У тайландскім Пхукеце прадаўжаецца Кубак свету па цяжкай атлетыцы, які з`яўляецца заключным кваліфікацыйным стартам на летнія Алімпійскія гульні 2024 года.
Першы медаль Кубка свету і другую ліцэнзію на Гульні ў Парыж нашай камандзе прынёс Яўген Ціханцоў, які выступае ў вагавой катэгорыі да 102 кг. Перад стартам турніру ў Тайландзе наш штангіст займаў 5-е месца сусветнага рэйтынгу з лепшым рэзультатам адборачнага цыкла 398 кг. Сёння беларус палепшыў гэты паказчык: у рыўку Ціханцоў падняў 183 кг, а ў штуршку зафіксаваў вагу 217 кг. Падагульняючая сума Яўгена склала роўна 400 кг, што прынесла яму бронзавы медаль у дваябор`і і падняло на трэцюю пазіцыю сусветнага табеля.
Ціханцоў, які з`яўляецца чэмпіёнам свету і двухразовым чэмпіёнам Еўропы, ужо мае практыку удзелу на галоўным старце чатырохгоддзя: у 2021 годзе беларус выступаў у Токіа. Пуцёўкі на парыжскую Алімпіяду атрымалі 10 мацнейшых спартсменаў у гэтай вагавой катэгорыі. Пераможцам Кубка свету стаў кітаец Лі Хуанхуа (413 кг), срэбра заваяваў армянін Гарык Карапецян (401 кг). Таксама сёння на тайскі памост выходзіў наш Сяргей Шаранкоў, з рэзультатам 382 кг ён заняў дзясятае месца.
Напярэдадні ўладальніцай алімпійскай ліцэнзіі ў катэгорыі да 71 кг у жанчын стала беларуска Сюзана Валадзько, якая кваліфікавалася на Гульні-2024 з дзявятага радка рэйтынгу. Добры шанц на пуцёўку ў Парыж захоўвае Эдуард Зязюлін, на гэты момант наш штангіст мае сёмы паказчык у свеце ў вазе звыш 109 кг. За медалі Кубка свету Зязюлін пазмагаецца 11 красавіка. Усяго турнір у Пхукеце сабраў больш за 450 атлетаў са 109 краін.
8 красавіка 2024, Мінск
БЕЛТА
8 красавіка 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/43/73606
Текущая дата: 16.11.2024