У Беларусі і Расіі 2 красавіка штогод на дзяржаўным узроўні адзначаюць Дзень яднання народаў.
2 красавіка 1996 года быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі, у адпаведнасці з якім было вырашана стварыць палітычна і эканамічна інтэграванае супольніцтва ў мэтах аб`яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялу дзвюх дзяржаў. Падпісалі дакумент у Маскве Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын. Праз год, 2 красавіка 1997 года, у Маскве прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. З таго часу 2 красавіка адзначаецца як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.
23 мая 1997 года адбылося падпісанне Статута Саюза Беларусі і Расіі, у адпаведнасці з якім былі ўтвораны Вышэйшы савет і Выканаўчы камітэт Саюза Беларусі і Расіі. У 1997-1998 гадах адбылося фарміраванне выканаўчых органаў Саюза, агульнага бюджэту, была ажыццёўлена распрацоўка і рэалізацыя першых саюзных праграм. Утвораны Пагранічны і Мытны камітэты, Камітэт па пытаннях бяспекі.
8 снежня 1999 года ў Маскве адбылося падпісанне Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы (СД), была прынята Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі яго палажэнняў. 26 студзеня 2000 года, пасля ратыфікацыі Дагавора парламентамі дзвюх краін, ён уступіў у сілу.
Цяпер у адпаведнасці з Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы сфарміраваны і функцыянуюць Вышэйшы дзяржаўны савет, Савет Міністраў і Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Функцыі парламента Саюзнай дзяржавы выконвае Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі. Вышэйшым органам Саюзнай дзяржавы з`яўляецца Вышэйшы дзяржаўны савет (ВДС). У яго склад уваходзяць кіраўнікі дзяржаў, кіраўнікі ўрадаў, кіраўнікі палат парламентаў дзяржаў-удзельніц. ВДС вырашае важнейшыя пытанні развіцця Саюзнай дзяржавы, утварае органы кіравання, зацвярджае бюджэт і міжнародныя дагаворы, выконвае іншыя функцыі.
Асноўнымі мэтамі стварэння Саюза было імкненне павысіць узровень жыцця народаў, умацаваць адносіны братэрства, дружбы і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых галінах. Адным з асноўных і найбольш паспяховых напрамкаў дзейнасці Саюзнай дзяржавы з`яўляецца правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі Беларусі і Расіі. Рэспубліка Беларусь - самы паслядоўны і надзейны знешнепалітычны саюзнік Расійскай Федэрацыі. У сваю чаргу Расійская Федэрацыя нязменна падтрымлівае на ўсіх узроўнях і ва ўсіх міжнародных арганізацыях і паслядоўна абараняе незалежную ўнутры- і знешнепалітычную пазіцыю Рэспублікі Беларусь.
Прынцыповым момантам у супрацоўніцтве дзвюх краін з`яўляецца забеспячэнне сацыяльнай роўнасці грамадзян дзвюх краін. Прававой асновай для забеспячэння рэальнай роўнасці правоў грамадзян Беларусі і Расіі з`яўляецца Дагавор аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года.
Адным з важнейшых напрамкаў правядзення ўзгодненай сацыяльнай палітыкі з`яўляецца фарміраванне агульнага рынку працы Саюзнай дзяржавы. Грамадзяне Расіі і Беларусі маюць роўныя правы ў аплаце працы, рэжыме рабочага часу і часе адпачынку, ахове і ўмовах працы. Забяспечваецца ўзаемнае прызнанне працоўнага стажу, уключаючы стаж работы па спецыяльнасці. У час стварэння адзінай міграцыйнай прасторы адменены дазвольны парадак найму на работу.
29 сакавіка 2007 года ўступіў у сілу Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння. Прадметам прававога рэгулявання дагавора з`яўляюцца адносіны, звязаныя з пенсійным забеспячэннем і назначэннем працоўных пенсій па старасці (узросце), інваліднасці, з выпадку страты карміцеля, сацыяльных пенсій, выплатай узносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, прадастаўленнем дапамог па часовай непрацаздольнасці і мацярынстве, па беспрацоўі, на пахаванне, сямейных дапамог, кампенсаваннем шкоды ў сувязі з няшчасным выпадкам на вытворчасці або прафесійным захворваннем у выпадку перасялення грамадзян Рэспублікі Беларусь і грамадзян Расійскай Федэрацыі ў межах Саюзнай дзяржавы.
У Саюзнай дзяржаве напрацавана нарматыўная база ў галіне адукацыі, якая забяспечвае грамадзянам роўныя правы на атрыманне адукацыі на тэрыторыі дзвюх краін. Паміж Беларуссю і Расіяй дзейнічае міжурадавае пагадненне аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі, вучоных ступенях і званнях.
6 сакавіка 2008 года ўступіла ў сілу Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб парадку аказання медыцынскай дапамогі грамадзянам Рэспублікі Беларусь ва ўстановах аховы здароўя Расійскай Федэрацыі і грамадзянам Расійскай Федэрацыі ва ўстановах аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Пагадненнем замацоўваюцца роўныя правы грамадзян на атрыманне медыцынскай дапамогі, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя, для грамадзян абедзвюх дзяржаў, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі бакоў, а таксама Героям Савецкага Саюза і кавалерам ордэнаў Славы трох ступеней.
У Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі рэалізуецца і плануецца мноства сумесных беларуска-расійскіх праграм і даследаванняў у прамысловасці, будаўніцтве, навуцы, асваенні космасу, энергетыцы, інфармацыйных тэхналогіях, адукацыі, культуры.
Палітыка Саюзнай дзяржавы ў сферы культуры накіравана на захаванне агульных гістарычных каштоўнасцей, развіццё творчай актыўнасці і культурнага супрацоўніцтва народаў Беларусі і Расіі. Ужо сталі традыцыйнымі праводзімыя ў рамках Саюзнай дзяржавы сумесныя фестывалі, сустрэчы дзеячаў мастацтваў, культурныя абмены і гастролі творчых калектываў, сумесная вытворчасць кінафільмаў, правядзенне выставак, ахова гістарычных і культурных помнікаў, іх рэстаўрацыя. За творы літаратуры і мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі - удзельніцамі Саюзнай дзяржавы, аўтарамі якіх з`яўляюцца грамадзяне дзяржаў - удзельніц Саюзнай дзяржавы, прысуджаецца прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.
Традыцыйна Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі шырока адзначаецца ў дзвюх краінах. У Палацы Рэспублікі ў Мінску 2 красавіка адбудзецца урачысты сход і святочны канцэрт, прысвечаныя Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Акрамя таго, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа 2 красавіка пройдзе літаратурна-музычны вечар "Шыр бязмежная на ўсход" да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, 225-годдзя Аляксандра Пушкіна і 210-годдзя Міхаіла Лермантава. На сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра адбудуцца гастролі Смаленскага камернага тэатра, у гэты дзень запланаваны паказ спектакля "Жаніцьба Бальзамінава".
2 красавіка 2024, Мінск
БЕЛТА
2 красавіка 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/46/73423
Текущая дата: 16.11.2024