Белорусский портал в Казахстане

У Ваўкавыскім раёне праходзяць маштабныя вучэнні па грамадзянскай абароне



Адпрацоўваецца ўзаемадзеянне розных службаў, арганізацый і ведамстваў пры ўзнікненні НС рознага характару.

На тэрыторыі Ваўкавыскага раёна 25—27 лютага праходзяць комплексныя вучэнні па арганізацыі абароны насельніцтва ад надзвычайных сітуацый. 

Як паведамляе Гродзенскае абласное ўпраўленне па надзвычайных сітуацыях, падчас вучэнняў будзе правераны стан дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі НС і сістэмы грамадзянскай абароны, наяўнасць планаў асноўных мерапрыемстваў па арганізацыі функцыянавання ГСНС і ГА, абароны насельніцтва і тэрыторый ад НС, папярэджанні і ліквідацыі НС, грамадзянскай абароны, паўната і якасць іх распрацоўкі, прымянення, своечасовасць карэкціроўкі. Таксама будзе праверана працаздольнасць сістэмы кіравання, сувязі і апавяшчэння, гатоўнасць фарміраванняў да выканання задач, іх аснашчанасць і ўкамплектаванасць. 

Плануецца адпрацоўка шэрагу ўводных: 

Пасля шквалістага ветру і выпадзення мокрага снегу на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна зарэгістраваны абрывы ліній электраперадачы. У выніку парушэння электразабеспячэння выйшла са строю падстанцыя, з-за чаго адключаны ад электраэнергіі шэраг прадпрыемстваў і жылы сектар. Пашкоджаны дахі жылых дамоў, павалена 20 га лесу. У сувязі з моцным раставаннем снегу падтопліваюцца жылыя дамы ў гарадскім пасёлку Краснасельскі і вёсцы Волпа. У выніку пад`ёму ўзроўню ракі Рось стварылася пагроза падтаплення прыватных домаўладанняў у іншых населеных пунктах. 

У выніку ўжывання мяса хворай жывёліны (дзіка) з падазрэннем на трыхінелёз да медыкаў звярнуліся 15 чалавек. 

У кацельні здарылася аварыя са спыненнем цыркуляцыі цепланосьбіта ў дзіцячы дом, спецшколу і шматкватэрныя жылыя дамы. Неабходна разгортванне пункта часовага размяшчэння насельніцтва (100 чалавек) у адпаведнасці з рашэннем райвыканкама на базе аб`ектаў грамадскага прызначэння.

З-за аварыі ў вытворчым памяшканні на тэрыторыі ААТ "Ваўкавыскі мясакамбінат" адбылася ўцечка аміяку. Сем работнікаў атруціліся. 

У РАУС паступіла паведамленне аб мініраванні будынка. 

Выбух бытавога газу ў жылым доме прывёў да частковага абрушэння апорных канструкцый. Пад заваламі знаходзяцца пацярпелыя. 

На прампрадпрыемстве адбыўся падпал вытворчага памяшкання з наступнымі разбурэннямі будаўнічых канструкцый, пацярпелі пяць чалавек. 

У пункце прыёму перакуліўся кантэйнер з адходамі, якія ўтрымлівалі ртуць, разлілася вадкая ртуць у памяшканні. 

У сувязі з дэфармаваннем чыгуначнага палатна здарылася сутыкненне двух цягнікоў. У выніку разліліся гаруча-змазачныя матэрыялы. Пацярпелі 15 чалавек. 

У працэсе тушэння пажару пацярпелі пяць работнікаў МНС. 

Асабовы склад грамадзянскіх фарміраванняў, які бярэ ўдзел у ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый, не атрымліваў гарачую ежу на працягу 42 гадзін. 

Усе гэтыя сітуацыі давядзецца вырашаць агульнымі намаганнямі кіруючага складу службаў ГА раёна, арганізацый, тэрытарыяльных грамадзянскіх фарміраванняў ГА і аб`ектавых грамадзянскіх фарміраванняў ГА. 

Па выніках рэалізацыі кожнага этапу вучэнняў будзе дадзена ацэнка дзеянням кіраўніцтва і непасрэдным удзельнікам.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 25 лютага 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/816/29800
Текущая дата: 20.11.2024