Прэсавы сакратар МЗС Украіны Яўген Перабійніс заявіў, што дата сустрэчы кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны пакуль не вызначаная, паводле яго, невядома, ці возьмуць у ёй удзел прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».
«Мы чакаем пацьверджаньня ад прадстаўнікоў „ДНР-ЛНР“ аб іх гатоўнасьці ўзяць удзел у пасяджэньні», — сказаў Перабійніс на брыфінгу ў сераду.
Пры гэтым ён не назваў дату сустрэчы, сказаўшы толькі, што ўкраінскі бок спадзяецца на тое, што гэта адбудзецца як мага хутчэй — «да канца гэтага тыдня». Што тычыцца месца сустрэчы, то, па словах прэсавага сакратара МЗС Украіны, разглядаецца «традыцыйна Менск», а таксама рэжым відэаканфэрэнцыі.
Паводле сталага прадстаўніка так званай Данецкай Народнай Рэспублікі на перамовах Дзяніса Пушыліна, сустрэча можа адбыцца 16 студзеня. «Мы атрымалі ліст ад АБСЭ з адпаведнай прапановай» — заявіў ён Данецкаму агенцтву навінаў, якое цытуе ТАСС. Па словах Пушыліна, «ДНР» гатовая прыняць удзел у сустрэчы.
Сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне праходзяць у фармаце «Расея-Ўкраіна-АБСЭ». Менскі фармат перамоваў прадугледжвае ўдзел ня толькі пасла РФ ва Ўкраіне Міхаіла Зурабава, экс-прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы і спэцпасланьніка АБСЭ Хайдзі Тальявіні, але таксама прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай рэспублік.
Апошняя сустрэча ў Менску ў гэтым фармаце адбылася 24 сьнежня. Паведамлялася, што была дасягнутая дамоўленасьць наконт абмену палоннымі. На сярэдзіну студзеня ў казахстанскай сталіцы Астане рыхтавалася сустрэча па Ўкраіне ў «нармандзскім фармаце», ў складзе прэзыдэнтаў Расеі, Францыі і Ўкраіны і канцлера Нямеччыны. Аднак пасьля перамоваў 12 студзеня ў Бэрліне міністраў замежных справаў чатырох краінаў сустрэча ў вярхах у Астане была адкрадзеная ці скасаваная з прычыны няўзгодненасьці пазыцыяў бакоў.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/831/29014
Текущая дата: 20.11.2024