмаць", "Доўга спаць – дабра не відаць".
5 жніўня заканчвалі ўбіраць зімовае жыта. Таксама ў гэты дзень спраўлялі "каліннікі-маліннікі" – пачынаўся збор саспелых ягад каліны і маліны. У ягад каліны спецыфічны, гаркаваты смак, таму казалі: "З малінніка лыкі не вялікія, ды ягады салодкія; а з калінніка лыка надзярэш, ды ягад у рот не возьмеш".
Назіраючы за прыродай і надвор`ем 5 жніўня, даведваліся пра тое, калі прыйдзе восень: калі лісце на кустах ужо пажоўкла, яна будзе ранняя, а калі грыміць навальніца – доўгая і цёплая.
Sputnik, 6 жніўня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/20/74872
Текущая дата: 15.11.2024