Белорусский портал в Казахстане

Каманда Беларусі перамагла ў эстафеце дзяўчат на ЮЧС па біятлоне ў "Раўбічах"



Каманда Беларусі без штрафных кругоў з сямю дадатковымі патронамі атрымала перамогу ў эстафетнай гонцы дзяўчат (да 19 гадоў) 3х6 км, якая сёння адбылася на чэмпіянаце свету-2015 па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў у спартыўным комплексе "Раўбічы".

За каманду Беларусі выступалі Дзінара Алімбекава, Ганна Сола і Дар`я Блашко. Гаспадыні трасы сталі лепшымі з рэзультатам 51 мін 50,2 сек. У каманднай скарбонцы беларускай зборнай гэта ўжо другі медаль вышэйшай вартасці. Раней званне чэмпіёнкі ў спрынце дзяўчат на 6 км заваявала Дар`я Блашко.

Другое месца ў сённяшняй эстафеце занялі расіянкі Лізавета Капліна, Наталля Ушкіна і Хрысціна Разцова (+14 сек; 1 штрафны круг, 9 дадатковых патронаў). Трэцімі фінішавалі нарвежкі Крысцін Ваагаа Флотум, Элін Гру, Інгрыд Ландмарк Тандрэвалд (+1 мін 03,5 сек; 0+4). А ўсяго на дыстанцыі спаборнічалі 14 дружын.

У стане пераможцаў на першым этапе Дзінара Алімбекава адразу ўзяла высокі тэмп, і прыйшла на першы агнявы рубеж лідарам. Пазбегнуць штрафных кругоў беларускай спартсменцы дапамаглі два дадатковыя патроны. Алімбекава прадаўжала заставацца ў тройцы лепшых з невялікім адставаннем ад першай спартсменкі. На другім рубяжы прадстаўніца Беларусі асноўнай абоймай закрыла ўсе мішэні. Ударна адпрацаваўшы заключны адрэзак дыстанцыі, яна перадала эстафету сяброўцы па камандзе Ганне Сола трэцяй. Пройгрыш беларусак камандзе-лідару - зборнай Славеніі - складаў на той момант крыху больш як 10 сек.

Перад сваёй першай стральбой Сола была трэцяй, а пайшла на дыстанцыю ў гордай адзіноце. Саперніцы са Славеніі і Расіі, якія былі наперадзе, стралялі горш. Бліжэйшую канкурэнтку беларуска стала апярэджваць амаль на 25 сек. У далейшым Ганна Сола павялічыла перавагу, аднак крыху страціла яе на другім агнявым рубяжы, дзе ёй спатрэбіліся два рэзервовыя патроны. На выхадзе з яго Сола 26 сек выйгравала ў расіянкі Наталлі Ушкінай, якая ішла за ёй. Пры перадачы эстафеты беларуска апярэдзіла тую на 24,1 сек.

Фінішарам зборнай Беларусі была Дар`я Блашко. Тым часам расійская каманда, за якую бегла Хрысціна Разцова, за кароткі час на трэць скараціла адставанне ад беларусак, якія лідзіравалі. З-за замінкі Разцовай у першым стралковым практыкаванні расіянкі ў далейшым сталі прайграваць больш як паўмінуты. Дар`я Блашко, якая хутка і дакладна адстралялася на першым рубяжы, здавалася, ужо без асаблівага напружання дабяжыць і прынясе камандзе вікторыю. Крыху панервавацца балельшчыкаў біятланістка прымусіла, калі вяла агонь на "стойцы". Два заключныя выстралы пайшлі міма цэлі, але рэзервовымі патронамі яна выправіла сітуацыю. Нягледзячы на страчаны час, Блашко адправілася да фінішу лідарам. Вядомая ж сваімі скораснымі якасцямі расіянка Хрысціна Разцова не змагла ўмяшацца ў барацьбу за залатую ўзнагароду.

У мінулыя гады на 13 чэмпіянатах свету біятланістаў малодшых узростаў дзявочыя зборныя Беларусі двойчы траплялі ў лік прызёраў. У 2009 годзе каманда была сярэбраным прызёрам, а ў 2010-м - бронзавым. "Залаты" поспех прыйшоў да беларусак упершыню.

Наступным відам спаборніцкай праграмы гэтага чэмпіянату сёння будзе эстафета юнакоў (да 19 гадоў) 3х7,5 км, у старт-лісце якой 16 дружын. Беларускае трыа адправіцца на дыстанцыю пад 14-м нумарам. За каманду выступяць Павел Паплаўскі, Ігар Карпюк і Раман Шынкевіч. Пачатак гонкі намечаны на 13.30.

23 лютага 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/817/29773
Текущая дата: 20.11.2024