Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка 2—3 сакавіка наведае з візітам Расію для ўдзелу ў пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) Саюзнай дзяржавы



Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

На пасяджэнні плануецца разгледзець ключавыя пытанні далейшага функцыянавання Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, у тым ліку фарміраванне саюзнага бюджэту і правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі. Плануецца таксама абмеркаваць актуальныя пытанні двухбаковых адносін. 

Прэс-служба Крамля, у сваю чаргу, паведамляе, што перад пачаткам пасяджэння ВДС адбудзецца "асобная размова кіраўнікоў дзяржаў". 

Нагадаем, першапачаткова пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета планавалася ў снежні 2014 года, але было перанесена. 24 лютага Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам заявіў: "Па сканчэнні часу я станоўча ацэньваю той факт, што мы ўсё ж перанеслі пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. У нас было і цяпер ёсць больш вольнага часу, каб падрыхтаваць парадак дня і вярнуцца да абмеркавання вельмі вострых і важных пытанняў, якія нам трэба сёння вырашаць у эканоміцы, палітыцы, дыпламатыі разам з Расіяй". 

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 26 лютага 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/816/29825
Текущая дата: 20.11.2024