У сталіцы Румыніі Бухарэсце прадаўжаецца чэмпіянат Еўропы па барацьбе, удзел у якім у нейтральным статусе прымаюць беларускія спартсмены.
Вячэрняя праграма чацвярга на ЧЕ поўнасцю была прысвечана розыгрышу ўзнагарод у жаночай барацьбе, з беларускай каманды да гэтай медальнай схваткі напярэдадні дайшла толькі Алеся Гетманава. У вазе да 59 кг наша спартсменка стартавала з перамогі над Эдай Тэкін з Турцыі, але ў чвэрцьфінале ўступіла ўкраінцы Аліне Філіповіч. Тым не менш дзякуючы далейшаму выхаду саперніцы ў фінал Гетманава непасрэдна прайшла ў паядынак за трэцяе месца.
У медальнай спрэчцы беларусцы павінна была процістаяць Настасся Нічыта, але малдаванка атрымала траўму ў час схватак і з паядынку знялася. Такім чынам, Гетманава стала ўладальніцай бронзы чэмпіянату Еўропы, таксама ў сваёй кар`еры Алеся станавілася чэмпіёнкай свету сярод юніёраў і пераможцай II Гульняў краін СНД.
Пасля чатырох дзён спаборніцтваў у Румыніі ў актыве нашай каманды ўжо тры медалі: раней бронзавымі прызёрамі ў грэка-рымлян сталі Кірыл Маскевіч і Абубакар Хаслаханаў. Сёння на кантынентальным форуме ў Бухарэсце за ўзнагароды будуць змагацца адразу чатыры прадстаўніцы Беларусі. Ванэса Каладзінская ў вазе да 53 кг і Ірына Курачкіна ў катэгорыі да 57 кг пазмагаюцца за золата, а Вераніка Іванова (да 62 кг) і Вікторыя Радзькова (да 72 кг) паспрачаюцца за бронзу. Таксама 16 лютага на турніры стартуюць барцы вольнага стылю.
16 лютага 2024, Мінск
БЕЛТА
16 лютага 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/62/72698
Текущая дата: 16.11.2024