Белорусский портал в Казахстане

У Парыжы адкрыюцца летнія Паралімпійскія гульні, на іх выступяць восем беларускіх спартсменаў



У Парыжы 28 жніўня адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця XVII летніх Паралімпійскіх гульняў, у якіх у якасці нейтральных атлетаў прымуць удзел восем беларусаў.

Як расказаў генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта Беларусі Мікалай Шудзейка, усе беларускія спартсмены паспяхова прайшлі акрэдытацыю і настройваюцца паказаць свае лепшыя вынікі на галоўных стартах сезона. У спаборніцтвах па плаванні ў Парыжы выступяць 16-разовы чэмпіён Паралімпіяд Ігар Бокій, а таксама Дзмітрый Салей, Максім Вашкевіч, Ягор Шчалканаў, Настасся Зудзілава і адзіны дэбютант спаборніцтваў такога ўзроўню Яўген Кавалёнак. У турніры па лёгкай атлетыцы за ўзнагароды паспрачаюцца Лізавета Дабравольская (кіданне кап`я) і Уладзіслаў Грыб (кіданне булавы).

Беларускія паралімпійцы самастойнай камандай дэбютавалі на зімовых Гульнях у нарвежскім Лілехамеры ў 1994 годзе, а праз два гады прадстаўнікі летніх відаў спорту стартавалі на Паралімпіядзе ў амерыканскай Атланце. Лепшага медальнага выніку на летніх Паралімпійскіх гульнях беларусы дасягнулі ў Афінах-2004, калі было заваявана 29 узнагарод (10 залатых, 12 срэбных, 7 бронзавых). На папярэдніх Гульнях у Токіа ў зборнай Беларусі было 7 медалёў (5, 1, 1).

Спаборніцтвы Паралімпіяды-2024 у Парыжы пройдуць на тых жа арэнах, што і нядаўнія Алімпійскія гульні. Больш за 4 тыс. паралімпійцаў з 182 краін разыграюць 549 камплектаў узнагарод у 22 відах спорту. Гульні завершацца 8 верасня.

28 жніўня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/30/75046
Текущая дата: 26.12.2024