Рыхтуецца чарговы раўнд перамоў у Мінску кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, дакладная дата іх пачатку пакуль не прызначана, паведаміў 27 верасня кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі Ігар Платніцкі.
У чацвер, 25 верасня, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заяўляў, што чарговыя кансультацыі кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе могуць прайсці на наступным тыдні. Паводле яго слоў, кансультацыі могуць адбыцца ў рэжыме відэаканферэнцыі.
"Рыхтуецца чарговы раўнд перамоў, дата яшчэ не ўстаноўлена, таму што шмат пытанняў, якія мы да канца не абмяркоўвалі, бакі не неслі юрыдычнай адказнасці за гэта", — цытуе Платніцкага РИА Новости.
Тым часам першы віцэ-прэм`ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін у пятніцу, 26 верасня, заяўляў, што ў ДНР не бачаць сэнсу ў новай сустрэчы ў Мінску, пакуль не будуць выкананы раней дасягнутыя дамоўленасці. Ён адзначаў, што тэхнічныя моманты можна абмяркоўваць і ў рэжыме Skype-канферэнцый.
У Мінску 5 верасня прадстаўнікі трохбаковай кантактнай групы (Украіна — РФ — АБСЕ) і самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік падпісалі пратакол мірнага ўрэгулявання аб спыненні агню, абмене палоннымі, адводзе цяжкай тэхнікі і стварэнні зон бяспекі пад кантролем назіральнікаў АБСЕ.
У ноч з 19 на 20 верасня пасля шасцігадзінных перамоў у Мінску ўдзельнікамі кантактнай групы быў падпісаны мемарандум. Ключавыя пункты плана — неадкладнае спыненне агню, стварэнне 30-кіламетровай буфернай зоны, дзе будзе адсутнічаць цяжкае ўзбраенне, абмен палоннымі. Бакі перыядычна абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэнні рэжыму спынення агню.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 27 верасня 2014
Мінск, 27 верасня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/0-1/853/27604
Текущая дата: 19.11.2024