На велатрэку «Лакасфінкс» у Санкт-Пецярбургу завяршыўся чэмпіянат і адкрыты Кубак Расіі па веласіпедным спорце на трэку з удзелам беларускіх спартсменаў.
Прадстаўнікі нашай каманды на галоўным старце расійскага сезона здабылі два залатыя, адзін срэбны і два бронзавыя медалі. У заключны дзень турніру адбыліся спаборніцтвы ў мэдысане-парнай гонцы на цягавітасць. Срэбра ў жаночым заліку заваявалі нашы Анастасія Кіпцікава і Караліна Бірук, якія саступілі толькі прадстаўніцам Санкт-Пецярбурга. У мужчынскім мэдысане беларусы Раман Цішкоў і Раман Раманаў занялі шостае месца, а Яўген Каралёк і Дзяніс Мазур сталі восьмымі.
Напярэдадні вікторыю на адкрытым Кубку Расіі ў кейрыне атрымаў Арцём Зайцаў, які такім чынам стаў двухразовым пераможцам турніру — раней беларус заваяваў золата ў спрынце. У кейрыне ў жанчын Варвара Басякова выйграла бронзу, медаль гэтай жа вартасці ў спрынце атрымаў Аляксандр Глова. Па выніках омніума нікому з нашых гоншчыкаў не ўдалося заехаць на п’едэстал: у мужчын лепшы з беларусаў Каралёк размясціўся шостым, у дзяўчат Кіпцікава была сёмай.
Акрамя таго, у суботу ў Санкт-Пецярбургу адбыліся рэгіянальныя спаборніцтвы ў гіце з месца на 1000 м, поспех сярод жанчын святкавала Варвара Басякова, а яе сяброўка па камандзе Аліна Кароткіна паказала чацвёрты вынік.
Звязда, 10 жніўня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/31/74923
Текущая дата: 26.12.2024