Белорусский портал в Казахстане

У Армэніі тысячы чалавек патрабавалі выдаць расейскага вайскоўца



Валерый Пермякоў, які служыў на разьмешчанай у армянскім горадзе Гюмры (Армэнія) 102-й расейскай ваеннай базе, прызнаўся ў забойстве шасьці членаў адной сям’і.

Удзельнікі маршу дайшлі да 102-й расейскай вайсковай базы ў Гюмры, дзе патрабавалі выдаць расейскага вайскоўца Валерыя Пермякова армянскім праваахоўнікам. Яго падазраюць у забойстве шасьці чальцоў сям’і Авецісян і нанясеньні цяжкіх раненьняў шасьцімесячнаму дзіцяці.

Паводле расейскага агенцтва «Інтэрфакс», у акцыі ўдзельнічалі каля 2 тысяч чалавек. Ля 102-й расейскай вайсковай базы ў Гюмры паміж пратэстоўцамі і праваахоўнікамі адбылася бойка.

Сёньня сканчаецца тэрмін абраньня меры стрыманьня ў дачыненьні да Пермякова.

Гюмрыйскія адвакаты адмовіліся абараняць інтарэсы Пермякова. У Палаце адвакатаў Армэніі таксама паведамілі, што да іх не зьвярталіся за прадстаўленьнем Пермякову адваката.

Сытуацыя вакол вайсковай базы працяглы час заставалася напружанай, на тэрыторыі знаходзілася вялікая колькасьць паліцэйскіх.

Пракурор Шырацкай вобласьці Раф Асланян, які прыйшоў на сустрэчу з удзельнікамі акцыі пратэсту, пасьля тэлефоннай размовы з генпракурорам Армэніі са спасылкаю на апошняга паведаміў, што ў дадзены момант у Ерэване праходзяць нарады адносна далейшага лёсу расейскага вайскоўца Валерыя Пермякова, якія будуць працягнутыя і заўтра.

«Абмеркаваньні пройдуць сёньня вечарам і працягнуцца заўтра раніцай у 10:00. Па завяршэньні пракуратура выступіць з заявай», — паведаміў Асланян.

Пратэстоўцы далі пракуратуры 22 гадзіны, паабяцаўшы па заканчэньні гэтага тэрміну зноў сабрацца і ў залежнасьці ад адказу пракуратуры вызначыць свае далейшыя крокі.

Сёньня ўдзень жыхары Гюмры аўтамаршам пратэсту накіраваліся да будынку консульства Расеі, дзе запатрабавалі выдачы Пермякова і перадачы расьсьледаваньня гэтай справы Армэніі.

Забойства адбылося ў панядзелак 12 студзеня у адным з дамоў у Гюмры ў Армэніі, а ў ноч на аўторак Пермякова затрымалі армянскія памежнікі непадалёк ад мяжы з Турцыяй. Трагедыя выклікала ў Армэніі шок і новыя пытаньні адносна умоў знаходжаньня расейскіх вайскоўцаў у гэтай краіне.

Пермякоў, якога пасьля затрыманьня перадалі камандаваньню ваеннай базы, расказаў, што ўцёк з часткі. Паводле Пермякова, у дом сям’і Авецісян ён прабраўся, таму што яму захацелася піць. Там салдат спачатку застрэліў 51-гадовую гаспадыню дома, якая знайшла яго, а затым расстраляў сямейнікаў, якія спалі (справа адбывалася пад раніцу). Нібыта ён баяўся, што яго знойдуць, і пра яго уцёкі стане вядома камандаваньню. СМІ паведамляюць, што двухгадовая ўнучка гаспадароў была забітая штык-нажом. Выжыў толькі самы малодшы член сям’і — сямімесячны Сярожа Авецісян. Ён знаходзіцца ў рэанімацыі з нажавымі ранамі, стан хлопчыка ацэньваецца як цяжкі.

102-я расейская ваенная база знаходзіцца ў Гюмры зь сярэдзіны 1990-х гадоў у адпаведнасьці з дамовай паміж Армэніяй і Расеяй. На ёй, у прыватнасьці, ёсьць зэнітна-ракетныя комплексы С-300В, вялікая колькасьць танкаў, бронетэхнікі і артылерыі. База ўключана ў аб’яднаную сыстэму супрацьпаветранай абароны краін, якія ўваходзяць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Служаць у Гюмры каля 5 тысяч расійскіх вайскоўцаў.

Паводле дамовы паміж Расеяй і Армэніяй, падоўжанай у 2010 годзе, 102-я расейская база павінна заставацца ў гэтай краіне прынамсі да 2044 году.

Радыё Свабода
Менск, 14 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/831/29034
Текущая дата: 20.11.2024