У працы кангрэса бяруць удзел больш за сто вядучых спецыялістаў галіны з Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін.
Таксама ўдзельнічаюць у тым ліку беларускія савецкія касманаўты, двойчы Герой Савецкага Саюза, генерал-палкоўнік авіяцыі Пётр Клімук і двойчы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Кавалёнак, які ўзначальвае Федэрацыю касманаўтыкі Расіі, расійскі касманаўт беларускага паходжання Алег Навіцкі. Планавалася, што на форуме будзе прысутнічаць першая ў свеце жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова, аднак з-за сваіх дэпутацкіх абавязкаў яна не змагла прыехаць у Мінск.
"Для нас гэты кангрэс — сапраўды вялікае свята, якое з`яўляецца ўжо не толькі нацыянальным здабыткам Беларусі, але ўсяго вялікага былога Савецкага Саюза, — сказаў журналістам кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Пётр Віцязь. — Наша задача — пагаварыць пра тыя пытанні, якія мы рэалізуем на Зямлі з пункту гледжання касмічных праграм, даследаванняў у гэтай сферы сумесна са спецыялістамі Расіі, Украіны, іншых краін. Найперш гэта задачы, звязаныя з дыстанцыйным зандаваннем Зямлі, яго арыентацыяй на патрэбы розных галін народнай гаспадаркі Саюзнай дзяржавы. Беларусь распрацоўвае новую нацыянальную касмічную праграму на найбліжэйшыя пяць гадоў, дзе плануецца стварэнне новай апаратуры і новых матэрыялаў, тэхналогій, запуск спадарожніка сувязі".
Касманаўт Пётр Клімук падзяліўся сваімі ўражаннямі: "Мы толькі што паглядзелі апаратуру, распрацаваную ў Беларусі, яна — адна з самых дасканалых. У 1975 годзе мы лёталі ў космас разам з Віталем Севасцьянавым, і Інстытут фізікі вырабляў для палёту прыборы, пры дапамозе якіх мы атрымалі неверагодную колькасць інфармацыі. А цяпер зроблены новыя крокі ў развіцці — у Беларусі выпускаецца выдатная оптыка, выконваецца дыстанцыйнае зандаванне, рыхтуецца да запуску спадарожнік сувязі. Гэта значыць Беларусь стала касмічнай дзяржавай!"
Кангрэс будзе працаваць да 30 кастрычніка. На працягу трох дзён удзельнікі заслухаюць прыкладна 150 дакладаў. Мэта форуму заключаецца ва ўмацаванні ўзаемнага супрацоўніцтва розных дзяржаў у галіне касмічных даследаванняў і выкарыстання космасу ў мірных мэтах, сумесных касмічных праграм і праектаў. Акрамя таго, касмічны кангрэс дапаможа развіць партнёрства паміж урадавымі і грамадскімі арганізацыямі, прадпрыемствамі ў плане выкарыстання касмічных сродкаў і тэхналогій у інтарэсах галін эканомікі.
БелаПАН, 28 кастрычніка 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/848/27885
Текущая дата: 20.11.2024