Міністэрства абароны Германіі мае намер адправіць ва Ўкраіну нямецкіх салдат у дапамогу назіральнікам АБСЭ, якія сочаць за захаваньнем рэжыму спыненьня агню ў Данбасе.
Як паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе Германіі, колькасьць вайскоўцаў, якіх адправяць на ўсход Украіны, яшчэ не вядомая.
Выданьне Bild паведамляе, што бундэсвэр накіруе 150 салдат для маніторынгу сытуацыі ў зоне баявых дзеяньняў і яшчэ 50 для аховы супрацоўнікаў АБСЭ.
У верасьні на саміце НАТО ў Уэльсе прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель дамовіліся пра дапамогу АБСЭ ў маніторынгу перамір’я ў Данбасе. Пазьней назіральнікі дзьвюх краін прыйшлі да высновы, што сачыць за выкананьнем рэжыму спыненьня агню можна з дапамогай бесьпілётнікаў, але толькі ў тым выпадку, калі неабходны для іх працы пэрсанал будзе знаходзіцца пад узброенай аховай.
Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка на брыфінгу 4 кастрычніка заявіў, што дамоўленасьцяў пра ўдзел у місіі АБСЭ нямецкіх ваенных няма. Паводле Лысенкі, з самага пачатку перамоў аб місіі АБСЭ ў Данбасе было вызначана, што назіральнікі будуць знаходзіцца там бяз зброі і аўтаномна.
Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін паведаміў у Твітэры, што 5 кастрычніка прадстаўнікі місіі АБСЭ ў Данбасе атрымаюць два бесьпілётнікі.
Прыбыцьцё ва Ўкраіну першых бесьпілётнікаў для АБСЭ было анансавана прэзыдэнтам Украіны падчас яго прэс-канфэрэнцыі, паведамляе УНІАН.
Радыё Свабода, 4 кастрычніка 2014
Радыё Свабода, 4 кастрычніка 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/852/27685
Текущая дата: 19.11.2024