Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пракаментаваў нядопуск беларускіх парламентарыяў на сесію ПА АБСЕ ў Румыніі.
У Бухарэсце 29 чэрвеня пачнецца 31-я сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Аднак Румынія адмовіла прадаставіць права ўезду для беларускіх парламентарыяў. Такім чынам румынскія ўлады наўмысна сарвалі ўдзел дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі ў штогадовай сесіі ПА АБСЕ.
"Дзеянні Бухарэста вядуць да яшчэ большага раз`яднання ва ўмовах і так сур`ёзнай эскалацыі ваенна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне АБСЕ. Але на глыбокі жаль, такія неправамерныя крокі з боку групы заходніх краін ужо сталі пэўнай сістэмай", - адзначыў Анатоль Глаз.
У МЗС растлумачылі, што дзяржава - удзельніца АБСЕ, якая прымае на сябе адказнасць правесці штогадовую сесію ПА АБСЕ, абавязана захоўваць прынцып адкрытасці мерапрыемстваў. Гэта замацавана нават у асобнай рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі 2016 года "Бесперашкодны доступ членаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якія ўдзельнічаюць у любых афіцыйных мерапрыемствах АБСЕ і ў іншай парламенцкай дзейнасці". Яна дэкларуе неабходнасць садзейнічання паўнацэннаму інклюзіўнаму міжпарламенцкаму дыялогу.
"Таму прысутнасць на асамблеі - законнае права нашых парламентарыяў. Але група краін наўмысна прымае рашэнне, накіраванае на падрыў асноў функцыянавання арганізацыі, на ўсвядомленую дэградацыю самой ідэі стварэння АБСЕ. Гэтыя краіны паказваюць нам, што не маюць намеру выконваць ніякія правілы, якія ствараюць ім нават мінімальны дыскамфорт", - падкрэсліў прэс-сакратар.
Паводле яго слоў, такія ўчынкі нівеліруюць ролю Парламенцкай асамблеі як ключавога форуму АБСЕ для міжпарламенцкага ўзаемадзеяння і вядуць да недзеяздольнасці механізмаў АБСЕ.
"У гэтай сітуацыі цалкам апраўдана заява нашых парламентарыяў аб адмове прызнаваць рашэнні гэтай сесіі", - рэзюмаваў Анатоль Глаз.
29 чэрвеня 2024, Мінск
БЕЛТА
29 чэрвеня 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/38/74578
Текущая дата: 25.12.2024