У міжнародным аэрапорце Дубая некалькі рэйсаў былі затрыманы і адменены з-за праліўных дажджоў, якія абрынуліся на ААЭ і суправаджаліся навальніцай і моцным ветрам. Экстранныя службы перакрылі некалькі дарог у Абу-Дабі, Дубаі, Шарджы і Рас-эль-Хайме, якія аказаліся затопленымі.
Адзначаецца, што рэдкі для засушлівага рэгіёну дождж пачаўся ў ноч на 16 красавіка і, паводле ацэнкі Нацыянальнага метэаралагічнага цэнтра ААЭ, працягнецца да 17 красавіка. За мінулую ноч у Дубаі выпала больш за 30 мм ападкаў. Па прагнозах метэаролагаў, да канца дня гэтае значэнне перавысіць 150 мм. У горадзе аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Улады краіны заклікалі жыхароў заставацца дома. Дзяржаўныя ўстановы, а таксама многія прадпрыемствы прыватнага сектара пераведзены на дыстанцыйны рэжым працы. Пакуль не зменяцца ўмовы надвор’я, заняткі ў школах і ўніверсітэтах будуць праходзіць выдалена.
У выніку моцнага ліўня падтоплены аўтамагістралі і вуліцы, якія размяшчаюцца ў нізінах. На некаторых з іх можна ўбачыць пашкоджаныя аўтамабілі. Мясцовыя ўлады абмежавалі рух грамадскага транспарта, метро працуе з перабоямі. Паліцыя Дубая заклікала кіроўцаў адмовіцца ад паездак на аўтамабілі падчас непагадзі.
На многіх вуліцах горада стаяць аўтацыстэрны, у якія камунальныя службы адпампоўваюць ваду, якая сабралася на дарогах. Паколькі ў краіне засушлівы клімат, дарожная інфраструктура не прыстасавана для моцных ападкаў. З-за адсутнасці дрэнажнай сістэмы падчас моцных дажджоў вада запасіцца на дарогах і падтапляе будынкі.
Найбуйнейшыя эмірацкія авіякампаніі Emirates і Etihad Airways папярэдзілі аб магчымых зменах у раскладзе, а таксама рэкамендавалі пасажырам прыбываць у аэрапорты вылету загадзя. Лаўкостэр Flydubai, які базуецца ў Дубаі, паведаміў аб адмене некалькіх рэйсаў, запланаваных на 16 і 17 красавіка.
Звязда, 16 красавіка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/41/73704
Текущая дата: 16.11.2024