Белорусский портал в Казахстане

Беларусы заваявалі сем медалёў у другі дзень Вялікай маскоўскай рэгаты



На вяслярным канале ў Маскве прадаўжаюцца Міжнародныя спаборніцтвы па акадэмічным веславанні "63-я Вялікая маскоўская рэгата".

У другі дзень спаборніцтваў адбыўся 21 фінал у розных відах праграмы. Беларускія весляры падымаліся на подыум па выніках шасці вырашальных заездаў, усяго ў актыве нашай каманды 7 узнагарод, сярод якіх пяць залатых. У спаборніцтвах сярод моладзі перамогу ў мужчынскай адзіночцы атрымаў Раман Шабацька, а ў двойцы двухлопасцевай мацнейшымі сталі Яўген Літкоўскі і Аляксандр Яскель.

У юніёрскім заліку лепшыя рэзультаты ў адзіночках у хлопцаў і дзяўчат паказалі Максім Грыбоўскі і Таццяна Пратасевіч адпаведна.

У заездзе двоек двухлопасцевых сярод юніёраў першымі фінішавалі Мікіта Ярашук і Уладзімір Булаўскі, а Ілья Канавалік і Георгій Макалатыя занялі трэцяе месца. У аналагічным відзе праграмы ў юніёрак срэбра ўзялі Эліна Казлоўская і Ульяна Багрова.

Вялікая маскоўская рэгата - буйнейшыя міжнародныя спаборніцтвы па акадэмічным веславанні на тэрыторыі Расіі. У бягучым годзе ўдзел у заездах прымаюць больш за 1300 спартсменаў з сямі краін: Беларусі, Расіі, Кубы, Сербіі, Пакістана, Узбекістана і Казахстана. Турнір у Маскве завершыцца 2 чэрвеня.

31 траўня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/42/74332
Текущая дата: 26.12.2024