Белорусский портал в Казахстане

Дэзынтэграцыя постсавецкай прасторы - адна з асноўных задач разведсупольнасці НАТА і іх саюзнікаў



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у 19-м пасяджэнні Нарады кіраўнікоў органаў бяспекі і разведвальных службаў дзяржаў - удзельніц СНД.

"Свет паглыбляецца ў хаос з непрадказальнымі наступствамі. Намацаць нават кволую раўнавагу пакуль не ўдаецца. Упэўнены, вы гэта ведаеце не горш за мяне. Разбурана сістэма проціваг, збалансаваная раней узаемадапаўняльнымі дагаворамі, у тым ліку ў сферы ядзернага стрымлівання. Абсалютна падтрымліваю пункт гледжання першага Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, які нядаўна сказаў, што як ніколі свет блізкі да ядзернай вайны. Каму-каму, а яму трэба паверыць. У такіх умовах узрастае роля спецслужбаў, найважнейшая задача якіх - забеспячэнне абароны сваіх дзяржаў і грамадзян ад унутраных і знешніх пагроз", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што словы аб узрастанні ролі - гэта не банальная і дзяжурная фраза. "Справа ў тым, што дзярждэпартаменты і міністэрствы замежных спраў апошнім часам крыху развучыліся ўстанаўліваць кантакты. А галоўнае - падтрымліваць нават у самых складаных абставінах. Спецслужбы ўмеюць гэта рабіць. Ад вас патрабуецца вельмі жорсткае напружанне, каб не страціць гэту нітку, гэту сувязь. Парвецца яна паміж вамі - не будзе з кім размаўляць і не будзе каму", - сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што асаблівае значэнне набывае эфектыўнасць дзейнасці знешняй разведкі па здабыванні дакладнай, актуальнай і перш за ўсё прагнознай інфармацыі, якая дае магчымасць кіраўнікам краін прымаць вывераныя рашэнні ў інтарэсах сваіх народаў.

"Галоўнае тут - апярэдзіць нашых апанентаў, не дапусціць рэалізацыі тых сцэнарыяў, якія спрабуюць нам навязаць. Як мне дакладваюць (можа, у вас іншая інфармацыя), адна з асноўных задач разведсупольнасці НАТА і іх саюзнікаў - дэзынтэграцыя постсавецкай прасторы. Яны хочуць спачатку забіць клін у нашы з вамі шматвяковыя добрасуседскія адносіны, а затым нацкаваць адзін на аднаго. Мы гэта праходзілі", - заявіў беларускі лідар.

"Упэўнены, калі не будзе магчымасці зняць трубку і набраць па тэлефоне кожнаму з вас для вырашэння канкрэтнага пытання, гэта таксама абернецца трагедыяй. Гэтага дапусціць нельга. Таму я заклікаю вас, каб вы ні ў якім разе не разрывалі свае адносіны, нават калі нехта з нашых дзяржаў будзе прытрымлівацца іншага пункту гледжання ў палітыцы, якую тая ці іншая дзяржава сёння ажыццяўляе. Галоўнае - не спяшацца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама бачыць сур`ёзныя пагрозы, якія сфарміраваліся ў інфармацыйнай сферы. "Сёння на перадавой нашы журналісты, ідэолагі. Яны вядуць гэту інфармацыйную вайну. Вельмі важна, каб не дапусцілі перарастання гэтай інфармацыйнай вайны ў гарачую вайну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што апаненты спрабуюць аказваць дэструктыўнае ўздзеянне на насельніцтва, учыніць кібератакі на крытычную інфраструктуру дзяржаўных органаў, распаўсюджваюць фэйкі, укіды.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў не дапускаць бойкі ў агульным доме на прасторы Садружнасці: "Мы страцілі сваю дзяржаву, якая садзейнічала ўтрыманню шматпалярнага свету. Не такія мы сёння моцныя, як раней. Таму нам процістаяць гэтым схваткам у раёне Ціхага акіяна, Індыйскага, Атлантыкі вельмі складана. Проста вам гавару: нам трэба гэта перажыць. Мы ж не хочам ваяваць. Наваяваліся, хопіць".

Галоўнай задачай Прэзідэнт бачыць цяпер утрыманне эканомікі. "Калі не будзе ўнутраных прычын, ніхто да нас не палезе. А ўнутраныя прычыны - гэта эканоміка", - заўважыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў недапушчальнасць разрыву сувязей, як гэта ў свой час адбылося з Украінай. Аляксандр Лукашэнка ў якасці прыкладу нагадаў, што на працягу шэрага гадоў заклікаў былых прэзідэнтаў Украіны не спяшацца выходзіць з СНД. Аналагічна пытанне ставілася і ў размовах з экс-прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі. "Выйсці проста. Увайсці складаней. У палітыцы вельмі важна ўмець чакаць і не спяшацца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: толькі аб`яднаўшы намаганні можна процістаяць пералічаным пагрозам. "Характар даверных адносін паміж намі вызначаецца агульнай гісторыяй, эканамічным, навуковым, адукацыйным патэнцыялам, які дастаўся ад некалі адзінай краіны, міжчалавечымі кантактамі. Вось гэта наша эканамічная прастора", - адзначыў ён.


Паводле слоў Прэзідэнта, супрацоўніцтва органаў бяспекі з`яўляецца пляцоўкай, якая дае магчымасць лепш разумець інтарэсы адзін аднаго, улічваць іх і прымаць канкрэтныя меры па дээскалацыі абстаноўкі. "Дзе неабходна - трэба падказаць адзін аднаму, дапамагчы. Гэта вельмі важна. Мы будзем дзейнічаць толькі так", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

14 снежня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/80/71787
Текущая дата: 17.11.2024